Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

Адметнасць Мікелеўшчынскай зямлі

Адметнасць Мікелеўшчынскай зямлі30 ноября 2018 — 09:14

Чаму з населеных пунктаў Мастоўшчыны вёска Мікелеўшчына найбольш пацярпела ў гады Першай сусветнай вайны, як тут узнік першы на Гродзеншчыне музей Маці, чаму ў вёсцы жыло многа ардэнаносцаў - аб усім гэтым расказвае настаўніца мясцовай школы Т. Кандратовіч.

У складзе Мастоўскага двара

- Тамара Міхайлаўна, дык колькі стагоддзяў віруе жыццё ў вёсцы над невялікай рачулкай Абрамаўшчына? Ці заможным яно было?

- Вёска Мікелеўшчына ўпершыню ўзгадваецца ў Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі, у якой даюцца інвентарныя апісанні населеных пунктаў за 1561 год. Яна тады ўваходзіла ў склад Мастоўскага двара, які размяшчаўся ў цяперашніх Правых Мастах, і мела назву "сяло Мікелевічы". У склад Мастоўскага двара ўваходзіла яшчэ 14 навакольных населеных пунктаў. На той час ў вёсцы было 36 двароў, кожны з якіх быў пасаджаны на валоку зямлі (21,36 гектара).

Ці багата жылі людзі? Не вельмі, таму што мясцовыя зямлі не надта ўрадлівыя. Мы знайшлі ў архіве інвентарнае апісанне вёскі за 1845 год. У Мікелеўшчыне тады было 80 двароў, пражывала 647 чалавек. У інвентары маецца пералік таго, колькі чаго меў кожны двор. У 49 з іх не было коней, у астатніх па адным. У асноўным было па два валы. А ў Міхаіла Пяцэвіча было 4 валы, у Івана Лебедзя - тры кані, у Міхаіла Плескача - двое коней, чатыры каровы, двое цялят, чатыры свінні. 15 двароў не мелі кароў.

У кожным двары было па пяць дзесяцін ворнай зямлі і адна дзесяціна сенакосу. Сяляне вёскі сеялі жыта, ячмень, авёс, гарох, грэчку, саджалі бульбу. З агародных культур вырошчвалі буракі, капусту, цыбулю, якія ішлі на хатнія патрэбы. Мы заўважылі, што павялічваліся плошчы пад бульбай. З агародаў яна перайшла на агульнае ворыва і набывала статус "другога хлеба". Пакуль што не ўпамінаюцца ні агуркі, ні памідоры. Яны прыходзяць на агароды вёскі толькі ў наступным стагоддзі. Калі ў каго з сялян былі лішкі прадукцыі, везлі прадаваць у Масты ці Шчучын.

Садоўніцтва было развіта слаба, як і пчалярства. Толькі ў асобных дварах вяскоўцаў меліся пладовыя дрэвы, усяго ў трох сялян былі пчолы.

Ужо ў той час сярод сялян Мікелеўшчыны меліся добрыя майстры. Яны выраблялі колы, вазы, сані, драўляны посуд не толькі для мясцовых жыхароў, але і на продаж.

Іншы раз наймаліся на сплавы, на судны з платай за шэсць месяцаў ад 12 да 15 рублёў серабром. Але наймацца можна было з дазволу эканоміі.

Прозвішчы сялян амаль два стагоддзі таму былі такія, як зараз. Найбольш распаўсюджаным было прозвішча Лойка. Яго насілі жыхары 13 двароў. У васьмі - было прозвішча Маскевіч, у шасці -  Дорань, у пяці - Балтрукевіч, Кулік, Арціш. Меліся прозвішчы Лісай, Каробка, Лучко, Халупа, Гром, Казінец, Пронскі, Бохан, Лебедзь, Лішко. Каб заахвоціць людзей да пазнання сваёй гісторыі, мы ў музеі стварылі генеалагічнае дрэва сям’і Бохан. Карані яго менавіта з тых далёкіх часоў.

Адметнай  падзеяй было будаўніцтва ў вёсцы касцёла Ушэсця Прасвятой Дзевы Марыі. Ён быў узведзены амаль два стагоддзі таму, у 1823 годзе на сродкі мясцовай памешчыцы.

Памятны верасень 1915 года

- Раскажыце пра падзеі Першай сусветнай вайны. Чаму так пацярпелі жыхары вёскі?

- Вайна пачалася першага жніўня 1914 года, але ў наш край яна прыйшла праз год. 21 жніўня 1915 года войскі рускай арміі пакідаюць Гродна. Падраздзяленні рускай арміі абіраюць рубяжом абароны мясціны паміж Мікелеўшчынай і Дашкаўцамі. Ва ўрочышчах Аселіца, Падазер’е, Ацверніца і іншых яны выкапалі акопы, траншэі, бліндажы поўнага профілю. Па зарослых фартыфікацыях можна меркаваць, што было створана некалькі рубяжоў абароны з кулямётнымі гнёздамі і артылерыяй. Захаваліся сляды земляных валоў. А дзе абарончыя ўмацаванні, там і найбольш моцныя баі. Старажылы Іван Маскевіч, Мікалай Палубятка ў свой час расказвалі, што хоць у рускага войска было больш выгаднае становішча, але немцы мелі колькасную перавагу. Напачатку ішла артылерыйская дуэль. Ад артабстрэлаў частка дамоў вёскі згарэла. Потым нямецкія салдаты пайшлі ў наступленне. Чулася заўзятая кулямётная і вінтовачная страляніна. Затым пачаліся рукапашныя баі. Пасля ўсяго гэтага ў вёсцы засталіся не спаленымі толькі тры хаты: Ігната Альховіка, Івана Палубяткі і Васіля Маскевіча. Знішчаны былі палі і агароды сялян. Не было дзе жыць, і не было што есці. Гэта самы трагічны час  у жыцці вёскі.

З 1915 года  недалёка ад вёскі ля чыгуначнага пераезда захаваліся могілкі нямецкіх салдат. На кожнай магіле ўстаноўлены памятны знак з прозвішчам воіна і званнем. Рэшткі рускіх салдатаў былі перахаваны ў адну магілу побач з вясковымі могілкамі.

Час станаўлення і развіцця

- Вёска паступова адрадзілася. Напэўна, найбольш спрыяльны час наступіў для яе пасля Вялікай Айчыннай вайны?

- Мікелеўшчына панесла страты і ў гады Другой сусветнай вайны. У Вялікую Айчынную вайну загінула 77 чалавек, з іх 38 на фронце. На ўшанаванне іх памяці ў вёсцы ў 1965 годзе быў пастаўлены абеліск. З таго часу прайшло больш як паўвека, і ён запатрабаваў абнаўлення. У Год малой радзімы новы помнік за свае сродкі ўстанавіў фермер Віктар Кандратовіч.

Пасля вайны і сапраўды пачалося бурнае развіццё вёскі, у ёй з’явіліся шматлікія ўстановы, якія задавальнялі запатрабаванні мясцовых жыхароў. У былой карчме былі адкрыты клуб і хата-чытальня. Паставілі шафы для кніг, і па вечарах моладзь збіралася на вячоркі. Ладзіліся розныя мерапрыемствы.

Невялікая пачатковая школа ў нашай вёсцы існавала і да вайны. Аднак менавіта ў пасляваенны час яна стала васьмігадовай, і быў пабудаваны для яе вялікі драўляны будынак. У 1981 годзе ўзведзены сучасны двухпавярховы будынак васьмігадовай школы. У 1984 годзе ёй быў прысвоены статус сярэдняй, а яшчэ праз дзесяць гадоў дзіцячы садок і школа аб’ядналіся ў вучэбна-педагагічны комплекс. Дзіцячы сад заняў прасторнае памяшканне на першым паверсе.

Многа нашых выпускнікоў сталі вядомымі людзьмі. Школа адметна яшчэ і тым, што тут дзейнічае музей Маці, стваральнікам і кіраўніком якога з’яўляюся я.   Музей Маці быў адкрыты 13 кастрычніка 2009 года па ініцыятыве старшыні раённай арганізацыі "Беларускі саюз жанчын" Таісіі Мурынай. У музеі ёсць раздзелы: “Яе вялікасць – мама”, “Вечны агонь памяці”, “Доблесць і слава”, “Афганскі боль маці”,  “Яе гордасць і шчасце”, “Голас мамінага сэрца”, “ Хата з матчынай душой” 

Музей папаўняецца новымі экспанатамі, праводзяцца музейныя урокі, сустрэчы з жанчынамі-маці Мастоўшчыны, выставы, экскурсіі. Наведалі музей ветэраны педадагічнай працы г.Гродна, навучэнцы і настаўнікі г. Шчучына і Шчучынскага раёна, Мастоўскага раёна, маладыя спецыялісты раёна і іншыя.

 

У 1950 годзе ў вёсцы арганізаваўся калгас. Яго першым старшынёй была актыўная жанчына Ганна Арціш. З часам гаспадарка стала адной з лепшых у раёне, а яе старанныя працаўнікі атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды. Іх у вёсцы жыло шмат. Даяркі Аршуля Кулік і Яніна Лісай былі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Люцыя Лісай - ордэнам "Знак Пашаны", трактарысты Станіслаў Лішко і Іван Кулік - ордэнамі Працоўнай Славы, Іван Масюк – ордэнам "Знак Пашаны". Мелі высокія дзяржаўныя ўзнагароды і многія іншыя працаўнікі гаспадаркі. Працавітыя людзі былі заўсёды адметнасцю Мікелеўшчынскай зямлі.

Зараз Мікелеўшчына з’яўляецца вытворчым падраздзяленнем МРУСП “Мастаўчанка”. А ў вёсцы ёсць фермерская гаспадарка “Мара”. Яе кіраўнік  Віктар Антонавіч Кандратовіч  у 2000 годзе ўзяў ў арэнду 27 га зямлі,каб ажыццявіць сваю мару. З тэхнікі ў пачынаючага фермера быў толькі старэнькі трактар. Цяпер у распараджэнні фермерскай гаспадаркі “Мара” – 285 га зямлі, цэлы парк сельскагаспадарчай тэхнікі: 7 трактароў, пагрузчык, 3 грузавыя машыны, збожжаўборачны і бульбаўборачны камбайны, пабудаваны рамонтная майстэрня, гаражы для тэхнікі, бульбасховішча, зернесховішча,заправачная станцыя, дрэваапрацоўчы цэх.  234 га зямлі – пашня. Вырошчваюць зернавыя, бульбу, цукровыя буракі.

Займаецца “Мара” аграэкатурызмам. 20 га зямлі пад воднымі аб’ектамі- пруды, дзе гадуюць рыбу – карпа,талсталоба, белага амура і г.д.

Прыемна, што аграгарадок Микелеўшчына - наш куток малой радзімы - па-ранейшаму з’яўляецца адным з буйнейшых населеных пунктаў раёна. Тут пражываюць 422 жыхары.

С. ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара

При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна. 

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио