Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
70
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныКультура и история75 лет освобождения БеларусиКультура и история75 лет Гродненской областиБлоги наших журналистовСтанислав ЗверовичНовости МостовщиныНаш край

Як змагаліся на Мастоўшчыне чырвонаармейцы ў першыя дні вайны

Як змагаліся на Мастоўшчыне чырвонаармейцы ў першыя дні вайны17 апреля 2019 — 11:47

Трагічна складваліся першыя дні Вялікай Айчыннай вайны для салдат Заходняга фронту, якія з баямі адступалі на ўсход праз Мастоўшчыну.

 Як паведамляецца ў кнізе “Памяць”, да канца чацвёртага дня вайны нямецкія танкавыя злучэнні прарваліся на глыбіню беларускай тэрыторыі на адлегласць да 200 кіламетраў. У выніку двухбаковага ахопу немцамі галоўных сіл склалася рэальная пагроза іх поўнага акружэння. З цяжкімі баямі войскі 3-й арміі адступалі на Масты і Навагрудак.

На тэрыторыі Мастоўшчыны ў першыя дні вайны жорсткія баі адбываліся ў раёне Мастоў, Лунна, Дубна, а таксама вёсак Сінявічы, Каралі, Дварок, Малькавічы. Тут савецкія войскі знішчылі варожы дэсант і на працягу сутак утрымлівалі пераправу праз Нёман. Дарэчы, за пераправы ў асноўным і ішлі баі.

У складзе сіл, якія былі пакінуты для вядзення ар’ергардных баёў, быў атрад 184-га стралковага палка 56-й Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі. Пасля цяжкіх баёў да Мастоў падыйшло каля 700 чалавек на чале з палкоўнікам Чыгуновым. Атрад нёс вялікія страты. Быў смяротна паранены яго камандзір. Намеснік камандзіра па палітчастцы прыняў рашэнне адыходзіць на ўсход. Аднак воіны хутка трапілі ў акружэнне. Частка з іх загінула, частка трапіла ў палон. Каму ўдалося выйсці з акружэння жывым, ваявалі потым у партызанскіх атрадах.

Парадзелыя часці 28-й пяхотнай дывізіі 3-й арміі стрымлівалі наступленне 8-га армейскага корпуса немцаў у раёне Лунна і Мастоў. У Мастах вораг захапіў аўтадарожны мост, але развіць наступленне не змог, так як нашы часці стойка ўтрымлівалі займаемыя  рубяжы. Больш таго, перайшоўшы ў контратаку, савецкія воіны адбілі захоплены праціўнікам мост. У данясенні нямецкага камандуючага 9-й арміяй у штаб армій групы “Цэнтр” аб упартых і напружаных баях у гэтым раёне паведамлялася: “28-я пехотная дивизия должна была удерживать плацдарм в Лунно. У Мостов идут тяжёлые бои. Автодорожный мост вновь захвачен противником”.

Жыхар горада Мікалай Валковіч расказваў: “На трэці ці чацвёрты дзень вайны мы працавалі на агародзе ля дома. Неўзабаве ўбачылі  шмат немцаў, якія ішлі ад станцыі да  чыгуначнага маста напрасткі праз жыта. Раптам са збажыны і кустоў выскачыла шмат чырвонаармейцаў, якія кінуліся ў рукапашны бой з немцамі. Відаць, яны тут зрабілі засаду, а боепрыпасы закончыліся. З абодвух бакоў загінула шмат салдат. Немцы сваіх пахавалі прама ў полі, а з наступленнем зімы вывезлі ў Германію. Савецкіх салдат мясцовыя жыхары пахавалі на могілках”.

А вось што расказаў былы жыхар вёскі Ельня Раман Радзінскі: “Было гэта на трэці дзень вайны. З боку вёскі Баяры ў наш бок ішоў атрад немцаў. На беразе ракі Ельня яны спыніліся, сталі прыводзіць сябе ў парадак: мыліся, галіліся. Нечакана прагучала раскацістае “ура”, пачалася страляніна, закіпеў бой. Нашы салдаты кінуліся са штыкамі на немцаў, што былі каля ракі. Рукапашны бой працягваўся каля дзвюх гадзін. Страты чырвонаармейцаў былі значнымі. Але і немцы недалічыліся каля 300 чалавек”.

Гэтыя эпізоды сведчаць, што нават не маючы патронаў, чырвонаармейцы не здаваліся ў палон, змагаліся з ворагам як маглі, праяўляючы стойкасць і мужнасць. З часам высветлілася, чаму нямецкія войскі наступалі, а савецкія адпаведна з баямі адыходзілі па балоцістай мясцовасці каля Нёмана, Шчары і Зяльвянкі. Аказалася, яны карысталіся картамі з часоў Першай сусветнай вайны, калі тут стаяў фронт і   былі пракладзены ваенныя дарогі, гаці і грэблі, па якіх маглі прайсці людзі і тэхніка. Рэшткі тых ваенных дарог захаваліся на Мастоўшчыне да нашага часу, як, напрыклад, каля вёскі Дубраўка. Там таксама быў бой у першыя дні вайны.

С. ЗВЯРОВІЧ

На здымку: памятны знак  загінулым чырвонаармейцам ля ракі Ельня.

Фота аўтара



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио