Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныКультура и историяКультура

Гудзевіцкі музей запрасіў на летнюю школу ткацтва

Гудзевіцкі музей запрасіў на летнюю школу ткацтва08 июня 2018 — 17:06

Ужо на працягу чатырох гадоў, як толькі завяршаецца вучоба ў агульнаадукацыйных школах, у Гудзевіцкім літатурна-краязнаўчым музеі свае дзверы гасцінна адчыняе летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”.

 

Майстроў і прыхільнікаў аднаго з самых прыгожых і адначасова складаных народных рамёстваў, што прыехалі ў Гудзевічы з Гродна, Ліды і нават Брэсцкай вобласці, прывітала загадчыца сектара культуры Мастоўскага райвыканкама Анастасія Валер’еўна Палуйчык. Яна падзякавала за захаванне і папулярызацыю ткацкага майстэрства, пажадала плёну школе-майстэрні і выказала пажаданне больш актыўна далучаць да гэтай навукі падрастаючае пакаленне.

 

Дарэчы, як адзначыла майстар па ткацтву Яўгенія Валер’еўна Станіна, адна з праблем у справе захавання ткацкага майстэрства заключаецца  менавіта ў тым, што людзей, носьбітаў ткацкіх традыцый, з кожным годам становіцца ўсё менш. У гэтым сэнсе пашанцавала Лідскаму раённаму цэнтру рамёстваў і культуры, дзе справу сваёй бабулі працягвае майстар Яўген Маркевіч. Змястоўная відэапрэзентацыя аб элеменце нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння” была цікавай нават тым, хто ніколі не сядзеў за ткацкім станком. А вось на практыцы авалодаць прыёмамі гэтай тэхнікі, сакрэтамі якой падзялілася Валянціна Генрыкаўна Сільвановіч з Ліды, аказалася справай насампрэч складанай.

 

Падчас работы школы-майстэрні яе ўдзельнікі мелі магчымасць не толькі падзяліцца вопытам, але і абмеркаваць хвалюючыя моманты. Напрыклад, вырашыць праблему з набыццём абсталявання і матэрылаў для работы, як падказала Яўгенія Станіна, можна праз галерэю “Ткалля”.

Свой вопыт выкладання падвойнага ткацтва ў народнай студыі “Суквецце талентаў” прадставіла кіраўнік майстэрні “Ткацтва” Гродзенскага дзяржаўнага абсланога палаца творчасці дзяцей і моладзі Марыя Аляксандраўна Камінская. А вось майстры народных промыслаў Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Алена Мікалаеўна Цялушка і Таццяна Сцяпанаўна Зялёнка прыехалі ў Гудзевічы менавіта з мэтай навучыцца падвойнаму ткацтву.

 

-- Нашы інтарэсы супалі, -- адзначаюць майстрыхі, на хвіліну адводзячы позірк ад кроснаў.  – У Гудзевічы мы прыязджаем ужо другі раз. Гэта цудоўная магчымасць атрымаць як тэарэтычныя звесткі, так і практычныя навыкі ткацкага майстэрства, сустрэцца з аднадумцамі, адкрыць нешта новае.

Да слова, новае ўдзельнікі сёлетняй школы-майстэрні адкрылі не толькі ў ткацкіх тэхніках, але і ў народных танцах. Разам з работнікамі музея і мясцовага цэнтра вольнага часу і культуры пад гармонік яны станцавалі польку, кадрыль, кракавяк і іншыя танцы.

 

Н.ШЭЎЧЫК

 

Фота аўтара




Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий:
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио