Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

На Юхнаўцы нараджалася гісторыя

На Юхнаўцы  нараджалася гісторыя05 ноября 2018 — 11:48

Пра свой аграгарадок Вялікая Рагозніца і суседнія вёскі расказвае  мясцовы жыхар, старшыня Пескаўскага сельсавета В. КАВАЛЕВІЧ.

Маёнтак мела ва ўласнасці каралева Бона

- Валянцін Альбінавіч, на франтоне адзінага на Мастоўшчыне панскага палаца, які велічна ўзвышаецца над Рагозніцай, здалёк відаць лічба – 1791 год. З гэтага часу і пачалася гісторыя “Великие и Малые Рогозницы”, як пісалі ў даўнейшыя часы?

­

- Уявіце сабе, што не, ­ - сказаў В.Кавалевіч. ­ Трэба адступіць яшчэ амаль на трыста гадоў назад. Рагозніца вядома з пачатку 16 стагоддзя. Год першага пісьмовага ўпамінання 1504. Узнікла вёска па абодвух баках невялікай рэчкі Юхнаўка.

Зараз прыходзіцца дзівіцца, колькі вядомых асоб Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Расіі, Беларусі мелі дачыненне да нашага рагозніцкага  краю: каралі, сенатары, дыпламаты, мастакі, пісьменнікі, вядомыя працаўнікі.

Калісьці маёнтак Рагозніца кароль Польшчы Аляксандр Ягелончык перадаў літоўскаму ваяру Станіславу Кяжгайлу. У 1538 годзе ўладанне пераходзіць ва ўласнасць каралеве Боне Сфорца. Тут яна, вядома, не жыла, але праездам,  як сведчаць дакументы, бывала, атрымлівала падарункі ад мясцовых сялян. Як вядома з Метрыкі літоўскай,  вакол маёнтка каралевы атрымалі надзелы яшчэ 11 шляхціцаў­баяр.

Пасля смерці каралевы Боны Рагозніца перайшла ва ўласнасць манастыра святой Брыгіты, які знаходзіўся ў Гродне.

 

Як Рагозніца стала Вялікай

 

- Чым вызначыліся на рагозніцкай зямлі Сухадольскія, якія набылі гэты маёнтак у манастыра?

- У канцы 18 стагоддзя жыццё ў нашым краі забурліла. Шляхціцы Сухадольскія паходзілі з Ваўкавыскага павета, да якога ў той час адносілася і Рагозніца. Яны былі прагрэсіўнымі людзьмі, паднялі гаспадарку да еўрапейскага ўзроўню, значна пашырылі зямельныя ўладанні. Будаваць радавую сядзібу пачаў Антоній Сухадольскі. Ён быў паважаным чалавекам сярод шляхты, удзельнічаў у сейме 1778 года. Там яго заўважыў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пры падтрымцы караля Антоній Сухадольскі быў выбраны дэлегатам чатырохгадовага сейма Польшчы. Гэта ён пабудаваў у 1791 годзе прыгожы палац на сваіх землях. На беразе Юхнаўкі быў разбіты прыгожы парк з рукатворным возерам. Памесце з дваранскім домам знаходзілася на ўзвышаным месцы. Дом меў прыгожы пад’езд з цаглянай  брамай і вельмі цудоўна глядзеўся. Двор размешчаны ў выглядзе падковы. Перад домам быў фантан. Аздабленне ўсіх пакояў адрознівалася разнастайнасцю. У салоне палаца меліся карціны з відамі Венецыі, а таксама палотны з дома жонкі Аляксандра Другога ў Парыжы. Гонарам палаца быў “каралеўскі” пакой, дзе спыняўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Палац і часткова парк захаваліся да нашага часу. Ёсць і возера. Сёння ў будынку палаца знаходзіцца адміністрацыя сельгаспрадпрыемства “Імя Адама Міцкевіча”, ён падтрымліваецца ў добрым стане.

З часам узніклі дзве вёскі з аднайменнай назвай. Ранейшая Рагозніца стала Вялікай.  А ў напрамку вёскі Забалаць знаходзіцца Малая Рагозніца. Зараз яны амаль злучыліся. Колькасць насельніцтва ў маёнтку значна павялічылася.

 

Пасля смерці Антонія Рагозніца перайшла да яго сына Яна. Ён стаў казначэем (міністрам фінансаў) Вялікага княства Літоўскага. Ян Сухадольскі разам з Тадэвушам Касцюшкам удзельнічалі ў паўстанні 1794 года. Яго сын Райнольд стаў вядомым паэтам. Другога сына Януарыя называюць першым беларускім мастаком батальнага жанру. Ён быў запрошаны царом
Мікалаем I на працу ў Пецярбург у Імператарскую Акадэмію мастацтваў.

Пасля Сухадольскіх маёнтак  неаднаразова перапрадаецца.

 

“Другое дыханне”  атрымаў у 1906 годзе, калі яго набыў Оскар Мейштовіч, літоўскі дваранін. Гаспадарка пераводзіцца на еўрапейскі лад. Набываецца сельскагаспадарчая тэхніка, узводзяцца каменныя пабудовы. У 1915 годзе тут узнік крухмальны завод. З такога ж чэсанага камення ­ валуноў, якіх многа ў ваколіцы Рагозніцы, быў пабудаваны ў 1926 годзе касцёл Дзевы Марыі. Гэтыя будынкі захаваліся да нашага часу і дзейнічаюць.

 

У суладдзі з часам

- Мне падабаецца, што жыхары абедзвюх Рагозніц з павагай ставяцца да мінулага, але  клапоцяцца аб сучасным развіцці вёсак.

 

- Зямля ў нас добрая, урадлівая, людзі працавітыя, старанныя, чаму ж не будаваць, не развіваць гаспадарку, ­ - гаворыць Валянцін Альбінавіч. ­ - У Вялікай і Малой Рагозніцы зараз пражывае больш за 840 чалавек. У нас паспяхова дзейнічае крухмальны завод. Працуе амбулаторыя, адкрытая Аляксандрам Лукашэнкам у час рэспубліканскіх “Дажынак­1997”  у Мастах. Дзейнічаюць  школа, дзіцячы сад, клуб, бібліятэка, ёсць комплексны прыёмны пункт, аддзяленні сувязі і “Беларусбанка” – адным словам, усё, што неабходна. Цяпер Вялікая Рагозніца ­ гэта населены пункт з сучаснай інфраструктурай, добраўпарадкаванымі дамамі.

Паспяхова развіваецца сельгаспрадпрыемства “Імя Адама Міцкевіча”. Яно было створана ў 1939 годзе ў маёнтку Мейштовіча. У пасляваенны час яго ўзначаліў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ардэнаносец Цімафей Яфімавіч Ульянаў. За поспехі ў працы многія работнікі гаспадаркі адзначаны ордэнамі і медалямі, а жывёлавод Домна Іванаўна Варац удастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. Вядомы імёны нашых перадавікоў і зараз. Пётр Мікалаевіч Масквянкоў – адзін з лепшых у рэспубліцы камбайнераў. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Альфонсавіча Пісарэвіча гаспадарка імкнецца адрадзіць былую славу.

Прыемна, што наш рагозніцкі край развіваецца, што ў яго такая багатая гісторыя.

 

С.ЗВЯРОВІЧ

 

Фота аўтара

 

 

 




Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий:
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио