Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Залатыя рукі майстра і салому робяць залатой

Залатыя рукі майстра і салому робяць залатой17 августа 2015 — 10:00

 Вольга Юр’еўна Вайтовіч і Вольга Мікалаеўна Альховік працуюць  майстрамі па саломапляценню ў Мастоўскім раённым  цэнтры рамёстваў. Звычайна свае саламяныя шэдэўры яны ствараюць  дуэтам. І калі на шматлікіх  выстаўках выстаўляюць свае вырабы,  іншыя майстры цэнтра  стараюцца стаць паміж Вольгамі. Лічаць, што гэта будзе садзейнічаць іх  творчай  удачы, а на кірмашы  і іх  вырабы будуць  хутка і выгадна прадавацца. 

Гавораць, што ў людзей творчых шлях у прафесію не бывае  лёгкім і простым. Творчы працэс ­­ гэта  адначасова натхненне і расчараванне, радасць і пакута,  смех  і слёзы. Абедзьве Вольгі з саломапляценнем пазнаёміліся яшчэ ў дзяцінстве. Праўда, у дзяцінстве мы многа чаму хочам навучыцца і  шмат чым захапляемся,  а пазней пра нешта забываем, да іншага застаемся раўнадушнымі.

Калі ў тагачаснай Струбніцкай  школе класны кіраўнік  Вольгі Вайтовіч Тамара Раманаўна  Рагацэвіч  прапанавала вучням  гурток па саломапляценню, запісаліся амаль усе дзяўчынкі з яе класа. Вольга не стала выключэннем. Займаліся  ў гуртку многія, навучыліся працаваць з саломай,     няблага засвоілі  тэхніку пляцення, а вось  на сёння вернай гэтаму прыгожаму рамяству  засталася толькі Вольга. Гэтаму, напэўна, паспрыяў  і той факт,  што пасля заканчэння дзевяці класаў  дзяўчына  паступіла ў Ваўкавыскі  педагагічны каледж, дзе таксама працаваў аналагічны гурток, і Вольга наведвала яго заняткі. Нават  адну з курсавых работ, за якую атрымала выдатную адзнаку, яна выканала па саломапляценню.

 ­­ - Гэта быў вялізны і даволі прыгожы   баран. Такі жоўценькі, залацісты, ну, проста  як з чароўнай казкі!  Чаму я  спляла з саломы менавіта  барана, сёння ўжо не памятаю,­­  - з усмешкай успамінае Вольга Вайтовіч  студэнцкія гады і таго саламянага барана.

А сёння яе васьмігадовая дачушка Вераніка, якая любіць прыбягаць да мамы на работу,  не толькі назірае, як яна працуе, але і сама бярэцца плесці  пакуль што просценькія рэчы. - ­­Можа, з цягам часу Вераніка сур’ёзна зацікавіцца саломапляценнем, пакуль што яна замалая для гэтага. Пачынаць вучыцца гэтаму рамяству  пажадана гадоў з дзесяці. Меншыя дзеці непаседлівыя, а саломапляценне патрабуе цярпення. Многім хлопчыкам і дзяўчынкам, якія прыходзяць  да нас у цэнтр, хочацца зрабіць з саломы прыгожую рэч адразу, а так не атрымліваецца, і    такія няўрымслівыя дзеці, на жаль,   расчароўваюцца  ў нашым рамястве. Важна, каб і рукі ў будучага  майстра раслі, адкуль патрэбна. Гэта я пра здольнасці, якія даюцца нам  ад Бога, ­­ - такія рэкамендацыі дае Вольга Вайтовіч будучым майстрам.  

 А Вольгу Альховік саломапляценнем захапіла тагачасная загадчыца Малькавіцкай бібліятэкі Галіна  Вацлаваўна Мякета.­­- Яна ўмела  не толькі зацікавіць нас чытаннем добрых кніг, але і  добра ладзіла з дзецьмі, з ёю можна было пагаварыць на любую тэму, да яе парад мы ўсе прыслухоўваліся. І калі Галіна  Вацлаваўна прапанавала навучыцца   плесці з саломы прыгожыя рэчы, да яе ў гурток запісаліся амаль усе мае аднакласнікі. Праўда, прыгожыя рэчы  ў нас пачалі атрымлівацца не адразу, самыя непаседлівыя  пакінулі гэты  занятак. Мне ж цікава было доўгімі вечарамі прападаць у бібліятэцы, праўда, тады я не здагадвалася, што любоў да саломы ў мяне сур’ёзная і надоўга, ­­  вяртаецца  ўспамінамі  ў дзяцінства Вольга Альховік. Ды і як можна было здагадацца, калі пасля школы яна паступіла ў Гродзенскі гандлёвы  каледж і спадзявалася, што  будзе прадаўцом.  А сёння яе старэйшы сын Мікіта, назіраючы, як мама працуе з  саломай, з гонарам канстатуе, што ў мамы  залатыя рукі.   Абедзьве Вольгі, перш чым прыйсці на работу ў цэнтр рамёстваў, паспрабавалі сябе ў розных відах дзейнасці. Затое сёння яны лічаць, што ім з работай пашанцавала.

 - ­Скажу даволі   банальна, але шчыра: калі чалавек з  радасцю раніцай ідзе на працу, значыць, ён шчаслівы,­­ - прыходзіць да высновы Вольга Вайтовіч.­­ Калі мы на   выстаўках дэманструем свае вырабы і бачым, як іскрацца вочы ў наведвальнікаў, а некаторыя прыходзяць у такое захапленне, што просяць нас навучыць і іх плесці з саломы, разумееш, што твая работа прыносіць задавальненне не толькі табе, але і іншым, радасна  ўдвайне, ­­дапаўняе Вольга Альховік.

У цэнтры рамёстваў  на платнай аснове  дзейнічаюць курсы па саломапляценню, дзе на занятках залатое саламянае рамяство асвойваюць дарослыя і дзеці. Майстроў задавальняе і радуе той факт, што сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх за вушы трэба адцягваць ад камп’ютараў, пазнаёміўшыся ў цэнтры з ткацтвам, ганчарствам, лозапляценнем і іншымі рамёствамі, праз некаторы час  робяць вывад,  што гэта  не менш цікава, чым камп’ютарныя гульні­стралялкі.

У цэнтры  і я сама  не толькі  атрымліваю асалоду ад прыгожых работ майстроў. З размовы з   Вольгамі шмат чаго даведваюся цікавага пра саломапляценне. Для работы найбольш падыходзіць жытнёвая салома, у яе сцяблінкі самыя доўгія. Майстры  салому пачынаюць  нарыхтоўваць у ліпені, пакуль  не перасохла.  Затым яе  адбельваюць, фарбуюць,  прасуюць. І  толькі пасля  гэтага  залатыя рукі майстра твораць з саломы залатыя цуды, якімі  ўсе мы любуемся і  захапляемся ў час выстаў.        Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: