Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиГод исторической памятиГод исторической памятиКультура

Параненая памяць

Параненая памяць19 апреля 2019 — 09:51

Паважаныя чытачы! Сёння мы хочам Вам прапанаваць для знаёмства новую серыю кніг пра Вялікую Айчынную Вайну “Дзеці вайны” з фондаў ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”. Мы спадзяемся, што яна зацікавіць не толькі дзяцей, але і дарослых.

У серыю “Дзеці вайны” выдавецтва “Чатыры чвэрці” увайшлі празаічныя і паэтычныя творы, прысвечаныя балючай тэме вайны і яе наступстваў. Аўтары –пісьменнікі, якія падчас Вялікай Айчыннай былі яшчэ дзецьмі. Жахі ваеннага часу, радасць і гонар Перамогі яны ўспрымалі нават мацней за дарослых, і тыя ўражанні знайшлі адлюстраванне ў літаратурнай творчасці. Вершаваныя зборнікі Міколы Маляўкі, Ніны Галіноўскай, Казіміра Камейшы, Міколы Чарняўскага, пранізлівыя раманы, аповесці, апавяданні і ўспаміны Зінаіды Дудзюк, Алеся Савіцкага, Фелікса Баторына і іншых не пакінуць абыякавымі чытачоў розных пакаленняў. Для сённешніх дзяцей гэтая літаратура робіць жывымі карціны гісторыі, якую павінны ведаць і памятаць нашчадкі тых, хто падараваў свайму народу Вялікую Перамогу.

У новую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Я. Маўра, вядомай паэтэсы Ніны Галіноўскай  “Няма даравання вайне” увайшлі вершы і аўтабіяграфічная паэма “Пра дзяўчынку Галінку”, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Тыя пакуты, што напаткалі Галінку падчас вайны, аўтарка апісвае жывой беларускай мовай, ярка і запамінальна. Любіць родную Беларусь і берагчы яе гісторыю – заклікае кожная старонка кнігі.

 Асноўнае дзеянне аповесці Алены Падкацік “Кропка” адбываецца ў Мінску ў двух часавых вымярэннях – кастрычнік 2009 года і перыяд акупацыі горада падчас Вялікай Айчыннай вайны. Галоўная гераіня аповесці Людміла Стаханава прымае ўдзел у Рэспубліканскім перапісу насельніцтва 2009 года. Пры даволі дзіўных акалічнасцях яна знаёміцца ​​з Мірай Львоўнай Андрэевай – адзінокай 92-гадовай бабуляй, былой вязніцай Мінскага гета. Гэтая неспадзяваная сустрэча двух жанчын паказала, што выпадковасцяў не бывае. Кожнае наша дзеянне можа кагосьці выратаваць, а кагосьці загубіць. Яркае таму пацверджанне – неверагодныя жыццёвыя калізіі Стэлы Андрэевай і Міны Браўн, лёсы якіх цесным чынам спляліся з жыццём Людмілы Стаханавай.

Аповесць Фелікса Баторына “Чорны год” знаёміць чытача з рэальнымі падзеямі, якія адбываліся ў чэрвені – снежні 1941 года ў Беларусі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, трапіўшы ў яе бязлітасны калаўрот, героі аповесці спазналі кашмар нямецкіх бамбардзіровак і абстрэлаў, горыч і нягоды акружэння і палону. У жудасных умовах Мінскага гета яны не страцілі чалавечай годнасці і волі да барацьбы, стварылі падпольную групу супраціву і здолелі вырвацца за калючы дрот, каб у партызанскіх лясах змагацца з варожаю навалай.

Кніга Зінаіды Дудзюк “Выжыць на дарозе смерці” апавядае пра жорсткія выпрабаванні дзяцей і падлеткаў у гады акупацыі. Успаміны дзяцей-відавочцаў тых падзей яскрава паказваюць, як ім даводзілася выжываць пад дуламі аўтаматаў і жэрламі гармат, у канцэнтрацыйных лагерах і на прымусовай працы ў Германіі, галадаць і мерзнуць, але нават перажыўшы гэтыя выпрабаванні, застацца добрымі і зычлівымі людзьмі.

Кніга Наталлі Лось “Мяне завуць Ларыса” пра дзяўчынку-падлетка, мірнае дзяцінства якой перарвалася вайной. Невядомае перш пачуццё страху, голад, холад, катаванні ў гестапа, смерць родных і блізкіх людзей – так праходзіла яе цяжкае сталенне ў акупаваным пасёлку Круглае. Дзяўчынка Ларыса выжыла, стала вядомай мастачкай, шчаслівай мамай і бабуляй, але і ў мірным спакойным жыцці памяць пра выкрадзенае вайной дзяцінства не пакідае яе.

Ярашук Т.З.,

загадчыца філіяла “Мастоўская раённая дзіцячая бібліятэка”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио