Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Захавальніца гісторыі зямлі Гудзевіцкай

Захавальніца гісторыі зямлі Гудзевіцкай22 марта 2011 — 10:00

Пра Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. Пачынальнікам яго ў 1968 годзе стаў Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Алесь Мікалаевіч Белакоз. З чэрвеня 2004 года справу Алеся Мікалаевіча прадаўжае Вольга Віктараўна Клімуць.

Пра выбар  жыццёвай дарогі

Як прызнаецца Вольга Віктараўна, першапачаткова яна збіралася пакінуць родную Кулёўшчыну - вёсачку, што злілася ўжо цяпер з Гудзевічамі. Бацькам-калгаснікам даводзілася шмат працаваць, каб даць тром сваім дочкам усё самае неабходнае, вывучыць іх. Усведамляючы гэта, вясковая дзяўчына Вольга хацела змяніць сельскае жыццё на гарадскі быт. Таму пасля заканчэння Гудзевіцкай школы паступіла ў Гродзенскі політэхнічны тэхнікум. Затым было размеркаванне ў Магілёў на завод “Магілёўсельмаш”. Адпрацаваўшы належны тэрмін, Вольга зноў вярнулася ў родную вёску да бацькоў. Прыйшоў час наладжваць асабістае жыццё, але, на жаль, яно склалася не па сцэнарыю са шчаслівай канцоўкай. Адзіным напамінам пра чатыры гады сямейнага жыцця ў маладой жанчыны застаўся маленькі сын Андрэйка. Каб не быць абузай для сваіх бацькоў і хоць неяк пракарміцца, Вольга Віктараўна працавала ў Гудзевіцкім дзіцячым садзе памочнікам выхавацеля.

Лёсавызначальная  сустрэча

Спыняцца на гэтым прыпынку жыццёвай дарогі не хацелася. Была мара атрымаць вышэйшую адукацыю. Таму вечарамі Вольга Віктараўна стала чытаць адпаведную літаратуру, рыхтуючыся да паступлення. І лёс усміхнуўся жанчыне. Аднойчы, ідучы па вуліцы, выпадкова сустрэлася з дырэктарам   Гудзевіцкага музея Алесем Мікалаевічам Белакозам. Разгаварыліся аб жыцці-быцці. У выніку  Вольга Віктараўна  атрымала прапанову паспрабаваць свае сілы ў музейнай справе. Так яна стала захавальнікам фондаў. У тым жа 1992 годзе паступіла на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта, якое паспяхова закончыла. 

Пераломны  момант

Быў такі перыяд, калі Вольга Віктараўна магла расстацца з музеем назаўжды, трапіўшы пад скарачэнне. Але абставіны склаліся для яе спрыяльна. Жанчына стала працаваць на паса-дзе навуковага супрацоўніка, якую да выхаду на пенсію займала яе калега Алена Пятроўна Хомка, а яшчэ праз некалькі гадоў пасля гэтага Вольгу Віктараўну назначылі дырэктарам Гудзевіцкага музея.

Добрая справа  агульнымі  намаганнямі

Сёння ў штаце музея працуюць галоўны захавальнік, старшы навуковы супрацоўнік, тры назіральнікі. Гэта без уліку тэхнічнага персаналу. - Калектыў у нас дружны, - гаворыць Вольга Віктараўна. – Усё тое, што робіцца ў музеі, чаго ён дасягнуў за апошнія гады, - гэта дзякуючы нашаму калектыву.

Паўсядзённае  жыццё музея

За гады свайго існавання музей вырас са школьнага музейнага пакойчыка да УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей”. Зараз ён налічвае 9 экспазіцый.  Тут ладзяцца масавыя народныя святы (Калядкі, Масленіца, Дажынкі), прэзентацыі ці ўрачыстыя адкрыцці  выставаў.

--  Якая з выставаў, арганізаваных за апошні час, на Ваш погляд, самая запамінальная? – цікаўлюся ў суразмоўцы.

-- Экспазіцыя вышываных ікон пад назвай “Духоўнасць”, створаных умелымі рукамі гродзенскай майстрыхі Галіны Курносавай, - жанчыны вельмі неардынарнай, з чыстай душой. Работы наскрозь прасякнуты яе светлай аурай, уражваюць сваёй велічнай прыгажосцю, прымушаючы задумацца над мнагаграннасцю навакольнага свету.

Паўсядзённае жыццё Гудзевіцкага музея – гэта не толькі шматлікія вы-ставы і экскурсіі. Менавіта тут жыхары і госці Гудзевічаў шмат разоў сустракаліся з паэтамі і пісьменнікамі не толькі мастоўскай зямлі, але і ўсёй Гродзеншчыны (Людмілай Кебіч, Галінай Скаржынскай, Мікалаем Сяровым, Ірынай Навуменка, Антонам Янкоўскім).

Наведвальнікі ткацкага гуртка назіраюць за тым, як супрацоўніцы музея на вялікіх кроснах ткуць прыгожыя  падвойныя гарадзенскія дываны, посцілкі, абрусы, ручнікі, сурвэткі, а на маленькіх кроснах могуць самыя паспрабаваць саткаць прыгожы беларускі пояс.

Акрамя традыцыйных, у музеі існуюць такія платныя паслугі, як прадастаўленне інтэр’ераў музея для фатаграфавання, музейныя кансультацыі. Супрацоўнікі музея прымаюць  актыўны ўдзел у падрыхтоўцы разнастайных семінараў разам з раённым аддзелам адукацыі, у тым ліку і рэспубліканскіх.

У бліжэйшых планах супрацоўнікаў музея – дапоўніць экспазіцыю “Гісторыя Гудзевічаў у дакументах і фотаздымках” альбомам з фота-здымкамі, дакументамі, успамінамі мясцовых работнікаў сельскагаспадарчай галіны.

Пра жаночае шчасце

У рэдкія хвіліны вольнага ад работы часу Вольга Віктараўна любіць працаваць у агародзе, даглядае за кветкамі. Захапляецца творамі Караткевіча, Быкава і іншых беларускіх класікаў. Кожныя выхадныя яе наведвае цяпер ужо дарослы сын  Андрэй, дапамагае ў хатніх справах, а таксама, пры неабходнасці, знайсці “агульную мову” з камп’ютарнай тэхнікай. Менавіта дзякуючы яго намаганням быў створаны сайт музея.    Цяпер самая вялікая мара Вольгі Віктараўны – адчуць сябе ў ролі бабулі, удосталь напесціць шматлікіх унукаў. А тут ужо справа за сынам...

А. ШВЯДКОНа фотаздымках: В.В. КЛІМУЦЬ;у Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі.

Фота С. БУЙКО і В. ТКАЧОВА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: