Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноКультура и историяКультура

У выставачнай зале Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў адбылося адкрыццё выстаўкі “Пяць малаткоў +”

У выставачнай зале Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў адбылося адкрыццё выстаўкі  “Пяць малаткоў +”03 ноября 2016 — 08:55

 

Першага  лістапада  ў выставачнай зале Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў адбылося адкрыццё выстаўкі  “Пяць малаткоў +”, на якой прысутнічалі старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый Мікалаевіч  Валяваты, намеснік старшыні  райвыканкама Марына Осіпаўна Давыдзік, начальнік аддзела  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама  Сяргей Сяргеевіч Дзяйкала.    

Выстаўка кавальскіх работ у  нашым городзе арганізавана ўпершыню. На адкрыццё прыехалі  гродзенскія майстры-кавалі Юрый Круш, Ян Янчурэвіч, Ян Перагінец і Андрэй Цюменеў, работы якіх прадстаўлены на выстаўцы. А   жанчын больш  зацікавілі  ўпрыгожванні з натуральных камянёў і медзі,  вырабленыя мінскім майстрам  Леанідам Бельскім. Больш   паўсотні мастаўчан прыйшлі на  адкрыццё выстаўкі “Пяць малаткоў +”, каб не толькі палюбавацца кавальскімі работамі і ўпрыгожваннямі, але і пазнаёміцца з майстрамі, задаць  ім пытанні.  Выстаўка працягнецца да 22 лістапада.

Дырэктар цэнтра рамёстваў Жанна Лявонцьеўна Новік адкрыла  выстаўку, прадставіла майстроў, цікава  расказала пра  гісторыю кавальскага рамяства.

Выстаўка сапраўды ўражвае. Падсвечнікі, металічныя жывёлы і птушкі – усё гэта не можа не падабацца. Асноўная мэта выстаўкі -- паказаць вялікія магчымасці такога цяжкага ў апрацоўцы матэрыялу як метал, прадэманстраваць высокі прафесіяналізм, майстэрства і адданасць  творчасці майстроў – сапраўдных беларускіх кавалёў.

 Назва   выстаўкі невыпадковая, яна аб’яднала шэсць майстроў. “Пяць малаткоў” – гэта пяць кавалёў з  Гродна, а “плюс” – гэта майстар па вырабу ўпрыгожванняў з медзі з Мінска. Шэсць майстроў, шэсць розных лёсаў, шэсць шляхоў станаўлення, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно – творчасць.

Майстры, якія прадставілі свае работы на  выстаўцы, вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі краіны. Яны паспяхова спалучаюць у сваёй творчасці традыцыі кавальства і тэхналагічныя новаўвядзенні, пашыраюць уяўленне сучаснікаў аб мастацкім каванні і выкарыстанні кованых рэчаў у паўсядзённым жыцці.

Юрый Круш і Алесь Вараб'ёў з'яўляюцца лаўрэатамі прэміі імя Дубко, якой Гродзенскі аблвыканкам узнагароджвае лепшых дзеячаў культуры і мастацтва. Працы Яна Перагiнца, Андрэя Цюменева і Юрыя Кобіна  сёння знаходзяцца ў прыватных зборах у Польшчы, Літве, Латвіі і Расіі.

Самы вопытнейшы і, можна сказаць, настаўнік  гільдзіі кавалёў -- Юрый Круш, хоць ён  не лічыць сябе галоўным і сцвярджае, што ў кавальскім рамястве і творчасці сёння яны  ўсе роўныя.  Сам ён вырашыў заняцца мастацкім каваннем ў  сярэдзіне 80-х, пасля таго, як трапіў у Віленскую рэстаўрацыйную майстэрню. Пасля вяртання на Гродзеншчыну у 1996 годзе  майстар заснаваў сваю майстэрню. У 1999 годзе Юрый Круш атрымаў спецыяльную прэмію Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар года”. У тым жа 1999-м. Юрый Круш атрымаў першае месца на конкурсе народных майстроў на “Славянскім базары” за выкаванае “Сонейка”, а ў наступным годзе здзівіў Віцебск кованай гарматай.

Вырабы гарадзенскага каваля аздабляюць прыватныя і грамадскія будынкі Гродна. У 2009 г. творчая майстэрня Круша выконвала буйны заказ на выраб металічных скульптур гусараў Рэчы Паспалітай ХVII стагоддзя для экспазіцыі ў Мірскім замку. Скульптуры выкавалі  кіраўнік творчай майстэрні Юрый Круш і яго калега Андрэй Вашкелевіч.

На  работы майстры патрацілі шэсць месяцаў  працы і каля 300 кілаграмаў жалеза. Гэта не адзіная “гістарычная” праца майстэрні Круша: па заказу Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея для экспазіцыі былі выкаваны адмысловыя падсвечнікі.

Варта звярнуць ўвагу і на такую станоўчую тэндэнцыю, як фарміраванне дынастый кавалёў. Юрый, сам унук майстра, далучыў да кавальскай прафесіі і свайго сына Яўгена. 

Яшчэ адна творчая асоба: юрыст па прафесіі і каваль па прызванню -- гродзенец Алесь Вараб’ёў. Лаўрэат прэміі аблвыканкама імя Аляксандра Дубко, Майстар года Алесь Вараб’ёў -- чалавек творчы, які ўжо больш за двадцаць гадоў працуе кавалём. Дарэчы, у сваім родзе ён першы каваль. А вось што тычыцца творчасці, Алесь пераняў гэтую рысу ад бацькі, народнага мастака Беларусі Мікалая Вараб’ёва.

Ян Перагінец - гродзенскі каваль і мастак. Нарадзіўся ва Украіне. Скончыў спачатку каледж мастацтваў у Гродне, а пазней Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы. Часам працуе ў графіцы, акварэлі, але коўка, мабыць, самае цікавае ў яго творчасці. Ёй пачаў ён займацца з 2004 года. Дыяпазон вырабаў шырокі – ад чыста дэкаратыўных машынак і матацыклаў да цалкам утылітарных свяцільнікаў, вешалак, розных элементаў мэблі і садовага дэкору. Удзельнічаў ён у афармленні ўнутранага дворыка ўсім вядомай гродзенскай фірмы “АВС”. Арганізаваў дзве персанальныя выстаўкі ў Гродне, пастаянны ўдзельнік абласных і рэспубліканскіх фестываляў, кавальскіх пленераў і майстар-класаў у Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне.

Яшчэ адзін майстар – каваль Андрэй Цюменеў. З яго работамі можна пазнаёміцца не толькі ў Гродне. Бераг бераставіцкага возера ўпрыгожылі  скульптуры: “Дрэва кахання і вернасці”, “Дрэва шчасця” і “Лава яднання і прымірэння”. Яны ствараюць цэльную кампазіцыю, вытрыманую ў адной стылістыцы і выкананую ў адной тэхніцы мастацкага кавальства. Спадзяёмся, што калі-небудзь і ў нашым горадзе з’явяцца творчыя работы кавалёў і мы зможам імі ганарыцца.

Да працы з металам заахвоціў Андрэя яго бацька, які ў савецкі час працаваў зваршчыкам, а Андрэй яму часта дапамагаў.  Пазней яны адкрылі сваю справу па вытворчасці металічных вырабаў. Менавіта ў той час Андрэй не захацеў стаць проста кавалём, а мастаком па металу і пайшоў у кузню да знакамітага майстра Юрыя Круша, працаваў і вучыўся ў яго восем гадоў, пасля чаго і вырашыў самастойна працягваць гэтую дзейнасць  Некаторыя работы Андрэя Цюменева можна ўбачыць у Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы, яго работы выстаўляліся ў нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе былі сабраны работы лепшых майстроў Беларусі. І ўвогуле яго работы можна сустрэць ва ўсім свеце. Некалькі гадоў Андрэй працаваў для аздаблення рэстаранаў, прыватных дамоў у Германіі і Вялікабрытаніі. Ён з’яўляецца Сябрам саюза народных майстроў. Андрэй Цюменеў  пастаянны удзельнік фестываляў народнай творчасці, майстар-класаў і пленераў па кавальству.

 І яшчэ адзін майстар па апрацоўцы металу з Мінска -- Леанід Бельскі. На жаль, ён не змог  прыехаць на адкрыццё выстаўкі. Леанід таксама натура творчая, з маладосці спрабаваў сябе ў розных творчых накірунках. Больш ён займаўся разьбой па дрэву, але любоў да металічных вырабаў усё ж перасіліла.  Апошнія пяць год  ён прысвяціў медным упрыгожванням. На выставе прадстаўлена толькі трэцяя частка яго прыгожых работ. Зараз майстар рыхтуецца да кірмашу  рамеснікаў “Млын”, якая ладзіцца ў Мінску.

 На сённяшні дзень упрыгожванні з медзі вельмі запатрабаваныя сярод жанчын. Медзь лічыцца металам, які падаўжае маладосць і паніжае ціск. Лічыцца, што медныя ўпрыгожванні прыносяць поспех і здароўе, памагаюць справіцца са стомленасцю. Ну і, вядома ж, ўсе памятаюць бабуліну параду: “Набіў шышку – прыкладзі медны пятак”. У сваіх работах Леанід выкарыстоўвае натуральныя камяні. Усе яны таксама валодаюць магічнымі якасцямі, з’яўляюцца талісманамі і абярэгамі.

Упрыгожванні ручной работы ўжо  зацікавілі нашых жанчын, якія прысутнічалі на выстаўцы. Некаторым  нават захацелася набыць упрыгожванні для сябе.

А яшчэ ў народзе кажуць: калі дакранешся да рук каваля, то можна адчуць не толькі іх цеплыню і  моц, але і  набыць якасці таго матэрыялу з якім працуе майстар -- гэта вынослівасць, даўгавечнасць, пластычнасць і моц.  На адкрыцці выстаўкі ў мастаўчан была  магчымасць паціснуць руку кавалям.

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ 



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: