Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

Зноў чаруюць “Чараўніцы”

Зноў чаруюць “Чараўніцы”03 августа 2016 — 10:00

 Мітынг да 75- ­годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і канцэртная праграма з нагоды Дня вызвалення Мастоўшчыны ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў, абрад сустрэчы маладых і свята вёскі. Гледачамі і ўдзельнікамі гэтых мерапрыемстваў сталі жыхары аграгарадка Пацавічы і навакольных вёсак, дзякуючы работнікам Пацавіцкага цэнтра вольнага часу і культуры і творчаму калектыву “Чараўніцы”.

Урачыстым мітынгам ля помніка загінуўшым землякам і воінам Чырвонай Арміі 22 чэрвеня жыхары Пацавіч ушанавалі памяць усіх, каго сваім чорным крылом закранула Вялікая Айчынная вайна. З ліку мясцовых жыхароў на фронце ваявалі 47 вяскоўцаў, з якіх 18 загінулі. Пранікнёна гучалі словы падзякі за сённяшні мірны дзень ад дзяцей, унукаў і праўнукаў пакалення пераможцаў. Удзел у мерапрыемстве браў старшыня Пескаўскага сельскага Савета Валянцін Альбінавіч Кавалевіч.

Тэма вайны, аднаўлення разбураных гарадоў і сёл, мірнага будаўніцтва і развіцця нашага Прынёманскага краю была працягнута падчас канцэрта 13 ліпеня. Ладзіўся ён пацавіцкімі чараўніцамі сцэны на пляцоўцы ля вясковага магазіна. Нагода – сумная і радасная адначасова: 72 гады таму Мастоўскі раён быў вызвалены ад фашысцкай навалы. Шмат перажыўшы і перацярпеўшы, людзі пачыналі пісаць новую старонку жыцця сваёй вёскі, раёна і краіны.

Сённяшні дзень аграгарадка Пацавічы напоўнены адметнымі шчаслівымі імгненнямі. Адно з іх – вясковыя вяселлі. А каб надаць ім народны каларыт, “Чараўніцы” падрыхтавалі абрад “Сустракаем маладых”. Упершыню ён быў прапанаваны вяскоўцам летась, а сёлета набывае ўсё большую папулярнасць, бо не забыты ў Пацавічах традыцыі і звычаі бабуль і прабабуль, тут жывая сувязь пакаленняў.

Так, у ліпені стварылі сям’ю Ірына і Іван Міхалевічы. Спецыяльна для іх сустрэчы быў накрыты стол з духмяным караваем, хатнім квасам і іншымі вясковымі прысмакамі, гучалі пажаданні маладым, каб жылося ім у каханні і шчасці доўгія гады, каб сям’я іх была багатай на здаровых дзетак, лад і згоду. Таксама жаніха і нявесту садзілі на кажушок, каб яны загадалі жаданне – адно на дваіх. Чулліва­шчымлівым атрымалася развітанне нявесты са сваім дзявочым жыццём. І ўсё гэта было прыгожа і дарэчы аздоблена вясельнымі народнымі песнямі.

Гасцінна сустракалі “Чараўніц” у Ліхінічах, дзе 24 ліпеня ладзілася свята вёскі. Падрыхтаваная канцэртная праграма, тыя цёплыя словы і шчырыя песні, што гучалі на вясковай вуліцы, прыйшліся даспадобы мясцовым жыхарам. Яны прынеслі не толькі радасныя імгненні доўгачаканай сустрэчы, але і прыемныя ўспаміны з іх маладосці, калі яны і самі былі не супраць заспяваць і патанцаваць.

На мінулым тыдні творчаму калектыву шчыра апладзіравалі работнікі Мастоўскага рамонтнага завода, што святкавалі 50­гадовы юбілей прадпрыемства. А ў выхадныя “Чараўніцы” чаравалі на раённай сцэне.

Выступленне ў фармаце канцэрта выхаднога дня ад абаяльных Таццяны Мірошнікавай, Аксаны Валчкевіч, Наталлі Сарока, Раісы Пятровай і Галіны Івановай падарыў мастаўчанам зарад аптымізму, бадзёрасці і добрага настрою. Адным словам, чараўніцы, ды і толькі!

Н.ШЭЎЧЫК

Фота аўтара



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: