Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

Запаліўся ў Зарудаўі блакітны агеньчык

Запаліўся ў Зарудаўі блакітны агеньчык30 декабря 2015 — 10:00

 Знакавым стаў 2015 год, што адлічвае свае апошнія дзянькі, для жыхароў аграгарадка Зарудаўе. Сёлета гэты населены пункт быў газіфікаваны. Значная заслуга ў гэтым належыць гаоўнаму спецыялісту Пескаўскага сельвыканкама, дэпутату Мастоўскага раённага Савета Ганне Альбінаўне Таўкун. Свой дастойны ўклад у агульную справу ўнеслі стараста аграгарадка Ганна Віктараўна Бурдзюк і яго жыхарка  Алена Міхайлаўна Мірошнікава.

Больш за дваццаць сем’яў зарудаўцаў ужо адчулі перавагі блакітнага паліва: у дамах на працягу дня цёпла і ўтульна, у мінулым засталіся клопаты па назапашванні дроў і брыкету, не трэба паліць печ ці сачыць за катлом на цвёрдым паліве, увесь час падтрымліваючы ў ім агонь. А яшчэ паўтара гады таму ўсё гэта было толькі ў марах.

Жаданне мець у сваіх дамах прыродны газ, які быў пракладзены да Зарудаўя з вёскі Калядзічы Ваўкавыскага раёна, выказалі больш за 60 жыхароў аграгарадка. На працягу года яны ўносілі неабходныя грашовыя сродкі. Прычым, вяскоўцы аплачвалі толькі 30 працэнтаў кошту гэтага праекта, астатнія 70 працэнтаў – сродкі абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.

-- Калі газіфікацыя толькі пачыналася, у насельніцтва не было ўсіх неабходных дакументаў. Таму мая асноўная задача заключалася ў тым, каб людзі своечасова аформілі праваўстанаў-ліваючыя дакументы на зямельныя ўчасткі і правялі дзяржаўную рэгістрацыю сваіх будынкаў, — расказвае галоўны спецыяліст Пескаўскага сельвыканкама, дэпутат Мастоўскага раённага Савета Ганна Альбінаўна Таўкун. Яна, дарэчы, таксама з’яўляецца жыхаркай Зарудаўя.

Асноўная нагрузка па зборы грошай і вядзенні перамоў з арганізацыямі, што займаліся пракладкай газаправода і падключэннем абсталявання, лягла на плечы старасты аграгарадка Ганны Віктараўны Бурдзюк і жыхаркі Алены Міхайлаўны Мірошнікавай.

-- Усе, хто ўжо мае магчымасць карыстацца прыродным газам, вельмі задаволены. Людзі столькі чакалі, спадзяваліся, і вось, нарэшце, сталі жыць у камфорце, не раўнюючы, як гарадскія жыхары, — выказвае і свае ўласныя ўражанні, і меркаванні сваіх аднавяскоўцаў Ганна Віктараўна. Яна добра ведае кожнага гаспадара і кожны дом, дзе сёлета запаліўся блакітны агеньчык. Расказвае нам стараста і пра расіян, якія прыязджаюць у Зарудаўе летам, і пра жыхароў беларускай сталіцы, што маюць свой домік у вёсцы. Яны таксама сталі карыстальнікамі доўгачаканай  выгоды.

Сваё задавальненне праведзенай газіфікацыяй выказалі Таіса Аляксандраўна і Цярэнцій Барысавіч Навіцкія.

-- Па першым часе было вельмі нязвыкла, бо не трэба ісці за дровамі і брыкетам. Паціху прызвычваемся да новага ўкладу жыцця, — з непрыхаванай радасцю    адзначаюць муж і жонка Навіцкія. Дарэчы, Цярэнцій Барысавіч, з’яўляючыся старшынёй колішняга калгаса “Савецкая Беларусь”, яшчэ ў 90-ыя гады планаваў газіфікаваць вёскі гаспадаркі. Ужо нават і трубы былі закуплены. Аднак рэалізаваць задуманае не ўдалося з-за распаду Саюза.

Ужо маюць прыродны газ у сваіх дамах Наталля Анатольеўна Чубрык, Марына Францаўна Данцэвіч, Марыя Уладзіміраўна Рахунок і многія іншыя зарудаўцы – усяго было пададзена  каля 30 заяў на падключэнне.-- Нарэшце і мы дачакаліся таго часу, калі можам не турбавацца пра паліва на зіму. Ды і дзеці, і ўнукі з большым задавальненнем застаюцца гасцяваць у цёплым бабуліным доме, — дзеліцца меркаваннямі Марына Францаўна.

Напэўна, каб ацаніць ўсе перавагі і магчымыя недахопы праведзенай газіфікацыі, трэба пражыць з газам не год і не два. Аднак ужо зараз можна сказаць, што гэтая падзея ўвойдзе ў гісторыю аграгарадка Зарудаўе. Прычым, як падзея яго далейшага развіцця, бо вёска, у якой ёсць прыродны газ, не можа знікнуць як бесперспектыўная. І гэта ўжо факт.

Н.ШЭЎЧЫК

Фота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио