Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

Вучыліся ў Гудзевічах ткаць падвойныя дываны

Вучыліся ў Гудзевічах ткаць падвойныя дываны15 июня 2016 — 10:00

 Нядаўна ў Гудзевіцкім  літаратурна-краязнаўчым музеі  працавала   летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”.

Аж на тры дні  тут  сабраліся тыя, хто нераўнадушны да самага прыгожага народнага рамясла.  Не толькі з Гродна, але і  з Мінска прыехалі  зацікаўленыя госці, каб  засвоіць тэхніку падвойнага ткацтва, якое шырока практыкуецца ў Гудзевічах і,  на шчасце, ёсць  сёння майстры, якія гатовы навучыць  гэтаму рамяству жадаючых. Майстры Мастоўскага цэнтра рамёстваў падрыхтавалі з  гэтай нагоды вытаўку -кірмаш  работ сваіх  майстроў

    --Сёння ў нашым музеі сабраліся майстры і аматары ткацтва, каб падзяліцца сваім вопытам у гэтым рамястве. Радуе тое, што цікавасць да народных традыцый не знікае, а наадварот пашыраецца і развіваецца, на нашых занятках ўжо  былі людзі розных узростаў і прафесій, а найболей - моладзі! -- гасцінна запрашае  на  летнюю школу-майстрэню дырэктар музея Кацярына  Вітальеўна Басінская.

   Ткацтвам у Гудзевічах  цікавяцца не толькі дарослыя, але і странна яго асвойваюць школьнікі. Ёсць надзея, што рамяство не знікне. Адзінаццацаць вучняў мясцовай  школы зараз вучацца  ткаць пад кіраўніцтвам  Людмілы Міхайлаўны  Станеўскай. Першымі    ўдзельнікаў летняй школы сустракаюць  самыя маленькія ткалі  трэцякласніцы Настасся Фурмантовіч, Настасся Валюшка, Кацярына Санько, Марына Рыжэўская. 

Нягледзячы на летнія канікулы, дзяўчынкі  прыйшлі  ў музей, каб заняцца  любімай справай. На маленькіх кроснах яны  ткуць закладкі для   кнігі. А вось  пяцікласніца Ксенія Гаспаровіч ужо працуе на вялікіх кроснах і самастойна здолела  выткаць прыгожую сурвэтку.

   У час  кароткай экскурсіі  па залах музея госці мелі пагчымасць палюбавацца прыгажосцю  падвойных  дываноў, габеленаў, паясоў,  вытканых не толькі  Верай Ігнатаўнай Белакоз, якая  адной з першых пачала адраджаць забытую тэхналогію падвойнага такацтва, але і тымі, каму яна перадала сваё  ўменне.  Свае работы прадаставілі на  выстаўку дачка Веры Ігнатаўны   Марына Аляксандраўна Камінская,  якая працягвае справу маці і  сёння з’яўляецца кіраўніком майстэрні “Ткацтва” народнай студыі “Суквецце талентаў” установы адукацыі “Гродзенскі абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі,” а таксама метадыст Гродзенскага абласнога метадычнаца цэнтра народнай творчасці Алена Феліксаўна  Шунейка. Павышаную  цікавасць   госці   праявілі  да дывана, што   ахвяравала музею  паэтэса Ларыса Геніюш, якая нарадзілася і вырасла ў гэтай  мясцовасці.      Старшы навуковы супрацоўнік   музея  ”Лес і чалавек”  Настасся Міхайлаўна Міхно расказала гасцям  аб  тэхналогіі падвойнага ткацтва, аб тым, як яно  адраджалася ў Гудзевічах:  

   -- У 1988 годзе супрацоўнікі Гудзевіцкага музея актыўна заняліся адраджэннем падвойнага ткацтва. З мэтай навучання тэхніцы ткацтва яны ездзілі ў Адэльск да майстрыхі  Ядвігі Аўгусцінаўны Райскай. Так у Гудзевічах пачалі ткаць падвойныя дываны. Спачатку малюнкі дываноў не адпавядалі асаблівасцям тэхналогіі і больш паходзілі на матывы пераборных тканін, але паступова ткачыхі навучыліся адчуваць спецыфіку ўтварэння малюнкаў з перапляцення нітак падвойнай асновы. Хоць у калекцыі музея прысутнічаюць разнастайныя прыклады каларыстычных рашэнняў, для гудзевіцкіх дываноў было абрана спалучэнне найбольш кантрасных колераў – чырвонага і чорнага. Для захавання народных традыцый сёння ажыццяўляецца супрацоўніцтва Гудзевіцкага   музея з кафедрай народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, -- з задавальненнем паведамляе Настасся Міхайлаўна.

Каб  асвоіць  тэхніку падвойнага ткацтва,   кіраўнік  гуртка Палаца творчасці дзяцей і моладзі Наталля Віктараўна Дзейка  прыехала  ў Гудзевічы   на тры дні  з   Мінска разам са сваімі вучаніцамі  Настассяй  Гвоздзевай і Наталляй Альховай. На працягу трох дзён яны пільна сачылі за работай Веры Ігнатаўны Белакоз, Марыны Аляксандраўны Камінскай, Алены Феліксаўны Шунейка, каб пераняць іх   майстэрства, а пазней развіваць  і прапагандаваць  яго ў беларускай сталіцы.

--Як цудоўна, што ў Гудзевічах  малыя і дарослыя праяўляюць цікавасць да ткацтва і вывучаюць  гэтае рамяство. Няхай  іх вузельчыкі на кроснах мацнеюць і не разрываюцца ніколі, -- выказала пажаданне  Наталля Віктараўна Дзейка.                                                      

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ




Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: