Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Застылі на курганах абеліскі

Застылі на курганах абеліскі12 июля 2014 — 10:00

 23 чэрвеня 1944 г. пачалося наступленне савецкіх войск і бітва за вызваленне Беларусі. Яму папярэднічала моцная артылерыйская і авіяцыйная падрыхтоўка.  Яна абвясціла аб пачатку стратэгічнай наступальнай аперацыі “Багратыён”, удзел у якой прымалі чатыры франты: I, II, III Беларускія і Прыбалтыйскі. У напрамку Прынямоння ішлі войскі I і II Беларускіх франтоў.

  4 ліпеня пачаўся другі этап Беларускай наступальнай аперацыі.  У адпаведнасці з дырэктывай стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання, войскам II Беларускага фронту была пастаўлена задача развіваць наступленне ў напрамку Навагрудак-Ваўкавыск-Беласток.

 У баявым данясенні штаба дывізіі камандзіру 35-га стралковага корпуса адзначалася, што часці дывізіі з 7 гадзін 11 ліпеня пачалі праследванне праціўніка па двух напрамках: 1090-ты, 1086-ты стралковыя палкі – на Стукалы, Каралі, Левыя Масты, 1083-ці – на Шасцілы, Чарлёнку, Каралі, Масты.

 Жорсткія баі ішлі на пераправах ракі Нёман за горад Масты, каля вёскі Лунна, на берагах Шчары. Пра подзвіг салдат нагадваюць помнікі, якія засталіся на мастоўскай зямлі.Больш за сотню жыхароў вёскі Занёманск змагаліся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У пасляваенны час вёска стала вуліцай горада Масты. Тут знаходзіцца помнік загінуўшым землякам. Помнікі загінуўшым землякам знаходзяцца таксама ў многіх вёсках Мастоўскага раёна: Вялікіх Азёрках, Галубах, Глядавічах, Гудзевічах, Дзенькаўцах, Курылавічах, Лунна, Мікелеўшчыне, Малькавічах.

  У баі за горад Масты загінуў камандзір узвода 1172-га стралковага палка малодшы лейтэнант Іван Несцеравіч Тордзія. Ён  і другія воіны  пахаваны  пад векавым развесістым дубам. На тым месцы зараз знаходзіцца   помнік.     А помнік   загінуўшых воінаў і партызан знаходзіцца ў цэнтры горада па вуліцы Савецкай. Тут пахавана 855 воінаў і партызан, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у тым ліку Герой Савецкага Саюза В. П. Жукаў.

  Бюст Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета ўстаноўлены на тэрыторыі Лунненскай школы. Дваццацігадовы Іван Шарамет 14 ліпеня 1944 года ў саставе групы байцоў пераправіўся цераз раку Нёман каля вёскі Лунна. На захопленым плацдарме адбіў дванаццаць контратак, загінуў у гэтым баі. Імем героя названы вуліца і школа ў вёсцы Лунна.

 Яшчэ каля Лунна  фарсіравалі Нёман воіны    64-й стралковай дывізіі ў 1944г. За кіламетр ад вёскі 14 ліпеня 1944г. воіны 433-га стралковага палка 64-й стралковай дывізіі 49-й арміі Беларускага фронту таксама фарсіравалі Нёман. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні ракі, у баях за плацдарм званне Героя Савецкага Союза прысвоена лэйтэнанту С.З.Сухіну, сяржанту С.М.Калініну, радавым М.С.Майдану, А.П.Нічыпарэнку, У.І.Салопенку, І.Р.Шарамету.

На правым беразе Шчары знаходзіцца мемарыял савецкім воінам, героям-землякам і ахвярам фашызму. Гэта бетонная стэла з барэльефам байцоў і мірных жыхароў, а побач ляжаць пліты, на якіх назвы вёсак і сотні прозвішч...

Месца знаходжання мемарыялу не выпадковае: Ліпічанская пушча ўпісала сваю яркую старонку ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, была галоўнай партызанскай базай Гродзеншчыны. Нягледзячы на некалькі блакад, упартых баёў з вялікімі сіламі ворага, яна так і засталася свабоднай. 12-13 ліпеня 1944 года воіны ІІ Беларускага фронту ў Ліпічанскай пушчы сустрэліся з партызанамі. Тут знаходзіліся чатыры брыгады і два атрады. Але мемарыял у Шымках – гэта памяць не толькі аб усіх тых, хто змагаўся з ворагам, але і аб тысячах загінуўшых мірных жыхароў.      

 І. КАВАЛЕЎСКАЯ,бібліёграф Мастоўскай ЦБС(Пры напісанні артыкула  выкарыстаны матэрыялы з кнігі “Памяць.Мастоўскі раён”, з артыкулаў  газет “Зара над Нёманам” і “Гродзенская праўда”).



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: