Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Выдавецкі дом “Звязда” прадставіў свае выданні мастаўчанам

Выдавецкі дом “Звязда” прадставіў свае выданні мастаўчанам13 сентября 2018 — 14:48

Па ініцыятыве нашага земляка, дырэктара - галоўнага рэдактара “Выдавецкага дома “Звязда” Паўла Сухарукава ў Мастоўскай раённай бібліятэцы ладзілася літаратурна-творчая сустрэча з удзелам прадстаўнікоў медыяхолдынга.

На сустрэчу з мастаўчанамі завіталі галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, дзіцячая пісьменніца Алена Мальчэўская, намеснік рэдактара часопіса “Нёман”, паэт і пісьменнік Уладзімір Мазго, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”, паэт Дзмітрый Шулюк, супрацоўнік аддзела маркетынга “Выдавецкага дома “Звязда” Юлія Кавалёва.

Кожны з гасцей прадставіў свае выданні, расказаў пра сябе і сваю творчасць. Так, напрыклад, Алена Мальчэўская звярнула ўвагу прысутных на тое, чым сёння папаўняецца адно са старэйшых выданняў Беларусі – часопіс “Полымя”.

- Тут можна прачытаць паэмы і раманы, якія пасля выходзяць кнігамі, таксама ў нас ёсць цікавая рубрыка “Галасы свету”, дзе друкуюцца пераклады. Шмат публікацый па літаратуразнаўстве і краязнаўстве. Дарэчы, ведаю, што Мастоўскай бібліятэкай накоплены багаты краязнаўчы матэрыял, таму ёсць планы ў хуткім часе падрыхтаваць сумесны артыкул па дадзенай тэме, - адзначыла Алена Аляксандраўна.

Шмат агульнага паміж Мастоўшчынай, часопісам “Нёман” і сваёй творчасцю знайшоў Уладзімір Мазго.

-  Я магу лічыцца вашым земляком, бо сам родам з Зэльвы. Часопіс, у якім зараз працую, носіць назву “Нёман”, і ў вас працякае гэтая рака. А падчас рэспубліканскага свята “Дажынкі”, якое ладзілася ў Мастах у 1997 годзе, Якаў Навуменка выканаў песню на мае словы “А мне ўсё верыцца”. Магчыма, пасля асабістага знаёмства з вашым горадам і яго жыхарамі ў мяне таксама народзіцца верш і пра Масты, - выказаў меркаванне Уладзімір Мінавіч.

Дарэчы, многія творы паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі пакладзены на музыку і сталі вядомымі песнямі. Іх можна пачуць у выкананні Іны Афанасьевай, Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай і іншых беларускіх выканаўцаў. А свае першыя вершы, па словах аўтара, ён напісаў у 6-м класе.

Некаторыя свае творы прачытаў таксама і Дзмітрый Шулюк, больш вядомы пад псеўданімам Рубін. Пазнаёміцца з яго калонкай “Рубінавыя радкі” можна ў часопісе “Маладосць”. Неардынарная ідэя зрабіць у выданні перавернутую старонку таксама рэалізавана маладым паэтам.

Цікавай атрымалася і сустрэча з самымі юнымі наведвальнікамі раённай бібліятэкі, дзе аўтары прэзентавалі свае дзіцячыя кнігі і творы, адказалі на пытанні рабят.

У тэму

У склад “Выдавецкага дома “Звязда” ўваходзяць перыядычныя выданні – газета “Звязда”, штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, літаратурна-мастацкія часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “Бярозка”, сатырычны часопіс “Вожык”, экалагічны часопіс “Родная прырода”, жаночы часопіс “Алеся” , а таксама кніжнае выданне. У год выдаецца каля 100 кніг на беларускай і рускай мовах.

Н.ШЭЎЧЫК
Фота В.ДЗЯРНЕЙКІ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий:
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио