Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНовости МостовщиныНаш край

Выпрабаванне ветрам і дажджом

Выпрабаванне ветрам і дажджом10 июня 2013 — 10:00

Мінулыя выхадныя для жыхароў нашага раёна выдаліся неспакойнымі. Пацвярджаючы самыя несуцяшальныя прагнозы сіноптыкаў, па Мастоўшчыне пранёсся ўраган са шквалістым ветрам і дажджом, моцнымі бліскавіцамі і громам. Непагода пакінула пасля сябе вывернутыя з каранямі дрэвы, пашкоджаныя  дахі дамоў, абарваныя электрычныя правады, у чарговы раз даказваючы  нам сваю перавагу.

— Гэта было дзесьці на пачатку восьмага вечара, — успамінае той суботні вечар жыхар вёскі Пескі Алег Даніілавіч Красоўскі, гледзячы на дах свайго дома, дакладней, на яго адсутнасць. – Жонка гатавала вячэру, а я выйшаў у гародчык за зялёнай цыбуляй. Раптам падняўся моцны вецер, сцямнела, стала ўсё круціць – гэта было падобна на смерч. У думках пранеслася, што хутка будзе нешта нядобрае. Толькі я паспеў у хату забегчы і дачку сабой прыкрыць, як нешта моцна бахнула. Думаў, што бяроза ўпала…

Прадчуванне не падманула вяскоўца. Памыліўся ён толькі ў тым, што моцным ветрам на дах іх дома паваліла не бярозу, а стары і тоўсты вяз. Зараз ён, распілаваны, ляжыць ля пашкоджанага дома, побач з якім калісьці вырас.

— Добра, што дрэва трапіла на цаглянае перакрыцце, якраз на сярэдзіну дома, інакш бы ўсё разваліла, — быццам супакойваючы сябе, адзначае гаспадар. – На рамзаводзе далі водпуск, будзем рамантаваць. Абы толькі дождж  не ішоў…У той жа вечар, толькі крыху раней, ураган паказаў свой нораў і ў аграгарадку Пацавічы.

— У асноўным, ад моцнага ветру пацярпелі пладова-ягадныя дрэвы: іх ламала, крышыла і выварочвала з карэннямі, — ацэньвае наступствы непагоды старшыня Пацавіцкага сельсавета Валянцін Альбінавіч Кавалевіч. – На многіх дамах і хлявах часткова пашко-джаны дахі. Найбольш пацярпеў дом па вуліцы Новай, дзе было сарвана 100 лістоў шыферу. У іншых вёсках сельсавету сітуацыя спакайнейшая. Так, у Самуйлавічах Горных часткова раскрыла адзін дом, а ў Ліхінічах – хлеў.

Акрамя таго, па інфармацыі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, стыхія добра “прагулялася” па даху будынка малочна-таварнай фермы “Пацавічы”, сарваўшы 150 лістоў шыферу. Пашкоджаны і дах кантрольнага кароўніка фермы “Зарудаўе”. Ад паваленых ветрам дрэў пацярпелі аўтамабілі ў Мастах і аграгарадку Дубна. Усюды супрацоўнікі РАНС вялі работы па распілоўцы і ўборцы дрэў.Нямала клопату ўраган даставіў і электрыкам раёна – у горадзе, а таксама ў 22 сельскіх населеных пунктах былі абарваны паветраныя лініі электраперадач, маланкай па-шкоджана электраабсталяванне.

— Пяць нашых брыгад пад кіраўніцтвам майстроў В.А. Сцепанцэвіча, А.А. Філіпава, А.В. Масюка, М.Я. Рудзевіча аператыўна вялі работы па лакалізацыі ўсіх пашкоджанняў, аб месцы і  характары якіх па спецсувязі паведамлялі  дыспетчары В. У. Стрэльчань, Дз. У. Валчкевіч, С. А. Бурак, — адзначае галоўны інжынер Мастоўскага раёна электрасетак Мікалай Міхайлавіч Добры. – У суботу электраманцёры працавалі да гадзіны ночы, у нядзелю – з пяці гадзін раніцы і да дзевяці вечара. Спачатку займаліся электразабеспячэннем вытворчых аб’ектаў сельгаспрадпрыемстваў, затым – бытавых спажыўцоў. У асноўным, фіксаваліся такія па-шкоджанні, як падзенне дрэў на паветраныя лініі электраперадач, абрыў правадоў, паломка стоек паветраных ліній і выхад са строю электраабсталявання з-за прамога пападання маланкі.

Значную шкоду непагода нанесла і лясной гаспадарцы. Як адзначылі  работнікі Пескаўскага лясніцтва, якіх мы сустрэлі ля “прарэджанага” ветрам бярозавага гаю ў наваколлі вёскі Выгода, толькі на гэтым пятачку паваліла 25 дрэў, а ўвогуле, “ляжаць” гектары лесу.

Н.ШЭЎЧЫКФота С. ЗВЯРОВІЧА


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио