Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Жанчына, у якой залатыя рукі

Жанчына, у якой залатыя рукі23 апреля 2016 — 10:00

 Партрэт Жанны Лявонцьеўны Новік, дырэктара дзяржаўнай установы культуры “Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў”, занесены на раённую Дошку гонару. 

Пераканана,  многія, хто асабіста знаёмы з Жаннай Лявонцьеўнай і хто хоць аднойчы наведаў цэнтр, успрынялі  гэты факт як заканамернасць.У цэнтры рамёстваў яна працуе з першага дня яго  заснавання. Спачатку — метадыстам, і ўжо чацвёрты год узначальвае гэтую цікавую творчую ўстанову. Цяжка сказаць, якое  з народных рамёстваў не падуладна рукам Жанны Лявонцьеўны. Яна  ўмее прасць, ткаць,  вышываць,  вязаць  пруткамі і кручком, умее  ствараць прыгожыя рэчы са  скуры. тэкстылю. А калі  чаго яшчэ не ўмее, неадкладна бярэцца вучыцца, і  ўсё ў яе атрымліваецца як найлепш. Звычайна пра  такіх майстрых кажуць, што ў іх залатыя рукі.

    Калі  трапляеш у выставачную залу цэнтра,  міжволі спыняеш   позірк на саматканых дыванах,   вышываных  ручніках і абрусах, вязаных сурвэтках. Посцілкі-перабіранкі  нагадваюць кветкавы луг летам, на дыванах  рознымі колерамі ззяе вясёлка, нібы толькі што  прайшоў дождж. Я глядзела на гэтыя прыгожыя рэчы з захапленнем, а Жанна Лявонцьеўна з ледзь прыхаваным  смуткам. Гэтыя посцілкі і дываны некалі ткала яе мама Вера Уладзіміраўна Ду-біцкая. Яна ўмела не толькі ткаць, але і цудоўна вышывала, вязала, шыла— была майстрыха на ўсе рукі. На вялікі жаль,  Вера Уладзіміраўна рана пайшла з жыцця,  таму і смутак у вачах яе адзінай дачкі.  На  шчасце, мама паспела перадаць Жанне  амаль усе свае  таленты і  ўменні.

Жанна Лявоцьеўна лічыць, што ёй вельмі пашанцавала з работай. —  Цэнтр рамёстваў — для яе аддушына і бясконцая магчымасць тварыць.   А тварыць  Жанна пачала, ледзь  навучыўшыся трымаць у  руках іголку і нажніцы. У пяць гадоў яна самастойна шыла  ўбранні сваім лялькам. Ні ў адной з яе сябровак лялькі не мелі такіх прыгожых  сукенак, кофтачак і спаднічак.

   Калі яна падрасла, пачала шыць  уборы для сябе, фасоны і мадэлі прыдумвала сама і старалася, каб яны не паўтараліся. І ткаць ад мамы навучылася раней, чым  чытаць і пісаць.

   —Кросны ў бабулінай  хаце стаялі  цэлую зіму. Мама з бабуляй  Яўгеніяй Мікалаеўнай ткалі, а я ім дапамагала. Можна  сказаць, што вырасла пад кроснамі, —  з прыемнай настальгіяй успамінае  Жанна Лявонцьеўна сваё дзяцінства.

Аб спецыяльнасці швачкі ці ткачыхі Жанна Лявонцьеўна тады сур’ёзна не думала. Меркавала, што шыць і вязаць павінна  ўмець любая жанчына. А прафесію варта выбіраць сур’ёзную. Жаніна мама працавала настаўніцай пачатковых класаў. Дачка, паслухаўшыся яе парады, спрабавала паступіць у педагагічны інстытут. Праўда, жыццё  ўсё расставіла па сваіх месцах. Замест   педінстытута Жанна паступіла ў Мінскі тэхналагічны тэхнікум лёгкай прамысловасці, дзе атрымала спецыяльнасць канструктара-мадэльера.

Узначаліўшы  цэнтр рамёстваў, Жаннна Лявонцьеўна прымае рашэнне нечаканае нават для самой сябе: зноў становіцца студэнткай  факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, дзе вывучае народныя  промыслы і рамёслы.

    —Калі б я паступіла  ва ўніверсітэт на год раней, дык дыплом атрымала б разам са старэйшай дачкой Верай,  яна ў  гэтым годзе заканчвае ўнівер-сітэт і будзе архітэктарам, —  з гумарам   расказвае  Жанна Лявоцьеўна пра сваё  і дачкі студэнцтва.

   Калісьці мама навучыла яе прамудрасцям многіх народных промыслаў. Цяпер Жанна Лявонцьеўна стараецца  перадаць   свае навыкі дочкам Веры і Лізе. Дзяўчаты могуць  шыць, вязаць, вышываць  і нават на кроснах ткаць. Абедзьвюм ад мамы перадалося  жаданне тварыць. Абедзьве закончылі мастацкае аддзяленне  Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў, абедзьве цудоўна малююць. Ліза, як і старэйшая сястра,  марыць стаць архітэктарам. Галава сям’і Алег Васільевіч  сам канкрэтна  рамёствамі не займаецца, але сваёй    творчай  жаночай  палове сям’і  заўсёды імкнецца дапамагчы, чым можа.  Нарыхтаваць і прывезці саломы з поля, накасіць асакі  для пляцення і забяспечыць майстроў  цэнтра іншымі неабходнымі   для работы матэрыяламі —  для яго як закон.

Нават на сваім прыся-дзібным участку Новікі пасеялі і вырошчваюць  спецыяльную траву і спецыяльны гатунак жыта з доўгімі сцяблінамі. Усё гэта пазней зразаецца нажніцамі ці жнецца сярпом, каб яшчэ пазней ператварыцца ў цудоўныя саламяныя шэдэўры.

    З задавальненнем усведамляю: калі  ёсць  сярод нас  творчыя асобы, якія не толькі  здольны самыя  нешта тварыць, але і вучаць гэтаму іншых — духоўныя і  культурныя скарбы  нашых  продкаў не знікнуць.Сёння ў цэнтры рамёстваў працуюць сем майстроў. У іх малодшае пакаленне можа навучыцца ткаць, вышываць, вязаць, салома і лозапляценню, кераміцы і ганчарству, разьбе па дрэву і многім іншым відам рамёстваў.

Сёння Вольга Вайтовіч і Вольга Альховік, напрыклад,  засвойваюць  спіральнае пляценне з саломы. Гэта старажытны, амаль забыты спосаб саломапляцення, з ім пазней майстры змогуць пазнаёміць усіх жадаючых.

    —У тым, што  работа нашага цэнтра адзначалася шматлікімі граматамі  і дыпломамі, а мой партрэт  занесены на раённую Дошку гонару  — заслуга ўсяго  дружнага калектыву цэнтра,  — лічыць Жанна Лявонцьеўна.

   Быў час, калі Жанна Лявонцьеўна спрабавала ў Мастах адкрыць  прыватнае атэлье. Шэраг     аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын перашкодзілі  тады яе планам. А шкада, бо многім мастаўчанам яна магла б дапамагчы апранацца элегантна, модна і, што немалаважна, індывідуальна. Што яна  швачка ад Бога, мела магчымасць пераканацца сама.  У свой час я звярталася да Жанны Лявонцьеўны  пашыць сукенку на ўрачыстасць. І сёння з удзячнасцю  ўспамінаю, з якой зацікаўленасцю і творчым падыходам яна аднеслася да майго заказу. Пазней знаёмыя, убачыўшы на мне абноўку, пыталіся, дзе я набыла такую прыгожую і арыгінальную сукенку. Для  швачкі — гэта самая  высокая ацэнка яе працы. Не  ўтрымалася, каб не спытаць у Жанны Лявонцьеўны, ці не шкадуе , што не стала  прадпрымальнікам?

   — Цяпер ужо адназначна магу сказаць, што  не  шкадую. Мне здаецца, што я больш   творца, чым рамеснік. Вядома, і ў майстэрні я шыла б  прыгожае адзенне, якое, спадзяюся, падабалася б  кліентам. А ў цэнтры  ёсць  унікальная магчымасць тварыць і   натхняць на творчасць іншых, гэта мяне задавальняе больш, — пераканана Ж.Л. Новік.       

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

Фота  з сямейнага  альбома Ж. Новік



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: