Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныКультура и история75 лет Великой ПобедыЛюди нашей МостовщиныИстория одной фотографии

Вайна жаночымі вачамі

Вайна жаночымі вачамі05 марта 2020 — 11:03

    Вайна…  Гэта слова пакінула глыбокі адбітак у сэрцах беларусаў, таму што нельга знайсці такую сям’ю, якую мінула б гэтае ліха.

   Я хачу расказаць, які след пакінула вайна ў нашай сям’і, а дакладней кажучы, у сям’і маёй мамы Насалевіч Веры Канстанцінаўны. Яе бацькі, Канстанцін Рыгоравіч і Ганна Паўлаўна, сустрэлі вайну з чатырма малымі дзяцьмі на руках. Старэйшай дачцэ Шуры было адзінаццаць гадоў, а малодшай Ганне  не споўнілася і двух гадоў. У 1942 годзе ў сям’і з’явілася чацвёртая  дзяўчынка Зіна.

    Сям’я на той час  лічылася заможнай: мела немалы надзел зямлі, добрую гаспадарку. У гэтай жа вёсцы жылі тры матуліны дзядзькі. Жылі вельмі дружна, заўжды дапамагалі адзін аднаму.

   Мама ўспамінае, што яе малую радзіму, Дзятлаўшчыну, называлі партызанскім краем. Куды ні кінь вокам, стаялі непраходныя лясы і балоты.   І сама вёска Зачэпічы, у якой жыла мая матуля, знаходзілася пасярод лесу. У гады вайны лес  станавіўся паратункам ад ворага, а ў пасляваенныя гады  ён карміў і саграваў сям’ю.

    З асаблівым жахам мама апісвае першую сустрэчу з вайной, калі ад варожых снарадаў дрыжалі зямля і хата, выпадала аконнае шкло. У такія хвіліны мая бабуля Ганна Паўлаўна заганяла дзяцей пад печак і загадвала затуляць вушы далонямі, а сама лажылася побач і прытуляла да сябе малую Анюту, якая моцна плакала і зусім не разумела, навошта іх трымаюць у гэтай цемры. Нават з затуленымі вушамі было чуваць, як па хаце, быццам гарох, разлятаюцца ў розныя бакі гільзы ад куль.

   Мама ўспамінае, як аднойчы прыйшоў іх бацька і сказаў, што ім прыйдзецца тыдзень пажыць у цёткі Пелагеі, бацькавай сястры, якая жыла ў суседняй вёсцы Куляшы. Стала вядома, што немцы рыхтуюць расправу над сем’ямі партызан. А так,  як старэйшы бацькаў брат  Васіль быў у партызанах, то бацька вельмі баяўся за жыццё сваіх блізкіх. Гэтая інфармацыя  пазней не падцвердзілася, і праз тры дні сям’я вярнулася ў сваю хату.

   Але самая страшная бяда чакала сям’ю наперадзе. Сям’я засталася без свайго кармільца, загінуў бацька. На сваёй павозцы ён адправіўся да партызан, вёз ім прадукты і цёплую вопратку. А калі  вяртаўся дамоў, каля вёскі Гедзгалы яго напаткала варожая куля.

    На шчасце ці на бяду, праз тры месяцы пасля смерці бацькі ў сям’і  з’явілася яшчэ адна дзяўчынка. Яе назвалі Зінай. Не  ведаю, як бы выжыла сям’я, калі б на дапамогу не прыйшлі блізкія. Дапамагалі ўсім, чым маглі.

    Не менш цяжкімі аказаліся і пасляваенныя гады. Ад цяжкай хваробы і голаду памёр сярэдні брат мамы, захварэла і злягла маці. Уся праца па хаце і па гаспадарцы лягла на плечы старэйшай сястры Шуры. Яна ў свае чатырнаццаць гадоў стала сапраўднай гаспадыняй: даглядала і дзяцей, і маці, і гаспадарку,  і за плугам хадзіла. Мама называе сваю старэйшую сястру другой матуляй.

    І цяпер, калі мы пачынаем крыўдзіцца маме на жыццё, яна заўсёды адказвае: ”Ах, дзеткі, мілыя вы мае, не грашыце перад Богам”. На вачах у яе з’яўляюцца слёзы, і яна пачынае сваё сумнае апавяданне пра цяжкія ваенныя гады.

Святлана Хурса ,
 

чытачка газеты            


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио