Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

З авечкамі не замерзнеш і галодным не застанешся

З авечкамі не замерзнеш і галодным не застанешся09 февраля 2015 — 10:00

 У  гэтым   цвёрда былі  перакананы нашы бабулі і дзядулі. У   сялянскіх   хлявах  тады  разам мірна  ўжываліся  каровы, свінні і авечкі.  З  ранняй вясны  да позняй  восені вялікія атары  мірна пасвіліся  на вясковых лугах.  Бараніну ўжывалі ў  ежу. Воўну  пралі доўгімі зімовымі вечарамі, а пазней з нітак  жанчыны вязалі  пруткамі  цёплыя кофты, шкарпэткі, ткалі на кроснах прыгожыя дываны, посцілкі. З воўны яшчэ   выраблялі валенкі.  З апрацаваных авечых  шкур  шылі кажухі. Зімы тады былі суровыя, цёплыя валенкі і кажухі для вяскоўца былі  жыццёвай неабходнасцю.  У доме  меўся не адзін, а некалькі  кажухоў і некалькі пар валенак.

Авечкагадоўляй у свой час займаўся  ў нашым раёне калгас  «Новы шлях», бывала, што калгасная атара налічвала  каля дзесяці тысяч авечкаў і бараноў.Сёння  ўклад жыцця  вяскоўца    ўпрытык наблізіўся  да гарадскога.  Вясковыя жанчыны, як і гараджанкі,  апранаюць ужо не кажухі, а модныя дубленкі, якія без праблем можна купіць на рынку, на ногі  абуваюць  не валенкі, а  зручныя  і прыгожыя боты.  А хто займаецца  рукадзеллем,  ніткі для вязання  на  любы густ таксама купляе ў магазіне.  

 У сувязі  з гэтым  авечкі на  вясковым падворку сёння  становяцца амаль што экзатычнай  жывёлінай. Па стану на першага студзеня бягучага года  ў вёсках, што на тэрыторыі Мастоўскага сельскага Савета, аднаго з буйнейшых у раёне, у прыватным сектары  ўтрымліваліся  ўсяго 73 авечкі: 12 ­­ у Цельмуках, 21­­  у Дашкаўцах, тры ­­  у Малькавічах , адна ­­ у Мастах Правых і  36 ­­ у Дзенькаўцах.   Гэтую статыстыку паведаміла  кіраўнік спраў Мастоўскага сельвыканкама  Валянціна Пятроўна Філіпава. 

У Дзенькаўцах жывуць    Пётр  Паўлавіч і Валянціна Іванаўна Пачабуты. У іх сям’і   да гэтага часу захаваўся  сялянскі ўклад жыцця ў класічным яго разуменні. Праўда, хату яны пабудавалі  не з дрэва, як гэта было прынята  ў вяскоўцаў  у тыя часы, а шыкоўны двухпавярховы  цагляны асабняк, дзе  знайшлося месца для кожнага члена іх вялікай сям’і.  У Пачабутаў   чацвёра сыноў і дзве дачкі, падрастаюць чацвёра ўнукаў.

Да выхаду на пенсію гаспадыня  працавала ў мясцовым калгасе цялятніцай.  Цяпер Валянціна Іванаўна,  вядома ж,  з дапамогай мужа і дзяцей упраўляецца  з  ўласнай немалой гаспадаркай, дзе  маюцца   карова, куры,  сабака, тры прыгожыя  каты, шэсць вулляў з пчоламі і  трыццаць  шэсць, а можа, ужо  на сёння  і болей авечак,  бо дарослыя жывёлы якраз  у  гэтую пару прыводзяць ягнят. У час нашага візіту  гаспадары якраз  кармілі малаком з  бутэлькі з соскай двух малых ягнятак. Малыя асірацелі на трэці дзень пасля нараджэння, і толькі  дзякуючы намаганням з боку  гаспадароў выжылі і пасля кармлення весела бегалі на падворку.  Пётр Паўлавіч да гэтага часу  яшчэ працуе на ААТ «Мастоўдрэў».

Валянціна Іванаўна  родам з Украіны. Пётр Паўлавіч нарадзіўся і вырас у Турэйску, што ў суседнім Шчучынскім раёне. Лёс распарадзіўся так, што месцам іх жыхарства сталі Дзенькаўцы.

  ­­--  Мы з мужам  абое паходзім  з сялян. Вясковыя  карані  глыбока прараслі  ў нашых сэрцах, таму мы ніколі  не марылі аб гарадскім жыцці, ­­ прызнаецца сёння  Валянціна Іванаўна. ­­ Авечак мы пачалі  разводзіць гадоў пятнаццаць назад па просьбе дзяцей. Сёння  я ўжо дакладна і  не памятаю, каму з нас  першаму  прыйшліся даспадобы гэтыя кудлатыя жывёліны. Цяпер  у нас авечкі з  белай, шэрай, рыжай і чорнай  воўнай. З адной авечкі мы настрыгаем каля двух кілаграмаў воўны і аддаем у Зэльву на перапрацоўку, адкуль забіраем  ніткі. Яшчэ з воўны вырабляем  цёплыя коўдры. А мяса круглы год  выкарыстоўваем для сваіх патрэб, сям’я ў нас вялікая, бараніны  спажываецца многа. З яе я навучылася гатаваць смачныя  шашлыкі, рулеты і катлеты. Бывае, што авечак на мяса ў нас купляюць  прыезджыя з поўдня. За адну  авечку плацяць каля мільёна рублёў. Бывае, што адразу ж яшчэ з  цёплага мяса пачынаюць гатаваць шашлыкі. 

Шкада толькі, што  сёння  ніхто не перапрацоўвае авечыя шкуры, іх мы  проста закопваем у зямлю. Авечак утрымліваць даволі проста, яны  непатрабавальныя ў ядзе. З ранняй вясны і  да  позняй восені  самастойна пасуцца на лузе,­­ працягвае расказ Валянціна Іванаўна Пачабут.

Назіраю за гэтымі руплівымі і працавітымі вяскоўцамі і яшчэ раз пераконваюся, што чалавек, які  моцна каранямі прырос  да зямлі, ніколі не прападзе. Ён  здольны пракарміць  і зрабіць  шчаслівым не толькі сябе, але і сваіх дзяцей, унукаў.

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота С. ЗВЯРОВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: