Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Я прызнаюся табе ў любові, родная вёска!

Я прызнаюся табе ў любові, родная вёска!13 января 2016 — 10:00

 Мастоўская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” узнагародзіла ўдзельнікаў раённага этапа рэспубліканскага конкурсу сачыненняў сярод вучняў 8­11 класаў на тэму “За што я люблю сваю вёску”.

Чатырнаццаць нашых юных землякоў прызналіся ў любові да роднага краю і да сваёй роднай вёскі. Шчырыя і пранікнёныя словы­прызнанні мясцінам, дзе нарадзіліся, лю­дзям, што жывуць побач, выказалі Вікторыя Маскевіч, Аліна Халупа і Міхаліна Адзінаева з Мікелеўшчынскага дзіцячага сада—сярэдняй школы, Ганна Пась і Хрысціна Тур з Азёркаўскай СШ. Ганарацца сваёй малой радзімай Дзіяна Доста з Мілявіцкага дзіцячага сада—сярэдняй школы, Вадзім Каранеўскі, Кацярына Саўчук і Таццяна Наруш з Галубоўскага дзіцячага сада—сярэдняй школы. Трапна і прыгожа змаглі перадаць свае пачуцці і мары Кірыл Савіцкі з Пацавіцкага дзіцячага сада—сярэдняй школы, Таццяна Сасноўская з Рагозніцкай СШ, Аляксандра Рагацэвіч з Пескаўскага дзіцячага сада—сярэдняй школы, Вольга Рэйшаль і Ангеліна Пяцюшык з Гудзевіцкай сярэдняй школы. Многія з іх свае думкі і перажыванні перадалі ў вершах. І няхай, як адзначыла Ангеліна Пяцюшык, “радочкі гэтыя не зусім гладкія і роўныя, аднак напісаны яны ад душы, ад усяго сэрца”.

Сапраўды, нельга не пагадзіцца з рабятамі, што ўсё бярэ пачатак у родным краі. Тут, як выказалася Міхаліна Адзінаева, “сонца ярчэй і неба сіней, трава зеляней, паветра чысцей і багацей квецень вясенніх садоў”.Пэўна, многім захочацца наведаць парк у Азёрках, які апісала Хрысціна Тур: “Я вельмі люблю наш парк. Мне здаецца, што нідзе няма столькі бэзу і каштанаў. Як жа прыгожа, калі яны цвітуць! А нашыя ліпы, нашыя старыя ліпы! Іх водар можа зачараваць любога. Для мяне наш парк заўсёды быў цэлым светам, поўным таямніц і цудаў. Я памятаю, як мы з сяброўкамі гулялі тут у маленькіх фей. Я шчыра верыла, што пабудаваныя намі дамы былі палацамі, а стравы, прыгатаваныя з траў, валодаюць надзвычайнымі якасцямі: вылечваюць ад хвароб, дораць бессмяротнасць, вучаць чытаць думкі. І сёння мы часта збіраемся у нашым вясковым парку. Хлопцы іграюць на гітары. І мы марым аб тым, кім будзем, калі пакінем бацькоўскую хату”.

А вось Вадзім Каранеўскі з Галубоў адшукаў сем цудаў сваёй роднай вёскі. Гэта рэдкая назва і бяскрайнія лясы, зліццё рэк Шчара і Нёман, векавая дуброва і буслянкі чорных буслоў, крынічка з чыстай сцю­дзёнай вадой, а таксама расліны і жывёлы­“чырвонакніжнікі”.

Дзе б мы ні знаходзіліся, думкамі заўсёды вяртаемся на сваю малую радзіму, з радасцю ўспрымаем любую добрую вестку з родных мясцін, якія, як заўважыла Аляксандра Рагацэвіч, “вясной тонуць у яблыневай квецені, узімку па платы ў снег замецены, летнім ранкам мыюць твары свае росамі, выціраюцца аблокамі з нябёсаў...”

Шчырыя словы сваім сумленным і працавітым землякам выказала ў сваёй творчай рабоце Таццяна Сасноўская з Вялікай Рагозніцы. Дзяўчына         адзначае: “Гледзячы на старэйшае пакаленне, моладзь таксама імкнецца ўпісаць сваю яркую старонку ў гісторыю нашай вёскі. Памятаю, як усе мы радаваліся, калі наша Вікторыя Драбышэўская задавала пытанне Прэзідэнту падчас сустрэчы ў Мінску. Ганарымся дасягненнямі Андрэя Лудзіча, які два гады запар станавіўся пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, быў адзначаны спецыяльным падарункам Міністэрства адукацыі як лепшы сельскі вучань, узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў. Ды не толькі яны. Штогод школа выпускае ў самастойнае жыццё таленавітых, здольных і мэтанакіраваных рабят”.

Разам з удзельнікамі конкурсу сачыненняў хочацца спадзявацца на тое, што беларуская вёска будзе жыць і развівацца, што ў яе ёсць будучыня. Хай спраўдзіцца запаветная мара рабят – бачыць сваю вёску квітнеючай і багатай, дзе жывуць шчаслівыя людзі, якія клапоцяцца аб сваёй зямлі, памнажаюць яе багацце і ганарацца ёю.

Н. ШЭЎЧЫК


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио