Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныСоциумВ трудовом коллективеГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья Шевчик

Творчыя “эксперыменты” для чытачоў ад работнікаў Мастоўскай раённай бібліятэкі

Творчыя “эксперыменты” для чытачоў ад работнікаў Мастоўскай раённай бібліятэкі15 сентября 2019 — 08:08

Сучасны чытач не толькі вельмі пераборлівы, але і дастаткова развіты. Таму бібліятэкарам даводзіцца “спакушаць” сваіх наведвальнікаў незвычайнымі формамі работы, часам зусім не спецыфічнымі для сховішча кніг і думак. Аб тым, ці ўдаліся творчыя “эксперыменты” і якія з іх трапілі ў катэгорыю найбольш яркіх і запамінальных, наша размова з дырэктарам Мастоўскай раённай бібліятэкі Таццянай Стэльмах.

Кнігі будуюць МАСТЫ

Зараз без удзелу работнікаў бібліятэк не абыходзіцца ніводнае свята і мерапрыемства. Яны ладзяць выставы кніг, разгортваюць гульнёвыя пляцоўкі і арганізоўваюць бібліяфэсты. І ўсё дзеля таго, каб больш актыўна прапагандаваць і выхоўваць любоў да кнігі.

– Сярод сучасных інавацыйных масавых мерапрыемстваў мы паспяхова асвоілі такія, як бібліяноч, бібліякараван, фотакрос, флэшмоб, бібліяфэст, палявая чытальная зала, квест-гульня, – пералічвае Таццяна Іосіфаўна. – Сёння нават кніжная выстава – гэта не проста банальная паліца з кнігамі, тут можна знайсці фактаграфічны матэрыял, фотаздымкі і нават унікальныя экспанаты.

У пачатку верасня Мастоўская раённая бібліятэка прыняла ўдзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства ў Слоніме, дзе арганізавала пляцоўку “Кнігі будуюць МАСТЫ”.

Гасцям II абласнога кніжнага фестывалю “Кніга і час”, які праходзіў у Свіслачы, мастоўскія бібліятэкары прапанавалі пляцоўку “Масты над слаўнаю ракою”, дзе была прадстаўлена літаратура і фактаграфічны матэрыял з фондаў бібліятэкі аб мінулым і сучасным Мастоўшчыны, яе пяці мастах і візітнай картцы – падвясным мосце.

Свята горада Масты запомніўся мастаўчанам бібліяфэстам “Горад мары, любові, надзеі”. Бібліятэчная пляцоўка працавала і на гарадскім арт-пікніку “На хвалях Нёмана”, дзе самым маленькім удзельнікам была прапанавана гульня “Буль-буль карасікі”, а для людзей больш сталага ўзросту – презентацыя тэматычнай экспазіцыі “Масты над слаўнаю ракою”.

Яркія і незабыўныя эмоцыі жыхарам і гасцям нашага райцэнтра падараваў “Літаратурны палявы прывал”, што ладзіўся ў Дзень Незалежнасці. Вялікай папулярнасцю карыстаўся галоўны атрыбут пляцоўкі – бібліобус, стылізаваны пад ваенны аўтамабіль, дзе ўсе жадаючыя мелі магчымасць паўдзельнічаць у мабільнай онлайн-віктарыне “Я ведаю! Я ганаруся!”, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

А ў Дзень Перамогі, 9 Мая, удзельнікамі займальнай квэст-гульні “Перамога будзе за намі” сталі юныя мастаўчане, праявіўшы пры гэтым свае веды, эрудыцыю, кемлівасць і спрыт. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў “Палявой чытальнай залы” выклікалі буклеты пра ветэранаў-землякоў, падрыхтаваныя супрацоўнікамі бібліятэк раёна на аснове ўспамінаў родных і блізкіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

 

Брэнд-book і бібліядворык

У рамках Года малой радзімы бібліятэкамі раёна рэалізуецца праект “Тут мы жывём і край нам гэты дарагі”. Мае поспех сярод сталых жыхароў Мастоўшчыны бібліятэчная праграма “Узрост жыццю не перашкода”.

– Сумеснымі намаганнямі бібліятэкараў і клубных работнікаў здзейсніў пяць выездаў у сельскія населеныя пункты раёна перасовачны экспрэс-маршрут бібліобуса “Нам 75!” да юбілею Гродзенскай вобласці, – адзначае Таццяна Іосіфаўна. – Акрамя таго, у пачатку жніўня была праведзена акцыя “Кніга спяшаецца на дапамогу”: бібліятэка на колах адправілася ў аддаленыя вёскі, каб прапанаваць пажылым вяскоўцам і грамадзянам з фізічнымі абмежаваннямі мастацкую літаратуру, часопісы і газеты.

Цікавыя прэзентацыі выданняў, якія з’яўляюцца брэндавымі менавіта для дадзенай мясцовасці, ладзяцца ў рамках раённай кніжнай эстафеты “Брэнд- book”. Так, Лунненская сельская бібліятэка прэзентавала кнігу “Героі Гродзенскай вобласці”, дзе маецца матэрыял пра воінаў, што ўдастоіліся звання Героя Савецкага Саюза за фарсіраванне ракі Нёман ля вёскі Лунна. Зборнік вершаў “Мама, матуля, маці” быў выбраны ў якасці брэндавай кнігі Мікелеўшчынскай бібліятэкі. І гэта нездарма: у мясцовай школе ўжо амаль дзесяць гадоў дзейнічае музей Маці.

А ўдзельнікі брэндавых мерапрыемстваў у аграгарадках раёна ўжо прызвычаіліся да гульнёвых пляцовак “Бібліядворык”, дзе можна праявіць кемлівасць у настольных гульнях, пазмагацца ў аэрахакей і настольны футбол, прыняць удзел у майстар-класе па вырабу кветак з паветраных шароў.

 

Час свята ладзіць

Ужо на працягу васемнаццаці гадоў 15 верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк – прафесійнае свята бібліятэкараў.

– Работнікі нашых бібліятэк – гэта выдатныя спецыялісты, творчыя, адданыя сваёй справе прафесіяналы, якія ведаюць кожнага чытача і яго літаратурныя запатрабаванні, прыкладаюць максімум намаганняў, каб іх задаволіць, каб у сценах бібліятэк заўсёды было шматлюдна і цікава, – падкрэслівае Таццяна Стэльмах. – Хочацца пажадаць нашым наведвальнікам новых цікавых сустрэч з добрай кнігай, а калегам – новых знаходак і крэатыўных ідэй, іх паспяховай рэалізацыі, удзячных і актыўных чытачоў.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио