Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Знаёмыя і незнаёмыя краявіды Мастоўшчыны

Знаёмыя і незнаёмыя краявіды Мастоўшчыны29 декабря 2010 — 10:00

Мясціны, дзе ты нарадзіўся і жывеш, заўсёды асаблівыя. Яны прыцягваюць да сябе, вяртаюць у маленства, надаюць сіл і жыццёвай мудрасці. Таму заўсёды хочацца даведацца пра іх штосьці новае  ці больш уважліва прыгледзецца да тых старонкаў гісторыі, якія адкрываюць у знаёмым незнаёмае… Як высветлілася ў выніку апытвання, жыхары Мастоўшчыны мала ведаюць аб помніках прыроды свайго краю.Валуны—неад’емная частка мастоўскіх краявідаў. Яны здаўна ўвайшлі  ў духоўную культуру насельніцтва. Гэтыя маўклівыя сведкі памятаюць многія падзеі, бо ляжаць на мастоўскай зямлі больш за 200 тысяч гадоў і памятаюць старажытных паляўнічых на мамантаў.

    Асабліва шанаваліся камяні, на паверхні якіх былі натуральныя ці штучныя паглыбленні, якія нагадвалі сляды чалавека ці жывёлы. Такі камень-следавік ёсць каля касцёла ў вёсцы Плябанаўцы. На паверхні гэтага каменя тры паглыбленні, якія нагадваюць след чалавечай нагі. У народзе гэты камень вядомы як след Святога Антонія. Паводле падання сляды на камяні пакінуў Святы Антоній.

    Да помнікаў прыроды адносяцца і агаленні. За 300 метраў на ўсход ад вёскі Дубна можна бачыць незвычайны ўчастак правага берага Нёмана— стромкі, высокі. Тыя горныя пароды, якія залягаюць на беразе, і ўяўляюць вялікую цікавасць. Агаленне “Пескі” размешчана за 250 м на поўнач ад аднайменнай вёскі. Гэта своеасаблівы берагавы ўступ на правым беразе Зяльвянкі. У складзе пародаў пясок, торф і супесак.   У гэтых пародах знойдзены рэшткі старажытных раслін, прадстаўленых 113 відамі.

   За 600 м ад хутара Княжаводцы таксама знаходзіцца агаленне на высокай пойме правага берага Нёмана. Узрост агалення –прыкладна 110 тысяч гадоў.  Агаленне “Пескаўскія грады” размешчана  каля вёсак Пескі і Капачы. Геалагічны ўзрост — 220-150 тысяч гадоў. Утварылася яно ў часы Сожскага зледзянення. Агаленне “Майсевіцкі пагорак” знаходзіцца на тэрыторыі вёскі Струбніца, узрост — каля 250-150 тысяч гадоў. На тэрыторыі агаленняў забараняецца распрацоўка кар’ераў, звалка прамысловых і бытавых адходаў.

 Катлавіны “Падбярэззе” і “Гумнішча” размешчаны за кіламетр на паўночны ўсход ад вёскі Каўшова. Яны ўзніклі на месцы велізарнага Скідзельскага возера ў час зледзянення прыкладна 11-15 тысяч гадоў назад. У рэльефе Беларусі формы такога паходжання сустракаюцца вельмі рэдка.

Ліпічанскія дзюны знаходзяцца за 1,2 кіламетра на паўночны захад ад вёскі Галубы, на левым узбярэжжы ракі Нёман. Форма дзюнаў— градава-пагоркавая.  Тут таксама забараняецца высечка дроў, дарожна-будаўнічыя і гідрамеліярацыйныя работы, разбіўка турыстычных лагераў і распальванне вогнішчаў. 

 Яр “Ян і Цэцылія” размешчаны на захадзе вёскі Багатырэвічы, за 500 метраў на паўночны ўсход ад левага берага Нёмана. На крутым схіле глыбокага яру знаходзіцца магіла з драўляным крыжам і белым надпісам: “Ян і Цэцылія. 1549…” Існуе легенда аб вялікім каханні Яна і Цэцыліі, якую па-мастацку апрацавала і выкарыстала ў сваім рамане “ Над Нёманам” Эліза Ажэшка.  У вусце яра, недалёка ад Нёмана, у 1878 г. быў знойдзены міжледніковы тарфянік, які ўтварыўся 100 тысяч гадоў назад. Агаленне назвалі “Самастрэльнікі”.

Прырода стварыла на Мастоўшчыне і пранесла праз стагоддзі да нашых дзён непаўторную прыгажосць ландшафтаў і краявідаў. Выклікаюць захапленні векавыя дубы, якіх нямала захавалася ва ўрочышчы Міхайлоўка. 

 Нам удалося знайсці і даследаваць далёка не ўсе помнікі прыроды. Калі ёсць жаданне і цікавасць, пошук можа ператварыцца ў новыя адкрыцці для сябе і нашчадкаў…

 Ж. КЛІМУК, настаўніца геаграфіі СШ №5  г Масты; У. ПАЛУБЯТКА, вучань 10 класа

На здымках: векавы дуб ва ўрочышчы Міхайлоўка; валуны Мастоўшчыны.Фота Ж. КЛІМУК



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: