Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Як у Харціцы «паздаравеў” стандарт

Як у Харціцы «паздаравеў” стандарт24 января 2011 — 10:00

З прыездам на работу ў Харціцкую амбулаторыю Валянціны Вацлаваўны Будрыца ў старшыні мясцовага сельскага Савета  Люцыі Іванаўны Тарасенка на адну праблему стала менш. Сацыяльны стандарт па медыцынскаму абслугоўванню сельскага насельніцтва з прыбыццём у вёску ўрача выконваецца паспяхова. Задаволена  кіраўнік мясцовай улады, а яшчэ больш радуюцца вяскоўцы.

    Радасць  іх можна зразумець і падтрымаць. У Харціцы і бліжэйшых населеных пунктах, якія абслугоўвае амбулаторыя, зараз пражываюць 1090 сяльчан. Пераважная большасць вяскоўцаў людзі пажылыя, а ўзрост, як вядома, здароўя не прыбаўляе, і наведванне медыцынскай установы для іх становіцца неабходнасцю. Некаторы час жыхарам Харціцы не шанцавала  “на медыцынскі стандарт”. Прыязджалі маладыя спецыялісты, але адпрацаваўшы вызначаны тэрмін, пакідалі  вёску. За ўрачэбнай дапамогай вяскоўцам некаторы час нават даводзілася звяртацца ў Лунна ці Дубна. Пераадолець такую адлегласць пажылому і хвораму чалавеку складана.

    Зараз работай урача і, наогул, медыцынскім абслугоўваннем задаволены жыхар вёскі Нёман Васіль Пятровіч Шундрык. Нядаўна ён перанёс складаную аперацыю і яму, як нікому іншаму, часцяком даводзіцца  звяртацца да мясцовых медыкаў і ацаніць якасць іх работы.    —Валянціна  Вацлаваўна—залаты чалавек і цудоўны спецыяліст,— так характарызуе Васіль Пятровіч  свайго земскага доктара.     З гэтым пагаджаецца і яго жонка Марыя Дарафееўна Шундрык. Іншыя вяскоўцы таксама  адносяцца да Валянціны Вацлаваўны Будрыца з усёй душой.. 

     Валянціна Вацлаваўна Будрыца, напэўна, застанецца ў Харціцы надоўга. Пра гэта паклапаціліся кіраўніцтва ўстановы аховы здароўя раёна і сельвыканкам: СПУП “Дубна” прадаставіла сям’і ўрача новы добраўпарадкаваны катэдж. Валянціна Вацлаваўна — вопытны ўрач з 25-гадовым стажам, у свой час закончыла Гродзенскі медыцынскі інстытут.

    У Харціцы з “медыцынскім стандартам” у сувязі з будаўніцтвам аграгарадка адбыліся  зрухі ў лепшы бок. Амбулаторыя пераехала ў новае памяшканне, закуплены новая мэбля і некаторае медыцынскае абсталяванне.    А самае галоўнае і важнае: на сёння Харціцкая амбулаторыя поўнасцю ўкамплектавана медыцынскімі кадрамі, зараз тут працуюць шэсць чалавек. Акрамя ўрача, у Харціцу ў мінулым годзе прыехала пасля заканчэння Слонімскага медыцынскага каледжа фельчар Надзея Рагацэвіч.  Зараз дзяўчына завочна вучыцца  ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы,  атрымлівае спецыяльнасць псіхолага. Ці застанецца Надзя ў Харціцы— пакажа час…    У Харціцкай амбулаторыі, не выязджаючы ў райцэнтр, можна цяпер палячыць  нават зубы. Тут працуе фізіятэрапеўтычны кабінет, дзе хворыя могуць атрымаць некаторыя працэдуры, прызначаныя ўрачом.

   Праўда, калі  быць да канца  справядлівай, дык  трэба прызнацца, што харціцкі “медыцынскі стандарт” намаляваць толькі светлымі фарбамі на сёння пакуль што не атрымліваецца. Аптымістычную ў цэлым карціну азмрочвае той факт, што ў амбулаторыі няма пакуль што транспарту. Ад лячэбнай установы, напрыклад, да аддаленых Раўкоў каля 17 кіламетраў, і там, бывае, хварэюць людзі, і туды неяк трэба дабірацца ўрачу. Гэтае “дабірацца” Валянціна Вацлаваўна кожны раз вырашае па-рознаму, зыходзячы з кантрэтнай абстаноўкі. У дзень нашай размовы яе выклікалі ў адну з аддаленых вёсак да хворай жанчыны. Завезці  ўрача  і прывезці  назад у амбулаторыю абавязаўся сын хворай на сваім уласным транспарце. Добра, што сёння многія вяскоўцы маюць уласны транспарт, і сельскім медыцынскім работнікам не даводзіцца  да хворага за многа кіламетраў  дабірацца пешшу.

    Нядаўна Харціцкай амбулаторыі, дзякуючы галоўнаму ўрачу раёна А. М. Трушко, выдзелена машына. Цяпер засталося толькі  знайсці вадзіцеля.   Ужо каторы год, як зачынены фельчарска-акушэрскі пункт у Каўшова. Па-першае, там няма спецыяліста, па-другое, памяшканне ФАПа патрабуе рамонту. Рамонт ФАПа запланаваны на бліжэйшы час, а там, глядзіш, і фельчар у вёску прыедзе...                                                                                                                                            

  Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: