Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья Шевчик

Работнікі культуры Мастоўшчыны адзначаюць прафесійнае свята

Работнікі культуры Мастоўшчыны  адзначаюць  прафесійнае свята13 октября 2018 — 08:05

Сёння адзначаецца Дзень работнікаў культуры – прафесійнае свята тых, хто ў дождж і спякоту, нават калі на сэрцы маркотна, стварае нам святочны настрой і дорыць радасць зносін з чароўным светам мастацтва.

 

Як адзначыла загадчык сектара культуры Мастоўскага райвыканкама Анастасія Палуйчык, сёлета жыхары нашага горада і сельскіх населеных пунктаў сталі не толькі сведкамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі цікавых культурна-масавых мерапрыемстваў, канцэртаў, майстар-класаў, фестываляў і конкурсаў. Сярод іх – свята ракі Нёман і дзень нараджэння горада Масты, акцыя “Чытаем па-беларуску” і бібліяноч, фестываль “Мелодыі памежжа” і летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва” у Гудзевічах.

 

Тым часам аграгарадкі Мастоўшчыны на працягу года ладзілі свае брэндавыя мерапрыемствы. Гэта свята бліноў у Харціцы, фальклорнае свята “Па сцежках спадчыны” у Вялікіх Азёрках, струбніцкі фэст і народнае гулянне “На святога Яна” у Правых Мастах.

 

У Мікелеўшчыне запрасілі на свята майстроў, а ў Гудзевічах - на гудзевіцкі фэст “Купальскія таямніцы”. Шмат удзельнікаў сабралі народныя гулянні “Вянок чароўных кветак” у Глядавічах і “Вясёлая павозка – чатыры колы” ў Курылавічах. Як заўсёды весела і цікава было на свяце малака і хлеба ў Дубна, а свята кветак у Мілявічах прайшло пры актыўным удзеле самых юных жыхароў аграгарадка.

 

“Зяльвянскія ігрышчы”, “Святая Ганна – дабрабыт у хату”, “Свята па-стралецку”, “А ў гародзе ярыца”, “Крухмальныя гісторыі” – гэтыя мерапрыемствы сталі брэндамі ў Песках, Пацавічах, Стральцах, Зарудаўі і Вялікай Рагозніцы адпаведна.

 

Насычана значнымі падзеямі і высокімі ўзнагародамі і жыццё выхаванцаў Мастоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Так, сёлета харэаграфічны калектыў “Чамучкі” стаў лаўрэатам абласнога конкурсу “Скокі ва ўсе бокі”, а юныя танцоры з калектыву “Выкрутасы”  - лаўрэатамі рэспубліканскага фестывалю “ЛьВёнак”. Дыплом першай ступені заваявала на абласным конкурсе-плэнэры Ліяна Прыбалавец, а Уладзіслаў Хільмановіч стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дарэчы, наш юны зямляк будзе ўдзельнічаць у тэлевізійным конкурсе “Талент краіны”.

 

Крэатывам і новымі формамі работы напоўнены працоўныя будні і астатніх устаноў культуры. Дастойнае месца ў культурным жыцці Мастоўшчыны заняў бібліякараван “Кнігі будуюць масты”, што ладзіўся да Дня бібліятэк. Здзіўлялі інтэрактывам і зусім не сумнымі музейнымі заняткамі супрацоўнікі музея “Лес і чалавек” і Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея. З масай станоўчых ўражанняў вярнуліся з фестывалю “Александрыя збірае сяброў” майстры раённага цэнтра рамёстваў.

 

- Адным словам, Мастоўшчына жыве насычаным і разнастайным жыццём, поўным прыгажосці, духоўнасці і маральнага задавальнення, якое нясе з сабой культура, -  падкрэсліла Анастасія Валер’еўна Палуйчык. – І ў гэтым вялікая заслуга работнікаў гэтай сферы – творчых, неардынарных, энергічных і адданых любімай справе. Ім многае пад сілу: парадаваць сваёй творчасцю, захапіць, уразіць, падбадзёрыць і натхніць.

 

Напярэдадні прафесійнага свята многія з культработнікаў былі адзначаны ўзнагародамі. Сярод іх – навуковы супрацоўнік музея “Лес і чалавек” М.Жвірбля, загадчык філіяла “Мастоўская раённая дзіцячая бібліятэка” Т.Ярашук, намеснік дырэктара школы мастацтваў Н.Заблоцкая, намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры С.Кузьміцкі, загадчык філіяла “Дубненскі цэнтр вольнага часу і культуры” А.Герасімчык, машыніст сцэны РЦК С.Грудскі, загадчык аддзела раённай бібліятэкі А.Даўгун, рабочы  гаспадарчай групы У.Ломаў, бухгалтар Л.Нюнько, бібліятэкар Стралецкай бібліятэкі Н.Марчык, майстар народных промыслаў цэнтра рамёстваў В.Альховік, настаўнік па класу фартэпіяна школы мастацтваў А.Плішань, старшы навуковы супрацоўнік музея “Лес і чалавек” С.Рагацэвіч, сакратар вучэбнай часці школы мастацтваў М.Русць, інжынер-праграміст раённай бібліятэкі В.Саўко, галоўны захавальнік фондаў Гудзевіцкага музея М.Сідар.

 

Н.ШЭЎЧЫК

 

Фотакалаж А. МАКАР

 

  Шаноўныя работнікі  культуры і ветэраны працы!
 
Ад усёй душы віншуем вас з прафесійным святам – Днём работнікаў культуры!
 
Выказваем глыбокую ўдзячнасць за вашу самаадданую працу. Менавіта дзякуючы вашым намаганням, ведам, вопыту, таленту культура ў сваіх лепшых узорах і праявах служыць людзям. Прыміце шчырыя словы падзякі за тое, што вы дастойна прадстаўляеце мастоўскі край на конкурсах рознага ўзроўню, за тое, што пра нашы калектывы ведаюць не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.
 
Асабліва цёплыя словы ў гэты дзень хочацца сказаць людзям, якія ўнеслі неацэнны ўклад у станаўленне і развіццё культуры Мастоўшчыны і сёння не адмаўляюць у дапамозе і парадзе. 
 
Ад усёй душы жадаем усім моцнага здароўя, аптымізму, творчага натхнення, новых поспехаў і дасягненняў у нялёгкай, але такой патрэбнай працы на карысць роднай Беларусі!
 
А.Палуйчык
                       загадчык сектара культуры Мастоўскага райвыканкама
Т.Стэльмах,
старшыня Мастоўскага райкама профсаюза работнікаў   культуры, інфармацыі, спорту  і турызму
 

 

 

  


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио