Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМестное управление и самоуправлениеСоциумОбщественная жизньГод исторической памятиГод исторической памятиБлоги наших журналистовНаталья ШевчикЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Сакрэтам даўгалецця падзялілася жыхарка Мастоўскага раёна, 95-гадовая Яўгенія Сцяпанаўна Кучэўская

Сакрэтам даўгалецця падзялілася жыхарка Мастоўскага раёна, 95-гадовая Яўгенія Сцяпанаўна Кучэўская20 марта 2019 — 14:46

Сакавіцкае сонейка гулліва блукае ў верхавінах дрэў, усё настойлівей заглядвае ў вокны дамоў і рассыпаецца вяснушкамі на тварах дзетвары. Менавіта ў гэтую пару 95 гадоў таму ў вёсцы Вайнілавічы нарадзілася дзяўчынка, якую бацькі нараклі Жэнькай, Яўгеніяй.

Праўда, лёс ёй выпаў складаны – у гады фашысцкай акупацыі яна разам з іншымі юнакамі і дзяўчатамі была вывезена на прымусовыя работы ў Германію.

– Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне споўнілася 17 гадоў. Праз некаторы час нас адправілі ў Германію. Я працавала на нямецкага гаспадара, даглядала і даіла кароў, працавала на агародзе, выконвала іншую работу па гаспадарцы. Цяжка было, тужліва, што далёка ад родных мясцін, - успамінае Яўгенія Сцяпанаўна, быццам гэта было не семдзесят з лішкам гадоў таму, а пазалетась. – Тры гады мы знаходзіліся ў Германіі, а вызвалілі нас 1 мая 1945 года – гэтую дату я запомніла добра.

Потым быў доўгі шлях дамоў, у мілую сэрцу вёску і радасць сустрэчы з роднымі, блізкімі і сябрамі. А яшчэ праз некаторы час дзяўчына выйшла замуж за Міхаіла Кучэўскага, што родам з вёскі Пацавічы.

– Жылі мы з мужам добра, у ладзе ды згодзе. Але вельмі рана ён пайшоў з жыцця, пакінуў мяне з дзецьмі адну. А пяцёра іх было ў нас, – у роспачы распавядае наша суразмоўца. – Таму працаваць трэба было шмат, каб падняць іх на ногі.

Многія гады Яўгенія Сцяпанаўна была даяркай у мясцовай гаспадарцы “Прагрэс”, а пасля яшчэ і ў паляводстве шчыравала. Успамінае, што на ферму хадзілі ўсёй грамадой – дзеці таксама аказвалі пасільную дапамогу маці ды і самі тым часам прывучаліся да працы.

Такой – працавітай, стараннай, прыветлівай і памяркоўнай  - ведаюць Яўгенію Сцяпанаўну Кучэўскую яе аднавяскоўцы, у сельсавеце і гаспадарцы. Мудрую навуку жыцця ад бабулі Жэні прагна спасцігаюць яе шасцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Дарэчы, усе яны 20 сакавіка – ці то самі, ці то па тэлефоне – павіншавалі юбілярку са святам.

Прыемным сюрпрызам для імянінніцы стаў і візіт шматлікіх гасцей. Сярод тых, хто наведаў яе ў доме сына Мікалая Міхайлавіча ў аграгарадку Вялікая Рагозніца, – намеснік дырэктара КСУП “Імя Адама Міцкевіча” Раман Рублік, старшыня прафкама гаспадаркі Таццяна Крэўская, кіраўнік справамі Пескаўскага сельскага Савета Алена Ухналевіч, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Сераброўская і спецыяліст па сацыяльнай рабоце ЦСАН Алена Дзеранчук.

Безліч шчырых слоў віншаванняў і пажаданняў прагучала для Яўгеніі Сцяпанаўны, што былі падмацаваны падарункамі, віншавальнымі паштоўкамі і кветкамі:

 – Ад усяго сэрца віншуем Вас з юбілеем, 95-годдзем. Не кожнаму выпадае сустрэць такую значную дату. А Вы, прайшоўшы столькі жыццёвых выпрабаванняў, працягваеце радаваць родных і нас сваім аптымізмам і прагай жыцця, верай у лепшае і ўменнем радавацца кожнаму дню. Няхай Ваш век будзе доўгім, здароўе – моцным, а старасць – спакойнай і шчаслівай. Зараз надзейнай апорай для Вас з’яўляецца сям’я, унукі, праўнукі, у сэрцах якіх Вы здолелі пакінуць памятны “адбітак” і часцінку сябе.

Ад такой увагі юбілярка расчулілася да слёз, а на наша пытанне пра сакрэт даўгалецця адказала: “Трэба жыць сумленна, шмат працаваць, нікому не зайздросціць, радавацца і берагчы тое, што маеш, – вось і ўвесь сакрэт”. Не дадаць, як кажуць, не адняць...

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио