Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
Актуально500-годдзе беларускага кнігадрукавання500-годдзе беларускага кнігадрукаванняКультура и историяКультура

Жыве ў стагоддзях беларуская кніга

Жыве ў стагоддзях  беларуская кніга13 апреля 2017 — 14:20

У Мастоўскай раённай бібліятэцы арганізавана кніжная выстаўка “Пісьменнасць, кнігадрукаванне, мова: гістарычны шлях”, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

 

 

Як расказала загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Людміла Іосіфаўна Пакаціла, выстаўка, у першую чаргу, цікавая тым, што тут можна пазнаёміцца з унікальнымі факсімільнымі выданнямі. Гэта “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” у пяці тамах, у аснову якой пакладзены электронныя копіі кніг першадрукара, што захоўваюцца ў бібліятэках і музеях свету. Яны каштоўныя і ў матэрыяльным плане, а духоўным дык і ўвогуле не маюць цаны. Як і факсімільныя выданні зборнікаў вершаў Янкі Купалы “Жалейка” і Максіма Багдановіча “Вянок”, ці нумар газеты “Наша доля”. Дарэчы, яны таксама прадстаўлены на паліцах выстаўкі. Аматараў гісторыі беларускай дзяржаўнасці магчыма зацікавіць “Статут Вялікага княства Літоўскага. 1588 г.”.

 


Для кожнага, хто цікавіцца гісторыяй беларускага кнігадрукавання, шляхамі развіцця беларускай кнігі, карыснымі будуць такія энцыклапедычныя выданні, як “Асветнікі зямлі беларускай”, “Гісторыя беларускай кнігі”, “Кніжная спадчына Беларусі”.

 


Таксама на выстаўцы прадстаўлены зводны каталог “Кніга Беларусі”, шмат даведнікаў, ёсць і кнігі мастацкай літаратуры, якія з’яўляюцца ў некаторай ступені знакавымі для айчыннай літаратурнай спадчыны, як, напрыклад, “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча. Таксама тут маюцца і шматлікія аўдыёкнігі, якія можна слухаць. Прызначаны яны, у першую чаргу, для людзей з аслабленым зрокам, аднак могуць стаць добрай падмогай і астатнім аматарам беларускай кнігі.

 


Дададзім, што падборам літаратуры для выстаўкі займалася загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Людміла Іосіфаўна Пакаціла, а аўтарам мастацкага афармлення з’яўляецца мастак-афарміцель раённай бібліятэкі Галіна Іосіфаўна Васілеўская.
Пазнаёміцца з выстаўкай “Пісьменнасць, кнігадрукаванне, мова: гістарычны шлях” у раённай бібліятэцы можна на працягу бягучага года. Яна будзе цікавай і карыснай для наведвальнікаў розных узростаў, заняткаў і літаратурных густаў.

 


Н.ШЭЎЧЫК

На здымку: з прадстаўленымі выданнямі кніжнай выстаўкі знаёміць бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Мастоўскай раённай бібліятэкі Алена Станіславаўна Арлова.
Фота аўтара



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: