Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

Гістарычны лёс Правых Мастоў

Гістарычны лёс Правых Мастоў14 декабря 2018 — 09:36

Ці ведаеце вы, што Правыя Масты – адзін з найстарэйшых населеных пунктаў нашай Мастоўшчыны, што ў даўнія часы праз мястэчка пралягаў Ягелонскі шлях, што тут было восем школ? Аб усім гэтым расказвае старшыня Мастоўскага сельскага Савета Л.Г.Рагацэвіч.

 

Ягелонскі шлях

- Людміла Генрыкаўна, як узнікла паселішча, як яно развівалася?

- Калісьці мяне здзівіла, што на даўніх   картах Вялікага княства Літоўскага першапачаткова знаходзіліся толькі два населеныя пункты сучаснай Мастоўшчыны –Правыя Масты, якія тады  называліся Масты, і Лунна. Абодва яны ўзніклі на берагах паўнаводнай ракі Нёман. Зносіны ў тыя часы ажыццяўляліся ў асноўным па рэках.

Пасля аб’яднання Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага ўзнікла неабходнасць стварэння шляхоў зносін паміж гарадамі і найперш паміж сталіцамі. Так з’явіўся “літоўскі каралеўскі тракт” як яго называлі ў дакументах. Дзякуючы ўрачыстаму візіту Вялікага князя Літоўскага Ягайлы з Вільні ў  тагачасную сталіцу Польшчы Кракаў, у 1386 годзе на цырымонію яго каранацыі польскім каралём, галоўную дарогу дзяржавы пачалі называць Ягелонскім шляхам. Ён праходзіў праз Ліду, Шчучын, Правыя Масты, Ваўкавыск, Каменец, Брэст. Калі памерла Барбара Радзівіл, яе муж польскі кароль і вялікі князь літоўскі Сігізмунд  Аўгуст пешшу, трымаючыся за катафалк жонкі, прайшоў увесь шлях менавіта па гэтаму тракту ад Кракава да Вільні. Абыйсці наша мястэчка ён ніяк не мог. У гэты час тракт ужо быў пашыраны, на ім быў пакладзены  брук. У мястэчку ўзніклі дзве пераправы, было некалькі пастаялых двароў, дзе падарожнікам можна было паесці, пераначаваць, а ў канюшнях непадалёку даць адпычынак коням. Ну і вядома, кожны жыхар меў лодку. Бывала, што каня не меў, а лодка была абавязкова. У адных гэта быў так званы “нёманскі чоўн”- выдаўблены са ствала дубу, у іншных – звычайная плоскадонка з дошак.

Цікава, што шлях гэты ўсе сем стагоддзяў аказаўся запатрабаваным. Выкарыстоўваецца ён і ў наш час. Зараз гэта магістраль М 6 з Мінска да Шчучына і рэспубліканская аўтадарога Р 41 са Шчучына праз Правыя Масты да Брэста. 

 

Новы статус мястэчка

- Як паўплываў на жыццё людзей каралеўскі прывілей 1601 года? 

 - Грамата на частковае магдэбурскае права адразу ж змяніла статус населенага пункта: была вёска са шматлікімі абавязкамі сялян перад баярамі, стала мястэчка, якое выбірала органы самакіравання. У адпаведнсці з каралеўскай граматай мястэчка атрымала магчымасць праводзіць штотыднёвыя базары і два кірмашы у год – у дзень святога Яна і на святую Марыю Зельную. Мясцовыя купцы набывалі вялікую колькасць тавараў і вывозілі іх па старадаўняму тракту. Але на першы план выйшаў Нёман. На судна можна было загрузіць тыя тавары, што змяшчаліся на дзесятках вазоў, і праз тыдзень даставіць іх у Крулевец ці Каунас і хутка прадаць.

Цікава, што ў тыя часы існавалі нёманскія бурлакі, якія цягнулі разгружаныя судны па рацэ з вусця  ў нізоўі, у тым ліку і да Правых Мастоў. Тут іх зноў загружалі таварамі. Я звярнула ўвагу, што ў старадаўніх дакументах часта ўказваецца вялікая колькасць магазінаў, якія былі ў мястэчку – 39, потым 51. Яны мелі тады іншае значэнне, чым зараз,  у тых “магазінах” захоўвалі збожжа і розныя тавары, якія потым прадаваліся. Будынкі гэтыя былі без акон  або з зусім маленькімі.

Яшчэ раней, у часы каралевы Боны, у самым цэнтры мястэчка быў пабудаваны драўляны касцёл Прасвятой Дзевы Марыі. Гэта быў самы старажытны касцёл на Мастоўшчыне. Ён згарэў ад пажару ў 1982 годзе. Мясцовыя жыхары ў 1993 годзе збудавалі новы, з цэглы,  назваўшы яго імем Яна Хрысціцеля.

Прыцягальнае месца для жыцця

- Раскажыце пра адметнасці аграгарадка, якія засталіся з мінулых часоў.Многае ж было знішчана…

- Правыя Масты не толькі зведалі гады ўздыму, адносна спакойнага жыцця, але і час ліхалецця. Чытаеш гістарычныя дакументы і бачыш, што тут пражывала то некалькі сотняў жыхароў, то ўсяго некалькі дзесяткаў. Такі лёс населеных пунтаў, якія знаходзяцца на вялікіх шляхах – іх не абмінала варожае войска. У час Паўночнай вайны, якую вяла Расія са Швецыяй вёска пацярпела, а яшчэ больш у Айчынную вайну 1812 года. Драўляная пераправа праз  Нёман, наведзеная адступаючымі рускімі войскамі Барклая дэ Толі,  была спалена. Французы разабралі дамы і гаспадарчыя пабудовы сялян і зрабілі новую пераправу. Яе знішчылі казакі. Агнём непрыяцеля было знішчана 35 магазінаў, 12 баркаў, гружаных пшаніцай, часткова маёнтак памешчыцы Велянінавай. Страты  склалі 40 000 рублёў асігнацыямі.

 Прайшло не адно дзесяцігоддзе пакуль вёска адбудавалася. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай яна ўжо не мела самакіравання, належала розным памешчыкам. Ёю валодалі Велянінава, Урусава і іншыя. У 1871 годзе памесце ў княгіні Урусавай купілі дваране Азнабішыны з Тамбоўскай губерні, якія і сталі апошнімі памешчыкамі у Правых Мастах. Іх прыгожы 16-пакаёвы дом у маляўнічым месцы на высокім беразе ракі Нёман стаў нашай адметнасцю. Зараз ён належыць мастоўскаму праваслаўнаму прыходу.

У гады Вялікай Ачыннай вайны вёска ў асноўным  ўцалела, але быў разбураны пралёт моста, у час баёў частка дамоў жыхароў згарэла. Шмат хто з Правых Мастоў ваяваў на фронце, у памяць аб загінуўшых устаноўлены помнік.

Адметнасцю гарадка як і будынак маёнтка Азнабішыных, з’яўляецца металічны мост праз раку Нёман, у якім зусім няма зварных дэталей. Мост зроблены метадам клёпкі, такім,  як раней будавалі караблі. Я думаю, што на Гродзеншчыне застаўся ён адзін такі, больш мне не давялося бачыць. Мост быў пабудаваны ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, і па-ранейшаму служыць людзям. Прыкладна раз у дзесяць гадоў праводзяць яго рамонт.

Хіба не адметнасць – восем  школ, якія існавалі ў мястэчку? Тут дзейнічалі земская школа (народнае вучылішча), узорная хедэра (яўрэйскае вучылішча), польская пачатковая школа,потым  правамастоўскі спецдзетдом, сямігодка, спецшкола-інтэрнат, васьмігадовая школа. Цяпер працуе Правамастоўская сярэдняя школа. Аб многіх пакаленнях настаўнікаў і вучняў расказвае цікавая экспазіцыя музея нашай школы.

Паўнацэнным жыццём жыве  цяпер наш аграгарадок, у якім налічваецца  каля двух тысяч жыхароў. Прыемна, што большасць нашых устаноў лічыцца аднымі з лепшых у раёне.

С.ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара

 

При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна.


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио