Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультура

Валачобнікі гулялі, шчасця і дабра жадалі

Валачобнікі гулялі,   шчасця і дабра жадалі10 апреля 2018 — 14:14

 

Якое ж свята Вялікадня без валачобнікаў? З песнямі, цёплымі словамі і шчырымі пажаданнямі сёлета яны завіталі ў дамы жыхароў аграгарадкоў Вялікія Азёркі, Лунна, Курылавічы, Мілявічы, Стральцы, Зарудаўе.

 

У другой палове дня 8 красавіка валачобнікі з’явіліся на вуліцах Вялікіх Азёрак. Ветліва і сардэчна адкрывалі азёркаўцы дзверы сваіх хат для загадчыцы мясцовага сельскага клуба Ірыны Мікалаеўны Шалястовіч, акампаніятара Галіны Антонаўны Шалястовіч, рабят Юліі і Юрыя Майсюкоў, Дар’і Бачко, Кацярыны Жук, Валерыі Рудэнка, Ганны Жук.


Пранікнёна гучалі песні, што ўслаўляюць Хрыста, яго святое Уваскрэсенне. Бралі за душу віншаванні са светлым святам Вялікадня, якое аб’ядноўвае ўсіх хрысціян, напаўняе сэрцы і душы верай і надзеяй, дазваляе па-іншаму зірнуць на сваё жыццё, звяртае да роздуму аб вялікім сэнсе ахвяры ў імя любові і перамогі дабра над злом. Не могуць не збыцца шчырыя пажаданні радасці, шчасця, узаемаразумення, дабрабыту, поспехаў у працы, што гучалі ў гэты дзень ад валачобнікаў для гаспадароў і іх гасцей.


Вяскоўцы, якія славяцца сваёй гасціннасцю, таксама стараліся парадаваць артыстаў. Ні адну хату не пакінулі яны з пустымі рукамі. Шчодра адорвалі азёркаўцы дарагіх гасцей фарбаванымі яйкамі, цукеркамі, смачнымі духмянымі караваямі, салодкай выпечкай і іншымі прысмакамі. Бо яшчэ нашы продкі ведалі, што валачобнікаў трэба “задобрыць”, каб увесь год, да наступнага свята, жыць у ладзе ды згодзе.


У даўнія часы валачобны абрад быў прымеркаваны да пачатку веснавых земляробчых работ, а ў больш далёкім мінулым ім пачынаўся новы год. Валачобны гурт, які складаўся ў асноўным з мужчын, хлопцаў і юнакоў-падлеткаў, славіў гаспадара, яго працу, зычыў плёну на ніве, прыплоду ў статку, шчасця ўсёй сям’і. Большасць песень адрасавалася менавіта яму, услаўляючы руплівасць і дбайнасць. Велічалі таксама і гаспадыню як мудрую дарадчыцу і памочніцу.


Сёння, як і сотні гадоў таму, валачобнікі нясуць з сабой добрыя весткі, падтрымліваюць жыццёвы аптымізм, надаюць радасную перспектыву заняткам чалавека на цэлы год. Абыходзячы вёску, наведваючы кожную сям’ю, яны быццам яднаюць усіх нябачнай, але вельмі адчувальнай повяззю.


Н.СВЯТЛОВА
На здымку: свой добры настрой валачобнікі дарылі жыхарам В. Азёрак.


 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио