Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

Аб чым нагадваюць каменныя муры пескаўскіх пабудоў

Аб чым нагадваюць каменныя муры пескаўскіх пабудоў11 января 2019 — 12:15

Ці ведаеце вы, што калісьці Пескі належалі вядомаму магнацкаму роду Тызенгаўзаў, што тут знаходзілася першая на Мастоўчыне паштовая станцыя, што мясцовы свяшчэннік вучыўся разам са Сталіным і напісаў яму ліст, які пачынаўся словамі “Здравствуй, Коба!”? Аб усім гэтым расказвае жыхарка аграгарадка, бібліятэкар Пескаўскай сельскай бібліятэкі Галіна Гайдаш.

Славутыя ўладальнікі Пескаўскага двара

- Галіна Паўлаўна, якія абставіны садзейнічалі ўзнікненню мястэчка над ракой Зяльвянкай?

- Узнікла яно на перакрыжаванні былога каралеўскага шляху  з Кракава ў Вільню з гасцінцам, які ішоў з Гродна на Зэльву і Слонім. Выгадныя геаграфічныя ўмовы, а таксама тое, што ім валодалі вядомыя магнацкія роды Вялікага княства Літоўскага садзейнічала хуткаму развіццю населенага пункта. У сярэдзіне 16-га стагоддзя Пескі знаходзіліся ва ўладанні Рыгора Хадкевіча. Ён займаў пасады ваяводы Кіеўскага, каштэляна Віленскага і нарэшце Вялікага гетмана Літоўскага. Быў адным з лепшых воінаў свайго часу. Паспяхова ўдзельнічаў у Лівонскай вайне. Рыгор і яго сын Аляксандр Хадкевіч мелі ў Песках свой двор. Захаваліся пісьмы, напісаныя ім тут, да Рамана Сангушкі. Затым маёнткам да 1709 года валодалі Сапегі. У пачатку васямнаццатага стагоддзя  Пескі разам з Бялавічамі, Пацавічамі і Зяльвянамі за 50 тысяч талераў купіў Ежы Тызенгаўз, таксама вядомы дзеяч Вялікага княства Літоўскага, як і яго сын Міхал. Дачка Міхала, Тэрэса, выйшла замуж за Г.Аскерку, палкоўніка ВКЛ, чашніка вялікага літоўскага. Пасля яго смерці Пескі ў спадчыну атрымаў генерал-маёр літоўскага войска Ян Аскерка. Гэта былі багатыя людзі, якія клапаціліся аб развіцці Песак. Гандлёвыя шляхі, што праходзілі праз мястэчка, садзейнічалі перасяленню сюды яўрэяў, якія займаліся гандлем і рознымі рамёствамі. У Песках дзейнічалі дзясяткі рамесных майстэрняў, крамаў. 25 чысла кожнага месяца тут адбываўся вялікі кірмаш. Местачковыя кірмашы праходзілі па серадах на цэнтральнай плошчы паселішча паміж царквой, касцёлам і сінагогай. Адусюль дарогі вялі ў Пескі, бо там можна было многа чаго купіць і прадаць.

“Залаты век” мястэчка

- Якімі адметнасцямі мястэчка  ганарыліся мясцовыя жыхары? Чым яно выдзялялася з іншых населеных пунктаў?

- Найбольш актыўна Пескі развіваліся ў дзевятнаццатым стагоддзі. Некаторыя пабудовы, узведзеныя ў той час, захаваліся да нашых дзён. Хаця многае, на жаль, страчана. Аб тым, што жыццё тут бурліла, сведчыць першая ў нашай мясцовасці паштовая станцыя, вялікая колькасць розных прадпрыемстваў, сярод якіх былі піваварны і скураны заводы, два млыны. У шматлікіх майстэрнях выраблялі патрэбныя людзям рэчы з жалеза і дрэва, воўны і льну, вобруць для коней, вазы, сялянскія прылады працы. Напрыклад, на суконным прадпрыемстве працавала 36 чалавек. Асобныя прылады тых часоў можна бачыць у народным музеі Пескаўскай сярэдняй школы, якім кіруе вельмі цікавы і захоплены краязнаўствам чалавек  - Рэгіна Вялічка.

У канцы 19-га стагоддзя ў вёсцы працавалі два млыны: драўляны і мураваны. Гаспадаром драўлянага быў мясцовы заможны жыхар Францішак Бубновіч. Яго нашчадкі валодалі млынам да 1939 года. Найбольш вядомы быў каменны млын. Тут “вальцавалі” муку, выраблялі крупы высокага гатунку і манку. Зерне дастаўлялі сюды нават з замежных краін. Мука і крупы, вырабленыя ў Песках, былі лепшымі ў даваеннай Польшчы. На выставах у Беластоку вырабы Пескаўскага млына нязменна займалі першыя месцы. Зяльвянка, акрамя колаў млынаў, круціла  турбіну невялікай электрастанцыі, якая давала вёсцы святло.

На канец стагоддзя ў мястэчку пражывала амаль дзве з паловай тысячы чалавек, з іх 1615 яўрэяў, 450 беларусаў, 370 палякаў, былі татары і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

Для патрэб вялікай колькасці насельніцтва былі ўзведзены тры культавыя пабудовы, дзве з якіх захаваліся да нашага часу. У самым цэнтры мястэчка на працягу стагоддзяў дзейнічалі тры храмы: касцёл Маці Божай Ружанцовай, Свята-Мікалаеўская царква і яўрэйская сінагога. Спачатку ў мястэчку з’явіўся касцёл. Яго ў 1682 годзе пабудавалі Сапегі, якія на той час валодалі гэтым населеным пунктам. У 1915 годзе замест старога драўлянага храма быў пабудаваны новы, каменны, у неагатычным стылі. Захаваўся ён да нашага часу і выконвае свае фунцыі.

У 1870 годзе была асвечана пабудаваная ў мястэчку Свята-Мікалаеўская царква – твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Сродкі на яе  даў памешчык Аляксандр Азнабішын. Яго сын Аляксей быў гродзенскім віцэ-губернатарам, членам 4-й Дзяржаўнай думы ад Гродзенскай губерніі. У даваенны і пасляваенны час у царкве служыў вядомы святар Канстанцін Краскоўскі. Калі на царкву пачаліся ганенні, айцец Канстанцін напісаў ліст да Сталіна, з якім ён вучыўся ў духоўнай семінарыі і жыў у адным пакоі. Сваё пісьмо ён пачаў словамі : ”Здравствуй, Коба!”. Так да Сталіна звярталіся толькі самыя блізкія людзі. Невядома, ці атрымаў святар адказ на сваё пісьмо, але царква не была зачынена, нават дазвалялася званіць у званы, у той час, калі многія храмы, у тым ліку і Самуйлавіцкая царква, не працавалі. Айцец Канстанцін служыў у Песках да канца свайго жыцця. Ён памёр у 1967 годзе. Затым многія гады абавязкі святара выконваў Аляксандр Малашка, які пакінуў аб сабе добрую памяць сярод мясцовых жыхароў.

Сінагога ў мястэчку Пескі была адной з найпрыгажэйшых у былым Ваўкавыскім павеце. Гэта быў высокі драўляны будынак з вежамі, пабудаваны ў сярэдзіне 18-га стагоддзя. Яна дзейнічала ўсё дзевятнаццатае стагоддзе да сярэдзіны дваццатага. У 1944 годзе яе спалілі немцы.

У Песках дзейнічалі народнае вучылішча, каса ўзаемадапамогі, 23 крамы, скураны завод, было валасное праўленне.  Населены пункт жыў і развіваўся. Не страціў  ён значэння і ў наш час. Пескі з’яўляюцца цэнтрам аднайменнага сельсавета.  Мы ганарымся сваёй малой радзімай, мінулым і сучасным свайго аграгарадка.

С.ЗВЯРОВІЧ

Фота аўтара

 




Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио