Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноУрожай-2017Урожай-2017

Вясновы настрой ад гудзевіцкіх майстрых

Вясновы настрой ад гудзевіцкіх майстрых16 апреля 2016 — 10:00

 Апошнімі днямі сакавіка ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна­краязнаўчым музеі распачала работу незвычайная выстава пад лірычнай назвай «Калі ў душы вясна...»

На ёй  прадстаўлены работы мясцовых жыхарак, якія, дзякуючы творчай фантазіі, умелым і спрытным рукам, ствараюць на­дзвычай прыгожыя рэчы.

­­ Выстава ў чарговы раз пацвярджае выснову, што на гудзевіцкай зямлі жывуць таленавітыя, творчыя і нястомныя ў сваім жаданні тварыць жанчыны, ­­ адзначае дырэктар музея Кацярына Вітальеўна Басінская. – Часам, не тое што аднавяскоўцы, суседзі і калегі, але і блізкія знаёмыя не ведаюць, які таленавіты чалавек жыве ці працуе побач. Вось і наша выстава адкрыла новыя імёны мясцовых майстрых.

Так, Наталля Аляксандраўна Ралейнік, Ядзвіга Іосіфаўна Грышкевіч, Ірэна Адольфаўна Жукоўская і Тамара Адамаўна Бобрык захапляюцца вышываннем прыгожых карцін. Валянціна Фёдараўна Гедрэвіч таксама вышывае, толькі не ніткамі, а бісерам. Адзін з самых актуальных матываў вышывальшчыц – кветкі, якія, здаецца, толькі што сабралі з мясцовых кветнікаў, і краявіды, што перадаюць прыгажосць і непаўторнасць роднай зямлі.

Кацярына Канстанцінаўна Аксаміт свой вольны час прысвячае пляценню з газетных трубачак. Вырабы ў гэтай тэхніцы атрымліваюцца надзвычай лёгкімі і прывабнымі, здольнымі ўпрыгожыць любы інтэр’ер. Як, дарэчы, і рэчы з бісеру ў выкананні Валянціны Міхайлаўны Бурмакінай.

Арыгінальнасцю тэхнікі і эстэтычным густам вылучаюцца работы Наталлі Аляксандраўны Салтан. Майстрыха дасканала валодае кручком, а яе вырабы з паперы проста захапляюць.

Букет з салодкім сюрпрызам ад Зоі Уладзіміраўны Багдан можа падняць настрой кожнаму, хто атрымае яго ў падарунак.Цікавы факт: многія з удзельніц выставы сталі займацца рукадзеллем пасля выхаду на пенсію. Для кагосьці – гэта прыемнае і карыснае баўленне вольнага часу, якога раптам стала вельмі шмат, для іншых – магчымасць рэалізаваць свае даўнія мары і творчыя ідэі, што гадамі выношваліся ў рабочых кабінетах.

­­ Вязаць я ўмела даўно, а вось вышываннем раней ніколі не займалася. Зараз час дазваляе поўнасцю акунуцца ва ўладу рознакаляровых шыўкоў і крыжыкаў. Гэты занятак не толькі захапляе, супакойвае, але і трэніруе розум: працуюць рукі – працуе і галава. Прыемна, калі твае работы падабаюцца – гэта падбадзёрвае, стымулюе і надае ўпэўненасці перад чарговым тварэннем, ­­ разважае Ірэна Адольфаўна Жукоўская, якая і стала ініцыятарам правядзення выставы.

Яе падтрымліваюць і астатнія жанчыны, што далучыліся да ліку майстрых не так даўно. Аднак праўду кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Так і нашыя сучасніцы, з якімі давялося пазнаёміцца ў Гудзевічах.

У музеі нас запэўнілі, што летам будзе арганізавана новая падобная выстава. Безумоўна, з’явяцца, новыя работы, а магчыма, і новыя ўдзельніцы.

Н.ШЭЎЧЫК

Фота аўтара




Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: