Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Залатыя рукі маці

Залатыя рукі маці12 октября 2010 — 10:00

Ткацкія, вышываныя, вязаныя, разныя вырабы, а таксама вырабы з саломкі прадстаўлены ў Мікелеўшчынскім музеі Маці. Гэтая экспазіцыя ўвесь час папаўняецца.

Работа, выкананая любым майстрам, нясе ў сабе індывідуальную непаўторнасць, сімвалізм, у яе ўкладзены пэўны змест, які перадае аўдыторыі пачуцці і перажыванні аўтара. Творы, сабраныя ў музеі Маці, напоўнены асаблівай энергетыкай, таму што  выкананы жанчынамі-маці. Адметнай іх асаблівасцю з’яўляецца прастата сюжэта, як і ў штодзённых адносінах маці і дзіцяці: каб зразумець адзін аднаго, іншы раз ім не патрэбны нават словы, дастаткова аднаго позірку.

  Вось на карціне выява хлопчыка з сабакам, што з дапамогай толькі адной рукі вышыла Алена Кліменцьеўна Шарай з Курылавіч. Многія дзеці захапляюцца жывёламі. Аб гэтым сваімі вышыванымі карцінамі “Коцік у карзінцы” і “Хлопчык з сабакам” гаворыць і Іна Вячаславаўна Машкала з Мілявіч. Лета – адна з любімых пораў года дзетвары. Менавіта тады паспяваюць сланечнікі – адзін з любімых яе ласункаў, што вышыла на сваёй карціне Таццяна Вайцехаўна Салалайка з Заполля. Ікону Божай Маці, вышытую шасцігранным балгарскім крыжыкам, падарыла музею Аліна Іванаўна Касач з Мілявіч. Жыхарка Мастоў Надзея Пятроўна Біліда вышывае зараз спецыяльна для Мікелеўшчынскага музея абрус.Майстрыха з Дубна Яўгенія Аляксандраўна Найда падарыла музею свае вышываныя фартух, рушнік, саматканую спадніцу. Жыхаркі Алешавіч і Дашкаўцаў Зінаіда Уладзіміраўна Рымко і Валянціна Паўлаўна Альховік дапоўнілі экспазіцыю тканымі дыванамі. 

Вялікае замілаванне наведвальнікаў вы-кліча і драўляны мужычок, выразаны майстрыхай Зінаідай Аляксандраўнай Давыдзік з Мастоў. Ёсць у музеі і мноства саламяных работ, выкананых Аленай Васільеўнай Мінінай з Мастоў. Яе абручы, званочкі, капялюшык і сумка вельмі ўдала дапоўняць новы раздзел пад назвай “Залатыя рукі маці”. Свае работы з бісеру «Фіялкі» і «Крокусы» падарыла Таццяна Мікалаеўна Рахунак з Мілявіч.

Як паведаміла кіраўнік Мікелеўшчын-скага музея Маці Тамара Міхайлаўна Канд-ратовіч, у бліжэйшых планах музея -- афармленне тэматычнага фрагмента, які прадставіць маці ў старабеларускім        адзенні, схіленую над калыскай з маленькім дзіцяткам. Цэлы год над зборам і сістэматызацыяй экспазіцыі працавалі Т. М. Кандратовіч разам з 15 выхаванцамі школьнага гуртка “Музейная справа”. “Дзецям вельмі падабаецца бываць у розных вёсках Мастоўшчыны, знаёміцца з новымі цікавымі людзьмі, іх творчымі здабыткамі, - гаворыць Тамара Міхайлаўна, - іншы раз таленавітую майстрыху знайсці, бывае, не так проста, у гэтым выпадку нам на дапамогу прыходзяць старшыні мясцовых сельвыканкамаў”. За гэты час музей паспелі наведаць многія нашы землякі. Кожны раз яны былі ў захапленні ад убачанага, аб чым сведчаць шматлікія запісы ў кнізе наведвальнікаў.

Да Дня маці рабяты–выхаванцы гуртка разам са сваім кіраўніком рыхтуюць святочнае мерапрыемства “З любоўю на ўсе часы”, апагеем якога стане вельмі прыемны сюрпрыз для шматдзетнай маці  Ліліі Чаславаўны Лішко (падрабязнасці, па зразумелых прычынах, мы не паведамляем). Цеплыня матуліных рук, што атуляе чалавека змалку, надае яму сіл на ўсё далейшае жыццё. Людзі, якія дастаткова пазналі матчынай ласкі, спалучаны гэтым нябачным адзінствам са сваімі дзецьмі.  І так было, ёсць і будзе з пакалення ў пакаленне. 

                                 А. ШВЯДКО



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: