Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

«Я вярнуўся, мама!”

«Я вярнуўся, мама!”06 января 2016 — 10:00

 Паўлу Іосіфавічу Радзікевічу лёсам было наканавана нарадзіцца ў апошні дзень 1925 года, прайсці суровымі  франтавымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, застацца жывым і адзначыць  90-гадовы юбілей. З гэтай нагоды Паўла Іосіфавіча з віншаваннямі і  падарункамі наведала прадстаўнічая дэлегацыя на чале  з намеснікам начальніка ўпраўлення  па працы, занятасці і сацыяльнай  абароне Мастоўскага райвыканкама Алай Аляксандраўнай  Яшковай. А яшчэ ветэрану  пажадалі  здароўя, сустрэць  і 100-гадовы юбілей, уручылі падарункі  старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Вольга Іванаўна Міхно і  адказны сакратар раённага савета ветэранаў  Уладзімір Юльянавіч Жылеўскі.

П.І. Радзікевіч выжыў  ў  жорсткай і страшнай вайне,  дажыў да  шаноўнага юбілею, хоць у Берліне  і сёння знаходзіцца яго магіла за нумарам 724,а  прозвішча ў ліку  загінуўшых пры  ўзяцці Берліна  выгравіравана на помніку,  што паблізу Брандэбургскіх варот. Павел Іосіфавіч так і не ажыццявіў сваю запаветную мару: наведаць Берлін, пабываць на сваёй “магіле, пакла-ніцца загінуўшым  воінам.  У маладосці паезд-ка  ўсё адкладвалася,  а пазней пачало падводзіць здароўе.

  Вясна сорак пятага была ў самым  разгары. Зразумела было і тое,  што вайна  блізілася за свайго  пераможнага завяршэння. Яўгенія Паўлаўна Радзікевіч з невялікай вёсачкі Асаўляне з трывогай чакала вестак ад сына Паўла, які ваяваў на Першым беларускім фронце. Маці чакала пісьма ад сына, а яе выклікалі ў Масты, у райваенкамат. Там жанчыне ўручылі  казённую паперку,  у якой паведамлялася, што яе сын Павел Іосіфавіч Радзікевіч загінуў у бітве за Берлін і пахаваны там жа на бугры,  нават быў  указаны нумар яго магілы 724.

   З сумнай весткай Яўгенія Паўлаўна вярнулася ў  вёску. А праз некалькі  дзён прый-шло пісьмо ад Паўла. Сын пісаў,  што ранены і знаходзіцца ў шпіталі. Пісьмо было напісана сынавай рукой, у гэтым маці ніколькі не сумнявалася. Зверылі дату, пісьмо была напісана пасля 29 красавіка. А ў пахавальнай было  ўказана, што што Павел загінуў 29 красавіка.

 У маці адлягло ад сэрца. Адразу ж напісала адказ сыну. У лісце пыталася: у пяхоце ці артылерыі служыць Павел. Гэта сусед, які яшчэ ваяваў у Першую сусветную, сказаў маці, калі  сын  ваюе ў артылерыі, дык ёсць шанц выжыць, а калі  ў пяхоце— верная гібель.  Павел зразумеў пытанне маці і напісаў,  што ваюе ў цяжкай артылерыі, хоць на самай справе  служыў  у пяхоце. Калі  Павел Іосіфовіч Радзікевіч вярнуся з фронта, сустракаць “уваскрэслага” салдата выйшлі  ўсе жыхары Асаўлян. Маці яшчэ доўгі час  не магла паверыць свайму  шчасцю.

Салдат вярнуўся не толькі жывым і здаровым, на радасць маці, родным і блізкім, але і з баявымі ўзнагародамі: медалі «За вызваленне Варшавы» і «За ўзяцце Берліна» ўпрыгожвалі яго гімнасцёрку. Пазней Павел Іосіфавіч расказваў дзецям і ўнукам пра свае франтавыя дарогі, якія пралеглі праз Прыбалтыку, Польшчу і Германію. Пра той бой, які ледзь не каштаваў яму жыцця, з усімі падрабязнасцямі ён некалькі разоў распавядаў малодшаму пакаленню. Сёння некаторыя дэталі дапамагае бацьку аднавіць у памяці дачка Святлана.

  Баі за Берлін былі цяжкімі і жорсткімі, вораг ніяк не хацеў здавацца. Смерць падсцерагала салдата ў кожнай гарадской разваліне. У той памятны дзень Павел Радзікевіч  разам  з камандзірам роты ладзілі сувязь. Іх высачыў нямецкі снайпер. Разрыўная куля трапіла у прыцэл карабіна. Гэта і выратавала Паўлу жыццё, хоць раненне ў спіну аказалася цяжкім. А камандзіру роты знесла шчаку. Дабраўшыся  да сваіх, ён і паведаміў, што Ра-дзікевіч загінуў. А параненага Паўла падабралі салдаты з іншай часці і ледзь жывога даставілі ў шпіталь.

  —Нам з камандзірам пашанцавала, што снайнер страляў з далёкай адлегласці, --  такі вывад робіць франтавік ужо сёння.  А яшчэ Павел Іосіфавіч успамінае, што калі зімой яны знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы, у хату да гаспадароў, дзе кватаравалі нашы салдаты, зайшоў ксёндз, каб павіншаваць іх з Нараджэннем Хрыстовым. Павел Іосіфавіч папрасіў  у святара благаслаўлення і каб памаліўся за яго.

   З  гэтым Божым благаслаўленнем салдат  дайшоў да Берліна. Можа, яно дапамагло выжыць і вярнуцца ў родную вёску, хто ведае... Бо  на фронце смерць падсцерагала салдата кожны дзень, кожны крок мог стаць  апошнім. Не палічыць, колькі  нашых салдат палегла за вызваленне польскай сталіцы. Баі за Варшаву — гэта баявое  хрышчэнне Паўла Радзікевіча. Калі нашы воіны  ўвайшлі  ў город, ён быў разбураны дашчэнту.  Не менш жорсткімі былі і баі  ў Прыбалтыцы. Бывала, у наступленне падымалася  чатырыста чалавек, а калі заціхаў бой, высвятлялася, што ў жывых  засталося чалавек сто.  Сёння Павел Іосіфавіч  ўсё  гэта перажывае зноў і зноў. Нават семдзесят год  пасля вайны  не здолелі сцерці з яго  памяці тыя страшныя падзеі.

    Паўстагоддзя Павел Іосіфавіч Радзікевіч  у  Мастах займаўся самай мірнай справай — будаўніцтвам, лічыўся добрым печніком.  Складзеныя ім калісьці печы і сёння абаграваюць дамы  некаторых мастаўчан. Пабудаваў дом сабе,  дапамог будавацца дзецям. Сёння жыве разам з малодшай дачкой Святланай.

    П.І. Радзікевіч  -- не адзіны ў нашым раёне, хто  на фронце “ўваскрэс” з мёртвых.  Як сведчыць кніга “Памяць”, у свой час пахавальныя былі дасланы  родным  Ф.А. Кунцэвіча, І.М.  Лозкі, Р.А. Мазура, В.В. Пышкевіча, А.І. Скабейкі. М.М. Цярэшкі. Гэтыя землякі таксама  шчасліва  “ўваскрэслі” з  мёртвых і вярнуліся  з фронту дамоў. А тыя “пахавальныя” і сёння захоўваюцца ў сямейных архівах як суровы і цяжкі напамін  нашчадкам пра вайну.                    Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: