Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Жыццё, як светлая песня…

Жыццё, як светлая песня…06 октября 2014 — 10:00

Ні кожнаму лёс дорыць такую магчымасць  на  сваіх нагах і пры светлай памяці сустрэць восемдзесят пяты год  свайго нараджэння. А калі ад пражытых гадоў і ад усяго таго, чым давялося займацца на працягу жыцця, атрымліваеш задавальнне і радасць ­­ значыць, жыццё пражыта недарэмна, і чалавек можа лічыць сябе шчаслівым. Гэтае пачуццё гармоніі і дасканаласці прыходзіць далёка не да кожнага. І ўсе­-такі ёсць сярод нас такія шчасліўцы, таленавітыя, захопленыя, рамантычныя. З  адным з іх ­­ Вацлавам Людвікавічам Гайдукевічам­­ мне выпала быць знаёмай на працягу многіх гадоў.

 

Цяпер, нягледзячы на ўзрост,  па нядзелях і святах іграе В. Л. Гайдукевіч   на аргане ў час імшы ў касцёле Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах. Цудоўныя  велічныя гукі аргана  кранаюць  душы вернікаў да слёз.  

  А раней маэстру і мужчынскаму народнаму хору, якім Вацлаў Людвікавіч кіраваў  больш за тры дзесяцігоддзі,  шчыра апладзіравалі ўдзячныя гледачы.  Яму належыць вялікая заслуга ў станаўленні і развіцці  мастацкай самадзейнасці на Мастоўшчыне. Больш за паўвека Вацлаў Людвікавіч  застаецца верным песні і музыцы.

 

Велічная і ўрачыстая музыка аргана і хор кожную нядзелю і ў святы  суправаджаюць богаслужэнне ў касцёле райцэнтра. А за арганам Вацлаў Людвікавіч Гайдукевіч. Пакуль гучыць  узнёслая мелодыя,  душы прыхаджан  нібы ўзносяцца ў нябесную высь, бліжэй да Бога. Музыка мае вялікую   моц над пачуццямі людскімі. А ў касцёле  музыка аргана  і спевы ­­ гэта еднасць паміж нашым зямным існаваннем і вечнасцю. Люблю ўзносіць малітвы да Бога, калі гучыць арган. Здаецца, што з дапамогай музыкі  ў суправаджэнні аргана малітва хутчэй даходзіць да Бога, і такое адчуванне, відаць, ні ў адной мяне.   Менавіта з аргана і спеваў у касцельным хоры ў Ішчална пачалося захапленне малога  Вацлава музыкай. Арган  зачараваў і захапіў  простага сялянскага хлопчыка, але тады ён і  марыць баяўся пра тое, каб самому навучыцца іграць на ім. У касцельным хоры спяваў Браніслаў Кічко, які меў прыгожы голас. У яго Вацлаў вучыў “азы” вакала. Прыгожую музыку сялянскі хлопчык спасцігаў  у касцёле, у той час інакш  і быць не магло. А вось з другім, таксама цікавым і багатым пластам  музычнай і духоўнай культуры ­­ народным ­­ Вацлаў, як і ўсе яго равеснікі,  знаёміўся ў  паўсядзённым  сялянскім жыцці. Асабліва цікава было ў Вялікім Сяле, што ў Шчучынскім раёне, дзе нарадзіўся і вырас В.Л. Гайдукевіч, зімой, калі дарослыя збіраліся на вячоркі, ладзілі абрады, а вясковыя падлеткі аціраліся каля іх. У гадоў дзесяць Вацлаў ўжо добра ведаў беларускія  народныя абрады, з задавальненнем спяваў народныя песні, якіх ведаў мноства.  

  --  ­­У Вялікім Сяле многія любілі і ўмелі спяваць, мелі прыгожыя галасы, ­­ --успамінае Вацлаў Людвікавіч. ­­Сем’і ў вяскоўцаў тады былі вялікія, у кожнай хаце былі два­тры мужчыны з  прыгожымі галасамі, якіх я з задавальненнем узяў бы ў народны мужчынскі хор, ­­гэта ён ужо пра сваё любімае дзецішча ­­хор, які   першапачаткова быў створаны на  тагачасным фанерным заводзе  і якому маэстра прысвяціў  цэлых трыццаць шэсць гадоў свайго жыцця. Гэты самадзейны калектыў першым у раёне атрымаў званне  народнага і з’яўляўся ўпрыгожаннем усіх свят у раёне.

 

Гэта ўжо пазнейшая старонка цікавай і яркай біяграфіі Вацлава Людвікавіча. А пакуль што юны Вацлаў  вучыцца іграць на фартэпіяна і вакалу ў настаўніка Антона Віктаравіча Ямелі.  На заняткі хлопец адправіўся ў Шчучын. Урокі былі платнымі, плаціў па 200 рублёў у месяц. Бацькі Людвік Вікенцьевіч і Алена Іванаўна  асаблівай надзеі на сынава захапленне музыкай не ўскладалі, але і не перашкаджалі гэтаму. Брат Мар’ян, які займаўся  шыццём, дапамагаў аплачваць вучобу. Правучыўшыся два гады ў Шчучыне, Вацлаў вярнуўся ў вёску. Прыкладна ў той жа час бацькі робяць сыну падарунак  па сялянскіх мерках непрадуманы  і непатрэбны: за мяшок  пшанічнай мукі і паўтушы свінні купляюць  у Яна Дулевіча з Беластока раяль. Мне здаецца, што  гэты нявіданай шчодрасці падарунак аказаўся  пазней для  Вацлава Людвікавіча лёсавызначальным. На ім і сёння іграе маэстра.   Праўда, ён сам у той час  гэтага яшчэ не ўсведамляў. Як і ўсе сялянскія хлопцы, Вацлаў спраўна засвоіў  і няхітрыя вясковыя навукі: араў, касіў, сталярнічаў і нават навучыўся рабіць з медных манет пярсцёнкі і іншыя ўпрыгожванні. Музыка чырвонай стужкай прайшлася па жыцці В.Л. Гайдукевіча, але і астатнія ўменні яму спатрэбіліся і прыдаліся ў жыцці. На ўсё жыццё запомніў хлопец  бацькоўскую навуку: “Цяжка прадугадаць, чым прыйдзецца займацца ў жыцці і што давядзецца рабіць, якія ўменні і навыкі могуць спатрэбіцца. Таму трэба вучыцца і ўмець рабіць многае.”

 

 Рабіць Вацлаў Людвікавіч умеў многае, а  працавітасці  яму не займаць. І як вынік ­­ прасторны дом, пабудаваны сваімі рукамі. Пазней Вацлаў Людвікавіч дапамог  пабудаваць дамы  ўсім  сваім траім дзецям. Сёння ён адзін у прасторных сценах, тры гады,  як пахаваў жонку. І толькі раяль той самы, які калісьці падаравалі  яму бацькі, красіць адзіноту.  Калі музыканту становіцца сумна, раяль ажывае, прастору запаўняе музыка, і адзінота адыходзіць на задні план…

 

А ў 1951 годзе  настаўнік музыкі Антон Віктаравіч  Ямеля пераязджае са Шчучына ў Масты. На тагачасным фанерным заводзе ён стварае духавы аркестр. Пазней запрашае да сябе свайго вучня,  Вацлаў уключаецца ў работу аркестра і хора, вучыцца  ігры на скрыпцы.   З 1954 года В.Л. Гайдукевіч  ужо працуе самастойна: з’яўляецца кіраўніком хору   фанернага завода і духавога аркестра, адначасова ён  мастацкі кіраўнік у дзіцячых садах, аказвае дапамагу ў  арганізацыі мастацкай самадзейнасці  на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Прыкладна ў гэты ж час  ім быў створаны ансамбль цымбалістаў у дзіцячым садзе №2,  у 1963 годзе ­­ харавы калектыў у калгасе імя А. Міцкевіча, у  60­-70 гадах Вацлаў Людвікавіч працаваў з хорам Правамастоўскага дзіцячага інтэрната, на працягу дваццаці гадоў ­­ з хорам і вакальнай групай раённай бальніцы.   Святкаванне 40­-годдзя Вялікай Перамогі  ў Мастах суправаджалася выступленнем зводнага хору раёна, які налічваў у той час каля 700 чалавек. Яго таксама   ўдалося сабраць  і арганізаваць Вацлаву Людвікавічу. А хор  клуба дрэваапрацоўчага прадпрыемства налічваў каля ста чалавек, удзельнічалі ў ім людзі  розных прафесій і ўзростаў. Пазней з яго вылучыўся і сфарміраваўся чыста мужчынскі хор. Астатнія ўдзельнікі працягвалі спяваць у цэхавых харавых калектывах.  

   Кожны дзень Вацлава Людвікавіча тады быў распісаны  ледзь не па хвілінах: бясконцыя рэпетыцыі,  канцэрты, вучоба на курсах у Мінску, а пазней ­­ у Маскве ва Усесаюзным універсітэце народнай творчасці  імя Н. Крупскай.

 

У  гэты ж час мужчынскі хор становіцца ўпрыгожаннем усіх раённых святаў.  Яго каларытныя канцэрты не пакідалі  раўнадушнымі не толькі мастаўчан, але і літоўцаў, латышоў, палякаў, расіян.  У 1977 годзе мужчынскаму хору першаму ў раёне прысвоілі званне народнага. Ён паспяхова  ўдзельнічаў ва Усесаюзным тэлевізійным конкурсе “Таварыш песня” і “Свята песні” ў Літве .   Рэпетыцый, канцэртаў, конкурсаў самых розных узроўняў на  жыцці Вацлава Людвікавіча  было мноства.  Калі б сабраць разам усе песні і творы, якія пад кіраўніцтвам В.Л. Гайдукевіча развучылі і выконвалі хор, вакальная група  і салісты ў адну канцэртную  праграму, дык атрымаўся б канцэрт працягласцю ў тыдзень.   Найбольш ярка плён  працы  музыканта раскрыўся  менавіта ў дасягненнях  і ўзнагародах мужчынскага народнага хору, якім Вацлаў Людвікавіч кіраваў трыццаць шэсць гадоў. І варта адзначыць, што мастацтва  хора сапраўды народнае па духу, манеры выканання, яркае, непаўторнае, каларытнае. І ў гэтым несумненная заслуга маэстра і ўсіх харыстаў.  

  -- ­­Я сёння і сам дзіўлюся, як на  ўсё хапала энергіі і часу. Магчыма, усюды  ўдавалася паспяваць, бо займаўся любімай справай. А якая актыўнасць тады была ў людзей:  пасля работы хтосьці спяшаўся на стадыён, хтосьці   ­­ на рэпетыцыю ў клуб! Людзі ўмелі радавацца жыццю,  ­­ -- з прыемнасцю ўспамінае Вацлаў Людвікавіч.                             

 

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

 Фота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА

 



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: