Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноУрожай-2017Урожай-2017

За мужам як за каменнай сцяной

За мужам як за каменнай сцяной31 марта 2014 — 10:00

Кожнай  жанчыне хочацца быць за мужам як за каменнай сцяной. Асабліва патрэбна моцная  трывалая сцяна  і падтрымка вясковым кабетам.  На сяле ж процьма  работы, якая пад сілу толькі мужчыне: узараць палетак, падрамантаваць печ у  хаце ці плот на двары, які пакасіўся, накасіць сена каню і карове і многае іншае. У экстрэмальных умовах, вядома, за гэтую работу даводзіцца брацца і жанчынам, але ў такім выпадку  іх лёсу не пазайзросціш. Галіна Францаўна і Пётр Сцяпанавіч Грыгаровічы з Мастоў Правых  праз два гады, калі дазволіць Бог, адсвяткуюць  60 гадоў сумеснага жыцця. Суседкі па­добраму зайздросцяць Галіне Францаўне і лічаць, што ёй вельмі пашанцавала з мужам. Сёння ў іх трое дарослых дзяцей, чацвёра ўнукаў і   трое праўнукаў.  Жыццё працягваецца…

Пётр Сцяпанавіч не толькі  ўмее  араць, касіць ­­ гэтыя работы асвоілі  ўсе вясковыя мужчыны. Ён яшчэ здольны адрамантаваць боты ці туфлі, умее класць печы. Іменна за гэтую здольнасць  яго цэняць і паважаюць  аднавяскоўцы і жыхары навакольных вёсак. Нягледзячы на шаноўны ўзрост ён, пачынаючы з вясны, калі ў вёсках канчаюць паліць  у печах, амаль не затрымліваецца дома. Добрага печніка ў наш час трэба днём з агнём пашукаць, таму да яго звяртаюцца многія. Як прызнаўся Пётр Сцяпанавіч, за сваё жыццё ён склаў каля паўтары тысячы печаў, толькі ў Мастах Левых ­­ сто пяцьдзесят. А засвоіў гэтую няпростую справу, спадзяючыся толькі на свой розум і  ўмелыя рукі.

  Калі ў маладыя гады Грыгаровічы пабудавалі ўласны дом, паўстала  пытанне, хто будзе класць  печ. Да знаёмага печніка была ладная чарга. А тут і зіма не за гарамі, а новая хата без печы. Падумаў гаспадар і вырашыў:  “Няўжо сам не змагу яе скласць?”  Матэрыялы былі   закуплены  раней, і Пётр Сцяпанавіч прыступіў да яшчэ невядомай яму справы. Не сказаць, што сваю першую печ ён склаў хутка, але склаў. Калі яна прасохла, настаў ўрачысты момант: выпрабаванне на прыдатнасць абагравальнай канструкцыі ўласнага тварэння.

-- ­­Я, вядома ж, хваляваўся, пакуль жонка распальвала ў печы, але ўсё абышлося добра. Печ разгарэлася, дым пацягнуўся туды, куды яму трэба. Гаспадыня  засталася задаволенай: і печ зрабілі, і грошы сэканомілі,­­ -- з задавальненнем расказвае Пётр Сцяпанавіч пра свой самы першы вопыт печніка.

  Вёска поўніцца чуткамі. Праз некаторы час да Пятра Сцяпанавіча са слёзнай просьбай  пералажыць печ прыбегла суседка. Ніякія адгаворкі, што ён не пячнік, на жанчыну не дзейнічалі. ”Твая ж печ стаіць, не развальваецца і нават грэе”, ­­ як апошні аргумент у законнасць сваёй просьбы  прывяла яна. І Пётр Сцяпанавіч здаўся. Некалькі тыдняў ён  “чараваў” над печчу суседкі і пасля гэтага зразумеў, што з цягам часу з  яго ўсё­такі зможа атрымацца пячнік.

-- ­­Работа гэтая цяжкая і брудная, можа, таму маладыя не хочуць брацца за яе, а старэйшыя пячнікі паціху пакідаюць гэты свет. Вось і я не змог перадаць сваё ўменне ні сыну, ні зяцям, ­­ --  тлумачыць пячнік  са стажам, чаму такая патрэбная на  вёсцы спецыяльнасць трапіла ў разрад дэфіцытных.

  А лёс мог бы і не звесці Галіну і Пятра.  Пётр  Грыгаровіч  нарадзіўся ў Вілейцы. Служыў у арміі танкістам  на Далёкім Усходзе, у Прыморскім краі. Вярнуўся пасля службы ў родную Вілейку, шукаў сабе  работу. Мясцовы ваенкам  параіў маладому статнаму  хлопцу пайсці  ў ваенізіраваную ахову. Трыццаць гадоў  давялося яму   ахоўваць масты: спачатку ­­ у Вілейцы, а пасля ­­ у Мастах Левых.

Галіна нарадзілася ў Навінцы. На мосце праз Нёман  многа гадоў назад сышліся маладыя Пеця і Галя і пакахалі адзін другога. У 1956 годзе яны згулялі вяселле і з таго часу крочаць па жыцці разам. Мост звёў іх на  ўсё жыццё.

У госці да Грыгаровічаў мы завіталі ранняй вясной. Нам пашанцавала, работы пільнай  і тэрміновай у гаспадароў не было.  Расада, пасеяная руплівай Галінай Францаўнай, пакуль яшчэ падрастае. Дзве вялізныя цяпліцы ў агародзе  стаяць пустыя, іх толькі спрабуе  абаграваць  першае вясновае сонейка.   А яшчэ Пётр Сцяпанавіч і Галіна Францаўна з дапамогай  уласнага каня Орліка апрацоўваюць гектар зямлі, які ўзялі ў арэнду. Хутка ў іх пачнуцца веснавыя палявыя работы.

 -- ­­Вось прыехалі б вы да нас крыху пазней, хоць бы ў маі ­­ паспыталі б свежых агурочкаў, а можа, нават і памідораў, ­­ -- выказвае нам сваё шкадаванне  Галіна Францаўна.  Затое  нікуды не трэба спяшацца, удосталь удаецца нагаварыцца з гэтымі гасціннымі і прыветлівымі людзьмі. Пра вясковае жыццё­быццё яны могуць разважаць бясконца,  прамудрасці яго спасцігалі не па кніжках у школе, а на практыцы. Як прызнаўся Пётр Сцяпанавіч, у школе яму давялося вучыцца лічаныя нават не месяцы, а тыдні: два ­­ у першым і столькі ж ­­ у другім і крыху даўжэй ­­  у трэцім і чацвёртым  класах.  І не таму, што хлопец не хацеў ці не мог вучыцца, проста з­за вечнай сялянскай работы і занятасці па гаспадарцы  яму на вучобу, як і многім яго равеснікам, не даставала часу. Недахоп школьных ведаў кампенсавала багатая жыццёвая практыка.

  А жыццёвая філасофія Пятра Сцяпанавіча і Галіны Францаўны даволі простая: трэба працаваць і жыць са свайго мазаля, ніколі не квапіцца і не зайздросціць чужому. Можа, гэтая  апантанасць  і прага да работы дае ім не толькі духоўную, але і фізічную моц і здароўе. Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, яны поўныя сіл і энергіі і са сваім памочнікам ­­ канём Орлікам рыхтуюцца да веснавых работ на гектары зямлі, плануюць, што і калі пачнуць садзіць і сеяць. Мне адначасова зразумелая  і незразумелая  іх апантанасць: “Навошта ўсё гэта напрыканцы свайго восьмага дзесятка гадоў?”

 -- ­­Вы разважаеце, як нашы гарадскія дзеці і ўнукі. Раней мы іх нават на капанне бульбы не запрашалі, спраўляліся самыя. Паціху корпаемся з дзедам  у баразне  і, паверце, атрымліваем асалоду, калі вечарам вязем дадому  поўны воз бульбы. Ведаеце, бульба, вырашчаная сваімі рукамі, яна і смачнейшая,­­ -- як апошні аргумент  у абарону правільнасці сваёй жыццёвай філасофіі прыводзіць Галіна Францаўна. Муж з павагай глядзіць на яе і згодна ківае галавой. Ну, як пасля ўсяго гэтага не пагадзіцца  з гэтымі мілымі і працавітымі людзьмі.          

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ  Фота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: