Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

«Я ні разу не пашкадаваў, што стаў урачом”

«Я ні разу не пашкадаваў, што стаў урачом”03 апреля 2012 — 10:00

Жыццё чалавека нагадвае бег стрэлак гадзінніка. У маленстве здаецца, што яны рухаюцца вельмі марудна, наперадзе яшчэ многа-многа часу, і яго павінна хапіць, каб рэалізаваць усе задумы. Стаўшы дарослым,  усведамляеш, што ход стрэлак  чамусьці паскараецца. І ў нейкі момант яны пачынаюць рухацца з хуткасцю секундаў,  і ніяк нельга запаволіць іх бег. Урачу-метадысту арганізацыйна-метадычнага кабінета УЗ “Мастоўская  ЦРБ” Раману Эдуардавічу Плоцкаму няма небходнасці  запавольваць гэты самы бег стрэлак. Самыя галоўныя задумы ўдалося рэалізаваць: і ў свае семдзесят ён, як і ў маладосці, бадзёры і поўны энергіі,  пры справе, патрэбны хворым,  калегам па працы, сваім любімым унучкам Дар’і і Марце, якіх дзядуля  сфатаграфаваў на мабільны тэлефон, з радасцю і  гонарам паказвае фатаграфіі дзяўчынак калегам.

Сорак пяць гадоў адпрацаваў  Раман Эдуардавіч у медыцыне.  Гэта доктар ад Бога! Пацыенты сцвярджаюць, што ён па адным толькі выглядзе хворага, ледзь значных сімптомах,  міміцы,  жэстах, яшчэ  не бачачы аналізаў, мог  беспамылкова вызначыць дыягназ. 

  —Гэтыя навыкі ў мяне  выпрацаваліся за час работы ў сельскай участковай бальніцы  ў Гервятах Астравецкага раёна,— з прыемнасцю ўспамінае Раман Эдуардавіч пачатак сваёй ўрачэбнай практыкі. —Здаваць хворым аналізы даводзілася ў Астраўцы,  і пакуль яны вернуцца  ў Гервяты, мне  заставалася спадзявацца на веды, набытыя ў інстытуце, і  ўласную інтуіцыю. Затое якая практыка, якое поле дзейнасці! Хто хоць  некалькі год адпрацаваў сельскім урачом, той не прападзе і ў сталічнай клініцы,— робіць вывад Раман Эдуардавіч.

  Земскі доктар павінен  умець і ведаць многае:  быць  у адной асобе хірургам, педыятрам, траўматолагам, акушэрам. Ледзь не ў першы  працоўны дзень  менавіта  ў ролі акушэра давялося выступіць маладому ўрачу. Тыя роды і сваё адчуванне пры гэтым  Раман Эдуардавіч не забыў праз многа гадоў:

  —Парадзіхай аказалася маладая вясковая настаўніца.  У такой сітуацыі яна разгубілася перад такім жа маладым доктарам. Сем патоў давялося мне выцерці, пакуль на свет з’явіўся маленькі чалавечак. Добра, што побач  была вопытная медсястра і ўсё закончылася паспяхова.  Пазней доктару Плоцкаму не раз даводзілася з гонарам выходзіць і з больш складаных медыцынскіх сітуацый, нездарма праз тры гады яго прызначаюць  намеснікам галоўнага ўрача Астравецкай раённай бальніцы. Там ён прыкмеціў і закахаўся ў сімпатычную медсястру Галю, якая пазней стала Галінай Вячаславаўнай Плоцкай, вернай спадарожніцай і  надзейным сябрам Рамана Эдуардавіча, падаравала яму сына Андрэя. Дарэчы, Андрэй Раманавіч некаторы час працаваў урачом-гінеколагам у Мастах, сваім з’яўленнем на свет яму абавязаны сотні маленькіх жыхароў раёна. Зараз Плоцкі малодшы— кандыдат медыцынскіх навук і працуе ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце. Урачом  працуе і  нявестка Алена Анатольеўна.

  Кожны з нас — дзіця сваёй эпохі, якая адкладвае адбітак на характар і светапогляд. Сялянскім дзецям, а нарадзіўся  Раман Эдурдавіч Плоцкі  ў Вялікай Бераставіцы, уласцівы прыроджаныя працавітасць і адначасова нейкая ледзь усвядомленая, але неадольная цяга да лепшага жыцця, а яно не ўяўлялася без вучобы, ведаў. Самымі аўтарытэтнымі  і паважанымі людзьмі для сялян у той час былі  настаўнік і ўрач. Раман Эдуадавіч  стаў урачом, а брат Леанід і сястра Ганна— настаўнікамі.

  Вялікая Бераставіца, хоць і мела статус мястэчка, але большасць яго жыхароў займалася звычайнай сялянскай працай. Сям’я Плоцкіх таксама апрацоўвала на-дзел зямлі, каля паўтара гектара, па тагачасных мерках гэта нямнога. З трынаццаці год Раман ужо ўмеў касіць, крыху пазней навучыўся  і хадзіць за плугам. Але і з гэтым невялікім надзелам сям’і давялася расстацца. У 1949 годзе  ў Вялікай Бераставіцы стварыўся калгас з сугучнай таму часу назвай “Чырвоная зорка”. Гэтая лёсавызначальная для сялян падзея зафіксавалася  ў  дзіцячай памяці Рамана па- свойму. Аднаго разу прыйшоў са сходу бацька Эдуард Станіслававіч і паведаміў дамашнім, што цяпер усе яны калгаснікі. А раз так, дык трэба ў той самы калгас аддаць уласных карову і каня.  Раману вельмі шкада  тады было  расставацца з  канём, якога сям’я набыла два гады назад.

  І яшчэ адзін эпізод застаўся ў дзіцячай памяці Рамана Плоцкага, як паказаў час, ён, магчыма,  паўплываў на выбар хлопцам будучай прафесіі. На туберкулёз захварэла мама Стэфанія Канстанцінаўна. Для яе лячэння, каб купіць ўпакоўку стрэптаміцыну, бацька вымушаны быў прадаць карову.

  —Вось вырасту, навучуся на доктара і будуць у мяне белы халат і чыстыя рукі і, напэўна, многа грошай, — марыў тады хлопчык.  У 1960 годзе Раман Плоцкі з сярэбраным медалём закончыў сярэднюю школу і  ўпрытык наблізіўся да ажыццяўлення сваёй мары, тым больш, што два гады перад гэтым  у Гродне ад-крыўся медыцынскі інстытут. Праўда, у школьным жыцці Рамана быў «выкрунтас», звязаны з музыкай. Настаўнік матэматыкі Аляксандр Рыгоравіч Дробат стварыў у школе аркестр народных інструментаў. Раман Плоцкі з задавальненнем іграў у гэтым ансамблі і палюбіў музыку да такой ступені, што пасля заканчэння сёмага класа вырашыў паступаць у Гродзенскае  музычнае вучылішча. Экзаменатары параілі  шчупленькаму невысокаму хлопчыку падрасці і прыехаць да іх пазней.

Пасля дзесятага класа Раман ужо  паехаў здаваць уступныя экзамены ў Гродзенскі медінстытут. Праўда, і на гэты раз яму добрую паслугу  аказала ўменне іграць у аркестры. Пасля здачы ўступных экзаменаў высветлілася, што хлопец не дабраў аднаго бала, вельмі многія выявілі ў той год жаданне стаць урачамі. Тагачасны рэктар медінстытута Леанард Феліксавіч Супрон,  гутарачы з абітурыентамі, высвятляў, хто з іх  яшчэ чым  цікавіцца, акрамя медыцыны. Даведаўшыся, што Раман іграў у школьным аркестры,  рэктар паабяцаў залічыць яго ў студэнты пры ўмове, што і ў інстытуце ён будзе “дудзець на трубе” у час святочных дэманстрацый.

  У 1971 годзе Раман Эдуардавіч і Галіна Вячаславаўна Плоцкія пераехалі  ў Масты.  Трыццаць пяць год адпрацаваў Раман Эдуардавіч намеснікам галоўнага ўрача Мастоўскай раённай бальніцы па аказанню медыцынскай дапамогі сельскаму насельніцтву. У сямідзесятыя-васьмідзесятыя гады ў раёне адчыняліся фельчарска-акушэрскія пункты нават у аддаленых вёсках, пабудаваны былі амбулаторыі ў Лунна, Харціцы, Мілявічах. Гаспадарчым спосабам  вялося будаўніцтва новай паліклінікі ў Мастах. Урачы, медсёстры, санітаркі пасля сваёй асноўнай работы ў бальніцы  вечарамі мянялі белыя халаты на рабочае       адзенне і станавіліся  будаўнікамі. Гэтая будоўля стала для райцэнтра народнай.

  А ў самыя смутныя, па словах Рамана Эдуардавіча,  дзевяностыя гады  ён выбіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Упершыню выбары праходзілі на альтэрнатыўнай аснове.  Канкурэнцыя была сур’ёзная, разам з Р. Э. Плоцкім за дэпутацкі мандат змагаліся яшчэ тры кандыдаты. Матэрыяльных даброт  для медыцыны раёна, як наказвалі свайму дэпутату калегі, Раману Эдуардавічу за час свайго дэпутацтва дабіцца не ўдалося. І не таму, што баяўся ці не хацеў абіваць парогі кабінетаў высокага начальства. Проста  і высокае начальства ў той складаны для рэспублікі час нічым не  магло дапамагчы, грошай на медыцыну катастрафічна не хапала.

Затое дэпутацкі корпус, у саставе якога працаваў Раман Эдуардавіч Плоцкі, абвясціў Рэспубліку Беларусь суверэннай дзяржавай, зацвердзіў інстытут прэзідэнства, прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь—асноўны Закон, па якім мы жывем і сёння.

  Вядзем з Раманам  Эдуардавічам нетаропкую размову аб развіцці сённяшняй медыцыны ўвогуле і ў раёне канкрэтна. Тэхнічны і навуковы прагрэс наклаў свой адбітак і на медыцынскае абслугоў-ванне насельніцтва Мастоўшчыны, ёсць кваліфікаваныя кадры. Засмучае  вопытнага ўрача толькі той факт, што іх не хапае, у раёне сёння застаюцца незапоўненымі медыцынскія вакансіі.  Маладыя  спецыялісты, у  адрозненне ад колішніх аднакурснікаў Плоцкага,  неахвотна едуць на работу ў  райцэнтр  і асабліва на сяло. Але цудоўна, што сярод нас і сёння не перавяліся аптыміс-ты, якія знайшлі  сваё прызванне, змаглі прынесці карысць людзям і за-служыць іх павагу. Раману Эдуардавічу Плоцкаму гэта ўдалося.   

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧФота з архіву сям”і Плоцкіх 



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: