Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
37
25
АктуальноКультура и история75 лет освобождения БеларусиЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Успаміны былога партызана

Успаміны былога партызана08 мая 2019 — 14:48

Больш за 70 гадоў таму назад адгучалі апошнія стрэлы Вялікай Айчыннай вайны. Але мы і зараз успамінаем яе з вялікім болем і смуткам. Чаму? Напэўна таму, что няма на Беларусі сям’і, якой бы яна не кранула. Смерць, пакута, страта – гэта нязменнае мінулае кожнага беларуса. Аб сваім удзеле ў вызваленні роднай краіны нам расказаў былы партызан Міхаіл Іосіфавіч Дзедавец.

Міхась нарадзіўся 1 студзеня 1920 года ў невялікай вёсачцы Рэцімля на Навагрудчыне. Там ён скончыў школу на добрыя адзнакі. Бацькі – сяляне, адметныя сваёй працавітасцю. Дзяцінства было цяжкае, не хапала ежы і вопрадкі. Але як вялікі аптыміст, ён захапляўся дзіўнай прыродай: возера, лес, рыбалка. Гэта ў вольны час. У астатні – праца. У вялікай сям’і было восем  дзяцей і трэба было дапамагаць бацькам. Маленькім дзесяцігадовым хлопчыкам асвоіў першую прафесію – пастух. Ён пасвіў скаціну,  а пасля працаваў батраком у мясцовых кулакоў.

Вайна пачалася, калі Міхасю было 20 гадоў. Ужо 4 ліпеня 1941 г. Навагрудак быў  акупіраваны немцамі. З першых дзён немцы ўстанавілі свой жорсткі парадак. У гэты час на Навагрудчыне пачалі  стварацца партызанскія атрады, якія развярнулі  актыўную баявую дзейнасць. Налётамі на гарнізоны, органы ўпраўлення і гаспадарчыя аб’екты акупантаў, дыверсіямі на  чыгуначных і шасэйных дарогах, лініях сувязі, нечаканымі ўдарамі  яны наносілі  значны ўрон ворагу.  Атрад  імя Варашылава ўваходзіў у склад партызанскай брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага.

Атрад ім. Варашылава прымаў удзел у разгроме паліцэйскіх гарнізонаў, вёў рэльсавую вайну супраць гітлераўцаў. У адным з такіх  баёў геройскі  загінула дваюрадная сястра Міхаіла Іосіфавіча  Сячко Людміла. Зараз ёй устаноўлены памятнік у Любчы.

– Добра памятаю адзін з баёў  за Любчу, – ціха кажа Міхаіл Іосіфавіч. – Партызанская брыгада імя Дзяржынскага сіламі пяці атрадаў зрабіла баявы рэйд па ліквідацыі нямецка-паліцайскіх гарнізонаў у Вераскове і Любчы ў Навагрудскім раёне. Такі смелы ўдар партызан вызначыў перавагу сіл народных мсціўцаў. Не вытрымаўшы рашучага націску, гарнізон ворага капітуляваўся. У палон тады ўзялі 206 чалавек. Засталіся трафеі: мінамёт, ручныя кулямёты, аўтаматы, шмат харчавання.

Такімі тэмпамі, 3 ліпеня 1944 г. райцэнтр Любча быў вызвалены. На будынку райкама – штабе брыгады – узвіваўся чырвоны сцяг.

Жыхары сустрэлі вызваліцеляў з захапленнем і вялікай радасцю.

– Яны запрашалі нас дадому, частавалі. Памятаю таксама, як у будынку школы граў гармонік.

Але гэта была яшчэ не перамога. Раніцай 6 ліпеня 1944 г. ворагі паўкальцом атачылі Любчу і пачалі наступленне. Міхаіл з камандзірам групы спецыяльнага прызначэння Іванам Малуха і разведчыкам Паўлам Курапатам выявілі на падыходзе да вёскі Ачукевічы нямецкія танкі і бронемашыны. Паведалі аб гэтым у штаб – занялі абарону. Але снарадаў і мін не хапала. Нягледзячы на вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, вораг насядаў, імкнуўся прарваць лінію абароны і вырвацца да пераправы праз Нёман. Раніцай 8 ліпеня партызанскія брыгады і  наступаючыя часці Чырвонай арміі выбілі захопнікаў і ўвайшлі ў Любчу.

Міхаіл Іосіфавіч адразу быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, ваяваў на 3-ем Беларускім фронце ў складзе 184-ай стралковай дывізіі Чырвонасцяжнага   штурмовога знішчальнага (істребітельном?) батальона.  Мае баявыя ўзнагароды – ордэн Айчыннай вайны 1 ст., медалі “За мужнасць”, “За ўзяцце Кенігсбергу”, “За пабеду над Германіяй”, шмат юбілейных медалёў.

У верасні 1945  года смерць прайшла побач з Міхаілам – ён быў цяжка паранены ў спіну. Пабеду сустрэў у шпіталі на тэрыторыы Германіі, добра памятае гэты светлы і шчаслівы дзень. Нягледзячы на добры і старанны догляд за параненымі, лячэнне  працягвалася больш за год, і ў маі 1946 года Міхаіл Іосіфавіч вярнуўся дадому.

 Зараз ён жыве сярод вялікай сям’і – траіх дзяцей, пяці ўнукаў і сямі праўнукаў. За ім даглядае дачка Таісіяй. 1 студзеня 2020 г. Міхаіл Іосіфавіч адзначыць вялікае свята – 100-гадовы юбілей. Так пажадаем жа моцнага здароўя герою і вызваліцелю.

 

І. СЕРАБРОЎСКАЯ

Здымкі з асабістага архіва



Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио