Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныГод исторической памятиКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Народнае гулянне “Вясёлы вазок – чатыры колы” адбылося ў аграгарадку Курылавічы

Народнае гулянне “Вясёлы вазок – чатыры колы” адбылося ў  аграгарадку Курылавічы21 июля 2020 — 12:56

Наступіў гарачы, ураджайны і спеўны ліпень. Нядзельным вечарам у чарговы раз гудзеў і разлягаўся ад спеваў аграгарадок Курылавічы. Тут ладзілася свята “Вясёлы вазок – чатыры колы”.

Ужо пачынаючы з абеду на святочны кірмаш каля Курылавіцкага цэнтра вольнага часу і культуры пачалі з’язджацца і размяшчаць свае гандлёвыя кропкі госці з Зэльвы, Гродна, Ліды і нават з Мінска. І чаго тут толькі не было, на ўсе густы, для старых і маладых: салодкая вата, разнастайная выпечка, цукеркі, свістулькі, цацкі, сувеніры з саломкі, дрэва, розныя забаўлянкі.

Загуў, завіраваў Курылавіцкі кірмаш. Загучала музыка, пайшоў вясёлы гандаль. Але самае галоўнае прадстаўленне на кірмашы пачалося, калі прыехалі на яго на вясёлым вазку з песнямі і танцамі курылавіцкія артысты: Дзед і Баба, прыгажуня Тэкля і модны Шляхцюк, вясёлая Казачка і Музыка. А сустракала ўсіх іх Гаспадыня са сваёй дачкой Паўлінкай хлебам-соллю.

Чаго толькі не прадавалі гледачам. Дасціпная гандлярка Ганна прапанавала свежыя бублікі, баранкі, булкі, пірагі. Гандлярка Мар’я – гаршкі, гліняны посуд, кубкі, міскі, лыжкі на ўсе густы “далібог прыгожыя, далібог звонкія”, як яе голас. Яны ўмудрыліся і тавар свой прадаць, і мясцовыя плёткі пераказаць пра прыгажуню Тэклю. А вось юрлівая кабетка зтаргавала за добрыя грошы моднаму Шляхцюку свайго недарэку “коніка”. Там згубіла на кірмашы Баба свайго Дзеда. Ходзіць, кліча, гукае яго на ўвесь кірмаш, аж чуваць яе ў суседніх Азёрках. І ўсё гэта пад музыку, вясёлыя песні.

Песні гучалі самыя разнастайныя: беларускія народныя “Ехаў Ясь на кані”, “А я ўсё дыўлюся”, у сучаснай апрацоўцы “Быкі”, “Мне теперь всё равно”, “Цешча”, “Не любимая”, “Не грусти, калина”, “Гармонист”. І танчаць пад іх вясёлыя, маладыя курылаўскія мужчыны ў пары са сваімі прыгожымі жонкамі. І падпяваюць артыстам сталыя жанчыны, і просяць выканаць песні “на біс”. А артысты спяваюць, стараюцца, бо толькі на кірмашы можна ўбачыць так шмат вясёлых людзей. Многа добрых уражанняў і ў дзяцей: і пазабаўляцца, і ў гульні пагуляць, і ласункаў паспытаць.

А яшчэ на кірмашы выстава дываноў і ручнікоў мясцовых майстрых. Госця з аграгарадка Дзярэчын Марына Жоглік на свята нарабіла саламяных падкоў на шчасце, конікаў, драўляных сальнічак і іншых вырабаў, якія адразу былі раскуплены ў бяспройгрышнай латарэі “Знайдзі сваю падкову шчасця”. Як сказала жыхарка Курылавіч Марына Місевіч: “Свята “Вясёлы вазок – чатыры колы” сёлета ўдалося на славу. Няхай расце, шырыцца і збірае ўсё больш і больш да сябе сяброў на наступны год”.

 

Лілія Траян,

культарганізатар філіяла

“Курылавіцкі цэнтр вольнага часу

і культуры” 

                                                                    


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио