Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод народного единстваГод народного единстваМолодёжьМолодёжьСоциумОбщественная жизньНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Вядомае імя невядомага салдата

Вядомае імя невядомага салдата24 декабря 2022 — 10:03

Чым больш час аддаляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны,  тым менш застаецца надзей на ўстанаўленне імёнаў невядомых салдат. І тым больш каштоўным становіцца адкрыццё яшчэ аднаго імені невядомага салдата,  які 80 год для яго родных і блізкіх значыўся без вестак прапаўшым.

На тэрыторыі нашага былога Азёркаўскага сельскага Савета знаходзіцца пяць помнікаў загінуўшым землякам і ахвярам фашызму: у вёсках Вялікія і Малыя Азёркі, Котчына, Дубраўка і Дварок. На помніках – прозвішчы загінуўшых землякоў. Вучні Азёркаўскай школы традыцыйна ажыццяўляюць за імі належны догляд. І вось параўнальна нядаўна ўдзельнікі аб’яднання “Юныя экскурсаводы” даведаліся, што ў вёсцы Лупачы ёсць магіла, на якой устаноўлены безыменны помнік з пяціканцовай зоркай. Хто ён? Чаму і калі быў пахаваны тут, на вясковых могілках?  Пачалася пошукавая работа, якую яшчэ больш актывізаваў наш удзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Навука перамагаць”.

Не будзем стамляць чытача падрабязным апісаннем нашай пошукавай дзейнасці,  а спынімся на галоўным. Першай зачэпкай стала сустрэча са старшынёй выканкама Курылавіцкага сельскага Савета С. В. Каспяровічам. Ён паведаміў аб тым, што яму калісьці расказваў былы жыхар в. Лупачы, партызан, франтавік Сухоцкі Мікалай Іванавіч. Па яго словах, гэта быў чырвонаармеец з Украіны. Яны разам разбіралі снарад, каб здабыць тол для партызан. Але адбыўся выбух. Чырвонаармеец загінуў на месцы, а ён, Сухоцкі М.І., цудам застаўся  жывым. Пісьмовае пацверджанне гэтаму факту нам удалося знайсці ў  артыкулах раённай газеты “Зара над Нёманам” пад агульнай назвай “З летапісу народнай славы калгаса “Шчара”, якія былі надрукаваны ў 1980 г. Адзін з іх называецца “Партыі радавы”,  у якім карэспандэнт “раёнкі” В. Вялічка расказвае пра сустрэчу з ветэранам Сухоцкім М. І. Па словах Сухоцкага, прозвішча загінуўшага чырвонаармейца было Сердзюк. Гэта ж прозвішча мы знайшлі і ва ўспамінах некалькіх былых ветэранаў вайны, запісаных яшчэ ў канцы 1960-х гг., якія захоўваюцца ў фондах нашага школьнага музея. Адзін з іх  –  Лупач Аляксей Андрэевіч – успамінаў: “З самага прыходу немцаў у нашым  доме хаваліся чырвонаармейцы Пішчулін, Сердзюк, Мядзведзеў. Потым яны ўзначалілі два партызанскія атрады”. А вось устанавіць імя салдата дапамагла нам публікацыя ўспамінаў Вінаградава В.В., былога намесніка камандзіра партызанскага атрада №3649 па разведцы. У 1985 г. яны друкаваліся ў “Зары над Нёманам”.

Пацвярджэнне нашай версіі пашанцавала атрымаць і ў жывога сведкі тых падзей. Як аказалася, у вёсцы Лупачы жыве цікавы чалавек, добры субяседнік, які перажыў вайну падлеткам. У дзіцячую памяць на ўсё жыццё ўрэзаліся шматлікія ваенныя падзеі не толькі ў яго роднай вёсцы, але і далёка за яе межамі. Мікалай Міхайлавіч Лупач (як заўважыў наш чытач, усе жыхары вёскі Лупачы мелі такое ж прозвішча) расказаў, што яны разам са старэйшым братам бачылі, як прыбегшыя на выбух вяскоўцы збіралі астанкі салдата, а потым пахавалі на могілках. Нават прозвішча Сердзюк назваў без нашага пытання.

І так, вынік: імя і прозвішча чырвонаармейца ўстаноўлена. Аднак  у інтэрнэт-рэсурсах можна сустрэць многія дзясяткі чырвонаармейцаў з імем Сердзюк Іван.  Хто з іх наш – патрабуе яшчэ дадатковага даследавання і нямала часу для гэтага. У нашых планах – устанаўленне імені па бацьку Сердзюка Івана, месца яго прызыву і дыслакацыі яго ваеннай часці. А яшчэ – і гэта самае галоўнае – добраўпарадкаванне і ўстанаўленне імені на помніку безыменнага героя.

У захапляючай  пошукавай дзейнасці ўдзельнічалі юныя экскурсаводы Ксенія Бабіч, Наталля Жук, Дар’я Дзядовіч, Паліна Дубіцкая, Валерыя Рудэнко. А рухаючую сілу і добры эмацыянальны настрой прыдавалі ўсяму працэсу дырэктар школы В. А. Мармыш і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Т. А. Халецкая.

 

Ірына ГАРБАЦЭВІЧ, кіраўнік

аб’яднання па інтарэсах

 “Юныя экскурсаводы”

Азёркаўскай сярэдняй школы

Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале

Подписывайтесь по ссылке

#Озёрки #патриотизм #дети #Мостовщина

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио