Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныСоциумОбщественная жизньСоциумБелорусский союз женщин - 25 лет вместеБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Не старэюць душой ветэраны працы Гудзевіцкага сельсавета

Не старэюць душой ветэраны працы Гудзевіцкага сельсавета03 октября 2019 — 13:36

Душой ніколі не старэць! З такім дэвізам ідуць па жыцці ветэраны працы Гудзевіцкага сельсавета. З такім жа аптымістычным настроем яны сабраліся на сустрэчу, прысвечаную Дню пажылых людзей.

Першы дзень кастрычніка бягучага года надоўга застанецца ў памяці гэтых сталых, умудроных жыццём і працай людзей, былых працаўнікоў устаноў і арганізацый, што размешчаны на тэрыторыі Гудзевіцкага сельсавета. Самы малады ўдзельнік святочнай сустрэчы хутка размяняе дзевяты дзясятак, але хіба гэта паказчык узросту, калі ты адчуваеш сябе бадзёрым і поўным сіл, калі душа спявае, а ў вачах блішчаць гарэзлівыя агеньчыкі?! А як да твару прыйшліся жанчынам іх святочныя ўборы і прычоскі, а мужчынам – строгія касцюмы.

– Мы як быццам вярнуліся ў свае маладыя гады, скінуўшы цяжар пражытых гадоў і клопатаў, – дзяліліся ўражаннямі гудзевіцкія ветэраны працы. Дарэчы, па іх лёсах і працоўных біяграфіях можна было вывучаць не толькі гісторыю развіцця мясцовай гаспадаркі і ўстаноў сацыяльна-культурнай сферы, але і геаграфію населеных пунктаў сельсавета. Пілкі, Струга, Гудзевічы, Вострава, Радзявічы, Ляткі – у гэтых вёсках жывуць працавітыя і дбайныя вяскоўцы, якія многія гады свайго добрасумленнага жыцця аддалі любімай справе.

Хтосьці з запрошаных у свой час працаваў трактарыстам, хтосьці – даяркай ці паляводам, а хтосьці, як старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі і жансавета сельсавета Ірэна Адольфаўна Жукоўская – узначальвала сельвыканкам. Але і сёння, знаходзячыся на пенсіі, яны не страцілі свайго працоўнага запалу і нераўнадушша, аптымістычнага погляду на жыццё, актыўнасці і бадзёрасці духу. Гэта чыталася ў поглядах і добрых усмешках, гучала ва ўспамінах пра працоўныя будні і сумесныя святы, у словах падзякі арганізатарам за цудоўную магчымасць сустрэцца разам.

Дарэчы, скарысталіся ёю і ганаровыя госці святочнага мерапрыемства – дырэктар ЗАТ “Гудзевічы” Андрэй Санько і прадстаўнік гаспадаркі Марыя Палубятка, старшыня Гудзевіцкага сельвыканкама Кацярына Басінская і кіраўнік справамі Святлана Хомка.

– Мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву ЗАТ “Гудзевічы” і сельвыканкама за падтрымку нашых ідэй і клопатаў, – выказала падзяку ад імя ўсіх ветэранаў Ірэна Жукоўская, якой і належыць роля ідэйнага натхняльніка дадзенага мерапрыемства. – За цікавую культурна-забаўляльную праграму мы выказваем удзячнасць дырэктару Гудзевіцкага цэнтра вольнага часу і культуры Антаніне Чэрнік і яе падначаленым, а за багата накрытыя сталы – загадчыцы кафэ “Пралеска” Ганне Лісоўскай і яе камандзе. Свята пакінула добрыя ўспаміны ў нашых сэрцах, а значыць, будзем чакаць новай сустрэчы.

Трэба сказаць, што чакаць давядзецца нядоўга, бо ўжо на кастрычнік запланавана экскурсійная паездка ў Жыровіцкі манастыр, ёсць ідэі і па святкаванні Дня маці. Гэтыя прапановы ветэранаў і жансавета кіраўніцтва ЗАТ “Гудзевічы” таксама гатова прастымуляваць матэрыяльна.

Н. ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио