Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Жыццё, вартае павагі

Жыццё, вартае павагі06 марта 2013 — 10:00

Ганна Аляксандраўна Буцько – жыхарка в.Вялікія Азёркі. Яе лёс, як і лёс многіх іншых жанчын яе ўзросту, цесна пераплёўся з рознымі гістарычнымі падзеямі: апаленая вайной маладосць, утварэнне калгасаў у Заходняй Беларусі, поспехі і цяжкасці жыцця ў савецкі і постсавецкі перыяды.   Зараз Ганне Аляксандраўне ўжо 92. Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, яна – цікавая субяседніца, з ахвотай успамінае аб самых розных момантах свайго няпростага жыцця. Нават помніць прозвішча першага настаўніка, які адначасова быў і дырэктарам пачатковай школы ў в. В. Азёркі (Кусцін), а прыязджаў з суседняга Дзярэчына. З гонарам паведамляе, што вучылася “на пяцёркі”: старалася вельмі, чытаць любіла. Менавіта таму напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны была загадчыцай хаты-чытальні ў вёсцы. Тады ж у 18-гадовым узросце выйшла замуж.

Аднак сямейнае шчасце давялося будаваць уперамежку з бедамі ваеннага ліхалецця: старэйшы сын Віця нарадзіўся ў склепе, мужа прызвалі на фронт, там жа загінуў брат… Пакуль муж ваяваў і разам з часцямі Савецкай Арміі дайшоў ажно да Прагі, Ганна Аляксандраўна дапамагала партызанам: хадзіла па хатах і збірала  для іх яйкі, пякла хлеб па 6 важкіх боханаў з адной печы. 

 Калі ў 1944 г. на вызваленай ад нямецкіх захопнікаў тэрыторыі Заходняй Беларусі ўпершыню пачалі стварацца калгасы, Г. А. Буцько  была ў ліку першых членаў калгаса “Зара”. Узначаліў яго  Сямён Кірылавіч  Сувораў– рускі, застаўся у нашай мясцовасці пасля вайны. Калгас уключаў тады толькі вёскі Вялікія і Малыя Азёркі, Букштава. Ганна Аляксандраўна дазволіла размясціць прама ў сваёй хаце калгасную кантору. Усе маладыя гады і да самай пенсіі гэтая нястомная і энергічная жанчына аддала сумленнай працы ў родным калгасе: была і брыгадзірам, і звеннявой. За гэта мае шматлікія ўзнагароды, сярод якіх – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Аднак з найбольшым гонарам і задавальненнем Ганна Аляксандраўна ўспамінае пра тое, як яна ў ліку лепшых калгаснікаў двойчы ездзіла ў Маскву на ВДНГ.

Як кажуць, есць чым ганарыцца, ёсць аб чым успомніць, расказаць унукам… Жыццё складанае і, разам з тым,  такое шчырае, сціплае і добрасумленнае ад самага пачатку і да сённяшніх дзён! Яно, як і сотні падобных жаночых лёсаў,  сапраўды вартае таго, каб пра яго ведалі, ганарыліся, бралі прыклад нашчадкі.

І. ГАРБАЦЭВІЧ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: