Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизнь

З раніцы да ночы графік у іх рабочы...

З раніцы да ночы графік у іх рабочы...07 августа 2013 — 10:00

Жніво ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве імя Адама Міцкевіча ўжо перасягнула метку ў 63 працэнты (даныя за 5 жніўня). Тут убрана 1419 гектараў  з 2260, што займалі зерневыя і зернебабовыя. Штодня хлебаробы гаспадаркі намалочваюць па 715 тон зерня пры ўраджайнасці 60,3 цэнтнера з гектара. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў не толькі ў раёне, але і на Гродзеншчыне.

Камбайнераў Генадзя Анатольевіча Мандзіка і Мікалая Мікалаевіча Масквянкова, што працуюць на “Мегах-208”, а таксама Івана Бярнардавіча Шчановіча, які кіруе “Палессем”, мы сустрэлі на палетку каля аграгарадка Пацавічы. У хлебаробаў якраз быў абедзенны перапынак.

 — Сёння мы прапануем нашым работнікам суп гарохавы, тушаную капусту, хлеб, батон і чай, — расказвае раздатчыца абедаў Кацярына Пятроўна Драўноўская. – Кормім механізатараў два разы ў дзень. Зараз вось паелі, вечарам вячэру прывязём.

Некалькі хвілін на тое, каб падсілкавацца, адказаць на нашы пытанні, і зноў за працу: да камбайнаў пад’язджае МАЗ з прычэпам. Каб не губляць лішні час на разгрузку, “Мегі” абступаюць аўтамабіль з двух бакоў, і зерне з двух бункераў адначасова з шумам запаўняе спачатку кузаў, затым – прычэп.

— З раніцы спачатку кармы важу, а потым на ўборку накіроўваюся, — уступае ў гутарку вадзіцель МАЗа Мікалай Уладзіміравіч Заяц. – За рэйс перавожу больш як па 20 тон зерня.Пакуль вопытны механізатар Генадзь Анатольевіч Мандзік сочыць за разгрузкай, яго памочнік і сын Аляксандр аглядвае камбайн.

— Ужо трэці год працую на жніве, — ахвотна адказвае хлопец на нашы пытанні. – А што яшчэ рабіць на канікулах?!            А так і бацьку падмога, і самому вопыт ды ўласныя грошы. Сам я вучуся на тэхніка-электрыка ў політэхнічным каледжы ў Мінску – электроніка падабаецца…

З пажаданнямі плёну ў працы развітваемся з нашымі суразмоўцамі і адыходзім – камбайны зноў “угрызаюцца” сваімі магутнымі жняяркамі ў збажыну, што паступова губляе свой прывабны залацісты колер. На ўліку, як кажуць, кожная хвіліна, бо перастаіць колас, пачне асыпацца, ды і задажджыцца можа – надвор’е сёлета няўстойлівае, капрызнае.

А на ўскрайку поля, дзе толькі што прайшлі камбайны, заўважаем бусла. Цыбаты “аграном” не баіцца ні шуму вялізных машын, ні людзей. Ён, як сапраўдны гаспадар, уважліва сочыць за тым, што адбываецца на хлебнай ніве. Ідзе няспешна, паважліва, падымаючы доўгім носам салому, быццам выстаўляючы хлебаробам адзнаку за якасць. А пасля, задаволены вынікам, узлятае, і ўжо з вышыні працягвае сваё назіранне за ходам жніва.

Н. ШЭЎЧЫКНа здымках: трэці год разам з бацькам на жніве працуе Аляксандр МАНДЗІК.Фота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио