Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЭкономикаМалый бизнесБлоги наших журналистовНаталья Шевчик

Ты іх за дзверы, а яны – праз акно

Ты іх за дзверы, а яны – праз акно11 января 2019 — 09:17

Апошнім часам ад надакучлівых бізнесменаў, што прапануюць “самыя лепшыя тавары і паслугі па прывабнай цане”, у літаральным сэнсе не схавацца. Яны прыходзяць на працу, бясконца тэлефануюць дамоў (і дзе толькі нумары бяруць?!), запрашаюць на прэзентацыі, дэманструючы пры гэтым добрае веданне псіхалогіі і “залатых” правіл гандлю, камунікабельнасць і ўменне знайсці агульную мову нават з самымі пераборлівымі і непадступнымі кліентамі.

На словах, усё ў іх самае таннае, якаснае, прыгожае, простае ў выкарыстанні, зручнае ў захоўванні, практычна ў адзіным экзэмпляры, а самае галоўнае – проста жыццёва неабходнае.

Гэта ж датычыць і паслуг, сярод якіх рэйтынг папулярнасці б’юць тэхнічнае абслугоўванне сцеклапакетаў і ўстаноўка фільтраў для вады. “Толькі паглядзіце, што вы п’еце – гэта проста жах!”, - дэманструюць свой чарговы “фокус” кемлівыя рабяты. “Ды вы што, не бачыце: вашы вокны трэба тэрмінова ратаваць!”, - уздзейнічаюць на разгубленых і сумніўных ўладальнікаў пластыкавых сцеклапакетаў прадстаўнікі іншай фірмы.

Менавіта так адны нашы суседзі спакусіліся на не самы якасны фільтр для вады, заплаціўшы за яго немалыя грошы (а прапанова гучала як для пенсіянераў, са значнай скідкай і растэрміноўкай на паўгода), а другія – на  абслугоўванне пластыкавых сцеклапакетаў, якое на самой справе аказалася простай змазкай, ды яшчэ па цане даражэй, чым самі вокны.

Распаўсюджвальнікі самых розных тавараў або карабейнікі, ці, як прадстаўляюцца яны самі, менеджары па продажы, найбольш актывізуюцца напярэдадні святаў. “Ды я не прапаную вам нічога купляць, я толькі рэкламірую і вывучаю попыт”, “Ва ўсіх астатніх крамах па 40, а ў нас, па акцыі, за 20 рублёў”, “Бярыце, гэта апошняя, у суседнім офісе такіх аж пяць штук купілі”, “Эксклюзіў, прапанова абмежавана, такога вы не знойдзеце ні  ў адной краме”, “Забірайце зараз, бо акцыя хутка закончыцца і цана вырасце ўдвая”, - на якія толькі хітрыкі не ідуць хлопцы і дзяўчаты. У асноўным гэта студэнты і навучэнцы, што такім чынам імкнуцца падзарабіць лішнюю капейку да стыпендыі. І прадаць свой “самы лепшы тавар” ім трэба абавязкова, бо ад гэтага, у канчатковым выніку, залежыць іх заробак.

З дастаўкай на працоўнае месца яны прапануюць касметыку і парфумерыю, гаспадарчыя прылады і кухонны інвентар, кнігі і дапаможнікі, сувеніры, спецыі і шмат яшчэ якой “вельмі патрэбнай ў гаспадарцы” драбязы. Прычым, іх дасканалы разлік амаль заўсёды дасягае пастаўленай мэты. Чаму? Можа таму, што заўсёды лягчэй ашукаць таго, хто рады ашуквацца. Так мы з вамі ўстроены і вучымся, на жаль, на сваіх памылках...

Н.СВЯТЛОВА

Фота носіць ілюстрацыйны характар


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио