Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумДуховностьГод исторической памятиКультураНовости МостовщиныНовости Мостовщины

"Велікодныя традыцыі" ў Мастоўскім музеі "Лес і чалавек"

'Велікодныя традыцыі' ў Мастоўскім музеі 'Лес і чалавек'07 апреля 2017 — 14:49

 

На выстаўку з такой назвай запрашае наведвальнікаў Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”. Яна арганізавана ў рамках праекта “Масты паміж канфесіямі” і працягнецца па 2 мая.

 

Урачыстае адкрыццё выстаўкі прайшло 6 красавіка пры ўдзеле намесніка старшыні райвыканкама М.О.Давыдзік, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.С.Дзейкало і святароў – настаяцеля храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” г. Масты айца Уладзіміра Саверчанкі, настаяцеля храма Святога прарока Ільі г. Масты айца Уладзіміра Мазгова, настаяцеля храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы в. Бялавічы Айца Іаана Аўсіевіча.

 

На выстаўцы можна пазнаёміцца з экспанатамі з фондаў Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея і музея “Лес і чалавек”. Гэта старадаўнія абразы, іконы, крыжы, рызы святароў, царкоўныя кнігі і многае іншае, што можа зацікавіць не толькі аматараў гісторыі, але і вернікаў – як каталіцкіх, так і праваслаўных.

 

Дарэчы, назва праекта “Масты паміж канфесіямі” – глыбока сімвалічная. На тэрыторыі нашага раёна шмат мастоў і адзін з іх “служыць” духоўным мэтам, злучаючы ў адзінае цэлае людзей розных веравызнанняў і нацыянальнасцей. На Мастоўшчыне ў згодзе і ладзе жывуць беларусы і палякі, рускія і ўкраінцы, армяне і татары, літоўцы і яўрэі. Так супала, што сёлета свята Вялікадня праваслаўныя і католікі будуць святкаваць у адзін дзень, і гэта таксама з’яўляецца ў некаторай ступені знакавай падзеяй.

 

-- Вялікдзень аб’ядноўвае не толькі канфесіі і рэлігіі, але і цэлыя народы, -- выказаў думку айцец Уладзімір Мазгоў, расказваючы пра гісторыю вялікага свята.

 

На тое, што арганізаваная выстаўка з’яўляецца своеасаблівай дарогай да Хрыста і царквы, да духоўнага пачатку ў думках і справах, да захавання ў сем’ях Велікодных традыцый, звярнулі ўвагу айцец Уладзімір Саверчанка і айцец Іаан Аўсіевіч.

 

Сваю калекцыю вышытых абразоў на выстаўку прадставілі муж і жонка Марыя Юльянаўна і Міхаіл Андрэевіч Какорыны. У кожную сваю работу народныя майстры, з іх жа слоў, укладваюць душу, падыходзяць да справы з верай і трапяткім пачуццём далучэння да чагосьці вялікага. Пэўна, таму ад рукатворных ікон сыходзіць адмысловае святло і дабрыня.

 

Такімі ж надзіва светлымі атрымаліся і малюнкі на Велікодную тэматыку, падрыхтаваныя выхаванцамі Нядзельнай школы храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”.

 

Змястоўным і цікавым атрымаўся майстар-клас ад майстроў раённага цэнтра рамёстваў па вырабу вербаў – сімвала жыцця і вясенняга абуджэння. У праваслаўнай традыцыі вярба атаясамліваецца з пальмавымі галінкамі і лічыцца сімвалам перамогі Хрыста. Многія змаглі набыць прыгожа аздобленыя галінкі вярбы, каб асвяціць іх у царкве.

Н.БЯЙДУК

Фото аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио