Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Якая ад дачы аддача

Якая ад дачы аддача25 сентября 2014 — 10:00

 На першага верасня бягучага года ў нашым раёне  дзейнічаюць  27 садовых таварыстваў, у якіх налічваюцца 982 участкі, якія апрацоўваюцца, і 675 пакінутых. На працягу  года стаць гаспадарамі садовых участкаў пажадалі каля  каля дзесяці чалавек. Тых, хто па розных прычынах адмовіўся ад дачнага  ўчастка ці перадаў яго другому, было значна больш. Пра гэта паведаміў  намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А.С. Тамашук.

Да  зямлі ў беларусаў адносіны  на працягу многіх стагоддзяў былі больш чым паважлівыя. Лічылася, што  той, хто мае і працуе на зямлі, ніколі не будзе галадаць. Зямлю патрабавалі ў пасаг, калі  бралі дзяўчыну  замуж. Каб пашырыць свае зямельныя  ўладанні, дзяржавы распачыналі паміж сабой войны. Спрадвечнай марай селяніна таксама  было “купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут”. Так вуснамі галоўнага героя  паэмы “Новая зямля” Міхала  агучыў сялянскую мару Якуб Колас.У свой час бальшавіцкі лозунг “Зямлю — сялянам” таксама саграваў сялянскія душы, і многіх з іх зрабіў саюзнікамі бальшавікоў. Праўда, пазней  былі ў нашай гісторыі  і такія часы, калі  заможных сялян  аб’яўлялі кулакамі, і далейшы іх  лёс быў даволі сумны.

  У васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя ў нашым раёне пачалі стварацца першыя садовыя таварыствы. Праўда, сярод  мастаўчан, большая палова якіх былі з моцнымі  вясковымі каранямі і мелі яшчэ не вельмі састарэлых бацькоў на сяле, якія і забяспечвалі гараджан у першым пакаленні вясковымі  гас-цінцамі, садовыя ўчасткі  асаблівым попытам не карысталіся. Набывалі іх толькі  тыя, хто жыў у  гарадскіх шматпавярхоўках і не  меў сваякоў у вёсцы. А, можа, на памяці таго пакалення яшчэ былі жывымі хрушчоўскія рэформы  ў сельскай гаспадарцы, калі сялянскія агароды абразаліся  ледзь не па вугал хаты?!

  У дзевяностыя гады,  у час развалу Савецкага Саюза, татальнага дэфіцыту і паўпустых паліц у магазінах, народ зноў памкнуўся  да зямлі-карміцелькі. Мастаўчане ледзь не агулам  сталі набываць садовыя ўчасткі. Менавіта  ў гэты час яны раслі як  грыбы ў лесе пасля цёплага летняга дажджу.  Дачнікі летам пасля заканчэння працоўнага дня імкнуліся на градкі, там для іх пачыналася другая працоўная змена. Восенню яны адзін перад другім  па-хваляліся  ўраджаем са свайго  ўчастка. Жанчыны з ягад варылі  варэнне і кампоты, марынавалі, кансервіравалі, ператварыўшы свае малагабарытныя  кухні ў гарадскіх кватэрах у міні-заводы па перапрацоўцы садавіны і  гародніны.

   На рабоце  ў той час кожная жанчына  лічыла абавязковым зрабіць “справаздачу”  аб колькасці  закатаных слоікаў у сваім падвале. Тая прызнавалася самай годнай і спраўнай гаспадыняй, у якой гэтых слоікаў было больш. Тыя, хто ў той час па нейкіх прычынах не набыў садовы ўчастак,  шчыра зайздросцілі дачнікам. А пасля на працягу доўгай зімы  на рабоце праводзілася дэгустацыя дамашніх кансерваў.  Калегі  дзяліліся адзін з  другім кулінарнымі рэцэптамі. У тыя часы людзі ад запаветных  шасці  сотак  стараліся  мець аддачу. Ураджай з дачнага ўчастка  быў падмогай  і  добрым дадаткам да сямейнага бюджэту.

  Часы змяніліся. Нават у вясковых магазінах цяпер круглы год прысутнічаюць у продажы свежая агародніна і садавіна. Яе можна спажываць свежай практычна кожны дзень. Таму ў  маладзейшага пакалення  адносіны да хатніх кансерваў і да садовых участкаў іншыя,  чым у іх бацькоў. Дачныя домікі яны выкарыстоўваюць як месца адпачынку  на ўлонні прыроды, у цішыні і спакоі. Градкам з агуркамі, памідорамі, цыбуляй, буракамі, морквай, капустай  яны аддаюць перавагу  газонам, засеяным травой, кветнікам, “альпійскім горкам”.  І яшчэ яны на      поўным сур’ёзе  раяць старэйшаму пакаленню палічыць выдаткі  і прыбытак ад сваіх дачных сотак.  «Якая ад дачы аддача?» -- цікавілася і я  ў дачнікаў са стажам. Амаль усе з апытаных сцвярджалі, што работа на садовым  участку сёння хутчэй прыносіць маральнае задавальненне, чым матэрыяльны прыбытак. Хтосьці разводзіць ружы, ліліі. Самыя  смелыя нават замахвюцца на  расліны, якія раней не вырошчваліся ў нашай мясцовасці.

  Дачнікі амаль з трыццацігадовым  стажам, члены садовага  таварыства “Зялёны гай”  Лілія Сямёнаўна і Міхаіл Рыгоравіч Ступакевічы  ў гэтым годзе пасмакавалі  кавун, вырашчаны на ўласных градках.  —Актыўна займацца  дачным участкам мы з мужам пачалі на пенсіі.      Я больш займаюся развядзеннем кветак, мае любімыя - ліліі. Праўда, сёлетнія майскія  прымаразкі некаторыя клубні лілій пашкодзілі. А вырасціць  кавуны — ідэя мужа . Купіў насенне адпаведнага гатунку, пасадзіў. Кавуны выраслі, адзін мы ўжо нават паспрабавалі на смак.  У сярэдзіне кавун  аказаўся не такі  чырвоны, як астраханскі, але сакавіты, салодкі  і  даволі смачны. Значыць, мужаў эксперымент з кавунамі атрымаўся.  Вядома, вялікага прыбытку ад вырашчаных  кавуноў  ды і ад іншай агародніны мы мець не будзем, але  з задавальненнем пачастуем кавунамі  суседзяў-дач-нікаў, можам нават падзяліцца з жадаючымі насеннем, —  з задавальненнем расказвае  Лілія Семёнаўна пра  дачныя клопаты.

   Яшчэ адна дачніца са стажам Любоў Вікенцьеўна Альшэўская ўжо шосты год паспяхова вырошчвае на сваім дачным участку сою.   —Соя — вельмі карысная расліна, з многімі патрэбнымі чалавечаму арганізму элементамі. Выкарыстоўваю яе для прыгатавання супоў, салатаў, вельмі смачна і карысна. А яшчэ соя добра змагаецца з пустазеллем: градкі, дзе яна  расце, практычна не патрабуюць праполкі. А яшчэ соя ўзбагачае глебу азотам, — ахвотна дзеліцца сваімі практычнымі ведамі Любоў Вікенцьеўна. 

Ці ёсць ад садовых участкаў прыбытак, кожны вызначае сам. Хто  меркаваў ад шасці сотак зямлі займець вялікую матэрыяльную выгоду, палічыўшы выдаткі на ўтрыманне дачы, даўно адмовіўся ад яе, і купляе агародніну і садавіну на рынку ці ў магазіне. Тыя ж, хто марыць вырасціць на сваім участку кавун  не горшы за астраханскі, лілію ці ружу незвычайнай афарбоўкі, здзівіць  і абысці суседзяў-дачнікаў  ў «агранамічных эксперыментах»,  атрымаўшы ад гэтага асалоду, з самай ранняй вясны да позняй восені спяшаюцца з ранку на дачы.              Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ 



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: