Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныНаука и образованиеНаука и образование

І зноў чакае школьны баль

І зноў чакае школьны баль06 февраля 2019 — 14:07
 

Мінула пяць год, як наш выпуск збіраўся ў роднай Мілявіцкай школе на вечар сустрэчы. І вось зноў актуалізавана інфармацыя аб аднакласніках: удакладнены нумары тэлефонаў, месца жыхарства, змены ў асабістым жыцці -  і закіпела работа.  Цешыць сэрца рэакцыя аднакласнікаў на тэлефонны званок – радасць у голасе і палягчэнне: сустрэчы быць. А збіранне школьных сяброў навеяла ўспаміны, і нават сны вяртаюць у дзяцінства і рыхтуюць да вечарыны.

У 1974 годзе 13 першакласнікаў прыйшлі вучыцца ў Дараглянскую васьмігодку, і  першай настаўніцай была Ніна Аляксандраўна Боцька. Помню школьныя лінейкі, смачныя яблыкі з школьнага сада, гульні ў футбол на перапынках,  навагодні ранішнік, піянерскі касцёр 19 мая і сваю першую ўзнагароду за выдатную вучобу.

А праз год гасцінна адчыніла дзверы новая Мілявіцкая сярэдняя школа і аб’яднала вучняў з трох вёсак – Мілявіч, Дараглян і Вайнілавіч. Так нас стала 21.  Аб якіх важных справах успамінаем пры сустрэчы? Ды аб самых разнастайных! Вельмі падабалася нам важацкая работа, можа быць таму 5 дзяўчат сталі настаўніцамі. Спачатку мы шэфствавалі над выхаванцамі дзіцячага садка: выступалі з канцэртамі, гулялі з малышамі, дапамагалі прыбіраць тэрыторыю дзіцячага садка. Потым у нас з'явілася падшэфная акцябрацкая група. Успамінаецца, што яны былі нашымі балельшчыкамі  ў спартыўных спаборніцтвах і фанатамі на нашых канцэртных выступленнях.   

         У гады дзяцінства ў вёсках было шмат адзінокіх пажылых людзей, родныя якіх загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.  Наш атрад шэфстваваў над бабай Кацяй з вёскі Дарагляны. Вайна забрала ў яе і мужа, і сыноў. Мы дапамагалі ёй капаць бульбу, падмяталі двор, чысцілі дарожкі ад снегу. Баба Каця чакала нас з нецярпеннем не толькі дзеля дапамогі, але і для таго, каб пагаварыць, распавесці розныя гісторыі. І абавязкова прыпасала для нас  пачастунак. Дайсці да школы яна не магла, але праз паштальёна на словах перадавала дырэктару словы падзякі за нашу дапамогу. На агульнашкольных лінейках нас вельмі хваліў за гэта дырэктар Віктар Антонавіч Бубен.

         З асаблівым пачуццём успамінаем удзел у раённых спаборніцтвах у складзе зборнай каманды школы: ідзеш да фінішу з апошніх сіл, імкнешся не падвесці сваю каманду. З пачуццём выкананага доўгу мы прывозілі ўзнагароды ў школу са спаборніцтваў, з турыстычнага злёту, конкурсаў. А яшчэ практыка на прышкольным участку, сельскагаспадарчыя работы ў калгасе, збор металалому і макулатуры, экскурсійныя паездкі, паходы.

Зараз у роднай школе працуюць тры выпускніцы 1984 года. Некалькі чалавек засталіся жыць на сваёй малой радзіме. На жаль, некаторым ужо няма да каго завітаць нават у госці: пасля смерці бацькоў родная хата або прададзена, або цёмнымі вокнамі сустракае пасталелых дзяцей.  І толькі школа ў першую суботу лютага раз у пяць год збірае на школьны баль былых аднакласнікаў, каб напомніць пра самую шчаслівую пару ў жыцці чалавека – дзяцінства.

Ад імя ўсіх выпускнікоў Мілявіцкай сярэдняй школы шчыра дзякую нашым настаўнікам і жадаю поспехаў і росквіту адукацыі Мастоўшчыны. Паважаныя землякі, няхай не падводзіць вас здароўе, лад і дабрабыт пануе ў вашых  сем’ях, а дзіцячыя садкі і школы сустракаюць усё новых і новых выхаванцаў! А школьны баль штогод збірае сваіх сяброў!

Таццяна  Кіслая, выпускніца

Мілявіцкай СШ 1984 года

 



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио