Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

«Я не жадаю для сябе іншага лёсу”

«Я не жадаю  для сябе іншага лёсу”21 июля 2014 — 10:00

 Алена Кліменцьеўна Шарай з Курылавіч  пятага  жніўня  адзначыць 85­-гадовы юбілей. Многае пражыта і перажыта гэтай моцнай  духам жанчынай. Чорнай плямай прайшлася па яе і лёсе ўсёй іх  сям’і  вайна. Тое, што жанчына засталася жывой, інакш як Божым цудам  не назавеш.    -- ­­Я не маю права наракаць і гнявіць Бога  і  не   хачу для сябе другога лёсу. Дзякуй Усявышняму  за пражытыя гады, і няхай заўтра ў маім жыцці не стане горш, чым сёння,­­ -- муд­ра  разважае Алена Кліменцьеўна.­­Хто не бачыў і не перажыў вайну, той нічога не ведае пра яе. Вайна пакінула ў маёй памяці і маіх блізкіх такі след, што яе жахі сняцца мне да гэтага часу і прымушаюць прачынацца ў халодным поце.

  У сорак чацвёртым годзе  зыход вайны ўжо быў прадвырашаны на карысць Савецкай Арміі. Але жахі для мірных жыхароў  не канчаліся, а для некаторых толькі пачыналіся.

  -- ­­Адступаючы, немцы чамусьці загадалі сабрацца ў адным месцы ўсім жыхарам маёй роднай войскі Хойна, што на тэрыторыі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Тых, хто спрабаваў схавацца ці ўцячы, знаходзілі і расстрэльвалі на месцы. Усіх сабраных прыгналі ў Пінск і размясцілі ў лагеры. Мне ў той час споўнілася  чатырнаццаць год. Дзяўчо нера­зумнае, але рызыкі не  займаць. Нехта з дарослых падгаварыў мяне ўцячы з лагера. Першы раз уцёкі аказаліся няўдалымі. Злавілі, пабілі і пасадзілі на шэсць дзён у карцэр. Там было поўна крыс, галодныя, яны пакусалі пальцы на руках і нагах, ­­ -- расказвае Алена Кліменцьеўна, а  голас яе дрыжыць, здаецца, вось­вось сарвецца.

  Другія ўцёкі аказаліся больш удалымі: дапамог  знаёмы, які, рызыкуючы жыццём, схаваў дзяўчыну ў падвале свайго дома, дзе яна прася­дзела некалькі дзён, пакуль  Пінск не вызвалілі савецкія войскі.  А самае страшнае адбылося, калі дзяўчына з Пінска вярнулася ў сваю родную вёску. У хаце ні акон ні дварэй, усё паламана і  раскідана. Пачалі разбіраць завалы, разграбаць смецце. Ніхто не ведаў, што немцы, пакідаючы вёску, пакінулі многа мін. Адну з іх, прыбіраючы двор, зачапіла граблямі Алена.  Прагрымеў выбух.

 Тады ж на міне падарваўся і брат Міхаіл. Акрываўленых дзяцей пасівелы ад гора бацька павёз на возе ў бальніцу  ў Пінск.  Аднаму і другому захаваць рукі ўрачы не здолелі.А старэйшы брат Пётр загінуў на фронце  і пахаваны ў брацкай магіле  пfблізу польскага горада Гданьск. Запаветнае жаданне наведаць і пакланіцца яго магіле Алена Кліменцьеўна так і не ажыццявіла, аб чым вельмі шкадуе.

 Слухаю Алену Кліменцьеўну і  міжволі захапляюся яе моцным характарам. Страціць  у маладым узросце правую руку, рана застацца ўдавой, адной  гадаваць сына, але  не згубіць пры гэтым веру і аптымізм— гэта пад сілу толькі моцным  людзям. 

 Пазней яна нават вышываць навучылася адной рукой. Яе вышываныя работы “Тройка”, “Алені” і іншыя    ўражваюць сваёй дасканаласцю і прыгажосцю. Колькі цярпення трэба мець, каб іх вышыць! Менавіта дзякуючы ўменню прыгожа вышываць Алена Кліменцьеўна  ў 1998 годзе трапіла на тэлевізійную праграму “Поле цудаў”. Праўда,  сёння  вышыванне давялося пакінуць: вочы ўжо не тыя.

   Цяпер яна аддае перавагу чытанню, напэўна, гэта засталося ад настаўніцкай прафесіі, якой  Алена Кліменцьеўна прысвяціла  без малога сорак гадоў. Большую частку з іх яна адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў у Курылавіцкай сярэдняй школе. Сцвярджаюць, што чалавек ніколі не забывае сваё першае каханне  і… першага  школьнага настаўніка. Былыя вучні памятаюць Алену Кліменцьеўну: шлюць віншавальныя паштоўкі,  прыехаўшы ў вёску, абавязкова заходзяць у госці.     А сёння  ў школу ўжо адпраўляюцца праўнукі тых, каго даўным-даўно суст-ракала ў школе маладая настаўніца. Жыццё працягваецца…

 І сёння   Алена Кліменцьеўна Шарай  у гушчыні вясковага жыцця, нягледзячы на шаноўны ўзрост, не цураецца грамадскай работы. Ужо амаль дзесяць год  яна з’яўляецца старшынёй пярвічнай  тэрытарыяльнай  арганізацыі ветэранаў вёскі Курылавічы,  з дапамогай і пры падтрымцы  старшыні Курылавіцкага сельскага Савета  Сяргея Валяр’янавіча Каспяровіча стараецца паспрыяць пажылым вяскоўцам у вырашэнні іх праблем. А раз ты патрэбен людзям — значыць, жывеш  правільна. 

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧНа здымку: А. К. ШАРАЙ у першым радзе справа.Фота С. ЗВЯРОВІЧА

На здымку: Алена Кліменцьеўна ШАРАЙ гутарыць са старшынёй Курылавіцкага сельсавета Сяргеем Валяр’янавічам КАСПЯРОВІЧАМ.

Фота С. ЗВЯРОВІЧА



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: