Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Выхаванне маленькага грамадзяніна

Выхаванне маленькага грамадзяніна14 декабря 2015 — 10:00

 Прыйдзе час, і сённяшнія выхаванцы стануць вызначаць будучыню роднай Беларусі. І вельмі важна ўжо зараз звярнуць увагу на выхаванне асобы  з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, у цэнтры якой  будзе  ўсведамленне  ўласнай адказнасці за лёс Радзімы, на выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця патрыятызму. Вялікую ўвагу гэтым пытанням надае Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. Масты.

У нашай дашкольнай установе выхавальнікі  выкарыстоўваюць у зносінах рускую і беларускую мовы, але прытрымліваюцца роднай мовы асабліва ў пятніцу, таму што гэты дзень з’яўляецца  беларускамоўным. Менавіта ў пятніцу праводзяцца заняткі па развіццю беларускага маўлення з дзецьмі сярэдняга і старэйшага ўзросту. Таксама ў нас арганізавана група, якая працуе ўвесь час на беларускай мове. Таму хлопчыкі і дзяўчынкі і песні беларускія ведаюць, і танцы народныя выканаць могуць. Ва ўсіх групах дашкольнай установы маецца свой асаблівы “беларускі куточак”, дзе размешчаны вырабы з гліны,  саломы, драўніны. 

А каб пра жыццё нашых продкаў ведаць не па чутках, існуе ў дашкольным цэнтры музейны пакой “Беларуская хатка”. Шмат намаганняў было прыкладзена, каб стварыць музейны пакой. Менавіта праз гэты куточак дзеці далучаюцца да беларускай нацыянальнай культуры, знаёмяцца з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам. Экспанаты ў “Беларускую хатку” збіраліся педагогамі, бацькамі па крупіцах у літаральным сэнсе гэтага слова. Нашы выхаванцы ўжо ведаюць, як выглядаюць старадаўнія рэчы: самапрадка, бязмен, лапці, маслабойка. 

 Праз  сабраныя ў “хатцы” экспанаты мы знаёмім дзяцей з жыццём сялян,  прыладамі працы, святынямі беларусаў. Яны ведаюць, што галоўнае і пачэснае месца ў хаце беларусаў займаў чырвоны кут, або покуць.  Месца, дзе стаіць печ, лаўка з рэчамі, неабходнымі ў гаспадарцы: ступай, чугунамі, мicкaмі, збанамі, глякамі ­ гэта бабін кут. Дзеці знаёмяцца не толькі з прыгажосцю вырабаў, зробленых рукамі бабуль, матуль, але i з прыладамі для ткацтва: калаўротам, верацяном з прасніцай;  прыладамі для мыцця i прасавання бялізны: качалкам, валакам, прасам на вуглях.

Весела, цікава, забаўляльна і ў той жа час пазнавальна праходзяць у дашкольным цэнтры розныя мерапрыемствы, абрадавыя святы, ранішнікі на беларускай мове: “Калядкі”, “Масленіца”,  “Гуканне  вясны”,  “Купалле”. Мы цесна супрацоўнічаем з дзяржаўнай установай адукацыі “Сярэдняя школа №5 г. Масты”. Вучні пачатковых класаў прыходзяць да нас на экскурсіі. Выхаванцы старэйшых груп і педагог сацыяльны Л.В. Жылінская расказваюць на беларускай мове сваім гасцям аб музейным пакоі. Таксама пабываць на віртуальнай экскурсіі і даведацца пра музейны пакой “Беларуская  хатка” можна на сайце ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці  г. Масты”.

 Мы спадзяёмся, што наша праца не пройдзе дарэмна, і тое зерне дабрыні, якое мы закладваем у дзіцячую свядомасць, працягне развівацца і далей.

Т. ФІТЛОЎСКАЯ,намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД г. Масты



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: