Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураНаука и образованиеНаука и образование

Сэрцам дакрануцца да прыгажосці

Сэрцам дакрануцца да прыгажосці27 октября 2017 — 11:10

 

У Мастоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі існуе этнаграфічны пакой “Спадчына Мастоўшчыны”, які дае магчымасць пашырыць веды наведвальнікаў аб родным краі, засвоіць культурныя традыцыі свайго народа. Тут вучні далучаюцца да багацця нацыянальнай культуры , спасцігаюць і асэнсоўваюць свае карані. У этнаграфічным пакоі шмат рэчаў, зробленых умелымі рукамі жанчын –майстрых Мастоўшчыны.


На сустрэчу з выхаванцамі аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра творчасці, іх матулямі і бабулямі ў адзін з кастрычніцкіх дзён была запрошана вядомая рукадзельніца Марыя Максімаўна Бражук, якая сваімі залатымі рукамі стварае сапраўды цудоўныя рэчы. Цяплом і ўтульнасцю агарнула душу выстаўка творчасці. Гэта і вышываныя накідкі на падушкі, і навалачкі, і тонкія далікатныя карункі, і прыгожае адзенне, і дзіцячыя цацкі. Усё зроблена з густам, адмыслова. А вышыты ўручную і падараваны нашаму музею дыван – з першага позірку здзіўляе ўсіх наведвальнікаў. Сакавітыя, яркія фарбы – вачэй не адвесці! Кветкі, вышытыя на яе ручніках, здаецца, толькі сабраны з мясцовых кветнікаў. Так умела з натхненнем і любоўю перадае майстрыха прыгажосць і непаўторнасць роднай зямлі. Ад яе мы даведаліся, што на вышыванне дывана для дачкі ў пасаг ёй спатрэбілася аж тры гады. Спакваля, кожны дзень клала яна крыжык за крыжыкам, вымалёўваючы кіпень квецені.


Але з цягам часу зрок пачаў падаць, і жанчына перастала вышываць. Ужо многія гады яна з’яўляецца членам Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Але свае творчыя планы не пакідае. Цяпер яна шмат вяжа, бо лічыць, што “тут бачыць асабліва не патрэбна, рукі самі сваю справу ведаюць”.


Гледзячы сёння на выстаўку работ М.М. Бражук, неўзабаве прыходзіш да высновы: “Я ўсё змагу пераадолець…”. І гэта не проста вобразныя словы. Стварыць святочны настрой, захапіць, уразіць, натхніць – усё гэта пад сілу Марыі Максімаўне. У яе адрас не раз гучалі падзякі за шматгадовую працу і асабісты ўклад у развіццё культуры Мастоўшчыны, за актыўны ўдзел у выставачнай і фестывальнай дзейнасці, папулярызацыю культурнай спадчыны і адданасць любімай справе. Мае Марыя Максімаўна ўзнагароды і ад дзяржаўнай установы “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. Была яна нават пераможцам рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва інвалідаў па зроку ў 2011 годзе, прысвечанага XVIII з’езду ГА “БелТІЗ”, за высокамастацкі ўзровень аўтарскай работы.Свой талент і ўменне яна перадала дачцэ Іне, якая таксама прыгожа вяжа і вышывае. Сакрэтамі свайго майстэрства дзялілася яна з дзецьмі на занятках гуртка “Умелыя рукі” ў сярэдняй школе №3
г. Масты. Цяпер Марыя Максімаўна на заслужаным адпачынку.


І сёння, сэрцам дакрануўшыся да гэтай прыгажосці, разумееш, што дзякуючы такім вось апантаным жанчынам не прападуць сакрэты беларускага народнага мастацтва, не згасне прыгажосць нашай самабытнай культуры, тых лепшых нацыянальных традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і радуюць вока кожнага з нас. Гэта наша спадчына, якую трэба ведаць, берагчы і захоўваць. Няхай нашы дзеці на жывых прыкладах ганарацца сваімі продкамі і старанна
захоўваюць усё лепшае, што мае наш народ у сваёй скарбніцы.

Л. Альшэўская,
кіраўнік музея “Гісторыя пазашкольнай
установы Мастоўшчыны”,
член прэзідыума савета ветэранаў Мастоўскага раёна

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио