Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

У вайны – не дзіцячы твар

У вайны – не дзіцячы твар24 февраля 2014 — 10:00

Я вучуся ў 6-м класе Азёркаўскай СШ. Клас мой невялікі, усяго 8 чалавек, але дружны і актыўны. Мы заўсёды  прымаем удзел ва ўсіх школьных справах, многіх раённых конкурсах. Разам са сваім класным  кіраўніком  Валянцінай Аляксандраўнай  Мармыш  мы цікава праводзім свой час і ў шосты школьны дзень. Мне хочацца расказаць  аб тым, як прайшоў у нашай школе піянерскі збор, прысвечаны 50-годдзю Дня юнага героя-антыфашыста.

Гэта быў сумесны збор дружыны нашай школы “Дружба” і  дружыны  суседняй Мілявіцкай школы “Спадчынцы”, які  адбыўся на базе мемарыяльнага комплексу “Шымкі”.   Спачатку мы правялі  працоўную акцыю пад назвай “Спяшайся рабіць дабро” – чысцілі ад снегу цэнтральную пляцоўку комплексу. Задача, як здавалася на першы погляд, аказалася не з лёгкіх. Мокры снег прыліпаў да драўляных рыдлёвак, і падняць такі цяжар для пяці- і шасці-класнікаў было даволі цяжка. Аднак, пасля кароткіх перапынкаў, змяняючы адзін другога,  мы  выканалі  распачатую работу.

  Працягам сумеснага збору стала ўрачыстая частка. Рабяты чыталі вершы, расказвалі апавяданні пра юных піянераў-герояў. Напэўна, у гэты момант кожны з нас пераносіўся ў той суровы час. Асаблівую ўрачыстасць мерапрыемству надавала  прысутнасць сцяганоснай групы піянераў Мілявіцкай школы. Ва ўрачыстай абстаноўцы педагогі-арганізатары     С. М. Куршук і  А. А. Русак  падвялі вынікі праведзеных  папярэдніх піянерскіх спраў  і за добрасумленнасць і адказнасць, а таксама за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці дружын узнагародзілі прысутных  піянераў ганаровымі граматамі. Сярод узнагароджаных быў і я. 

  Пасля ўрачыстасці ўсе рабяты разышліся – хто папраўляў карзіны з кветкамі, хто чытаў надпісы на плітах і шукаў сваіх цёзкаў па прозвішчу, хто любаваўся прыгажосцю навакольных мясцін. Наш збор прыцягваў увагу людзей, якія праязджалі па шашы і міжвольна назіралі за намі.

  Затым усе разам мы накіраваліся да партызанскай зямлянкі, сфатаграфаваліся. Завяршылася наша мерапрыемства наведваннем крынічкі, што цячэ непадалёку ад мемарыяльнага комплексу. Кажуць, што калісьці ў гэтых месцах стаяла царква і вада ў гэтай крынічцы мае лячэбную моц, дапамагае ад хвароб.

 Час праляцеў вельмі хутка. І вось мы ў аўтобусе. Нейкі момант мы ехалі дадому моўчкі. Некаторыя рабяты з задаволенай усмешкай і, напэўна, з пачуццём асабістай годнасці  разглядалі атрыманыя граматы. Хтосьці проста глядзеў у акно і назіраў за мільгаючым лесам. Магчыма, у гэты момант у  кагосьці на аснове прачытаных  твораў узнікалі думкі пра падзеі мінулай вайны.

Я. ФЁДАРАЎ, вучань 6-га класа Азёркаўскай СШ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: