Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образованиеБлоги наших журналистовНаталья Шевчик

Творчая справаздача ўстаноў адукацыі Мастоўскага раёна

Творчая справаздача ўстаноў адукацыі Мастоўскага раёна02 ноября 2018 — 14:57

“Мы ганарымся радзімаю малою – вялікая Радзіма ад гэтага мацней” - менавіта гэтыя словы з паэтычнага прывітання начальніка ўпраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянціна Ціхановіча сталі лейтматывам творчай справаздачы ўстаноў адукацыі Мастоўскага раёна.

 

Пляцоўкамі для знаёмства з выхаваўчай прасторай Мастоўшчыны сталі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, пятая гарадская школа і Лунненская сярэдняя школа, а ўдзел у абмеркаванні актульных пытанняў прынялі намеснік старшыні райвыканкама Марына Давыдзік, начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Таццяна Асмалоўская, начальнік цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Акімава, начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Валянцін Ціхановіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Дзяйкала, іншыя зацікаўленыя асобы і спецыялісты ўпраўленняў адукацыі Гродзенскай вобласці.

Адна з прырытэтных задач сучаснай установы адукацыі – выхаваць усебакова развітую асобу, актыўнага і ініцыятыўнага чалавека, сапраўднага патрыёта, грамадзяніна сваёй Айчыны. Аб тым, як яна рэалізуецца на Мастоўшчыне, і ішла гаворка падчас творчай справаздачы. Так, Марына Давыдзік ахарактарызавала выхаваўчую прастору Мастоўскага раёна як рэзультат стваральнай і інтэграванай дзейнасці органаў улады, устаноў адукацыі і сацыялькультурнай сферы. Вынікам такой сумеснай мэтанакіраванай работы з’яўляецца лідыручая пазіцыя ўпраўлення адукацыі  ў вобласці на працягу дзясятка гадоў.

Безумоўна, за кароткі прамежак часу прадэманстраваць выхаваўчы і творчы патэнцыял сваёй установы адукацыі – справа складаная, але, як паказала практыка, выканальная. Ужо на прэзентацыйных пляцоўках госці захапіліся пескаграфіяй і робататэхнікай, былі прыемна ўражаны шыкоўнымі строямі гістарычнай моды. Гэта новыя формы развіцця здольнасцей навучэнцаў раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Сёлета ў горадзе і раёне працуе 119 аб’яднанняў па інтарэсах, многія з якіх рабяты маюць магчымасць наведваць вечарам і ў выхадныя дні. Вельмі пераканаўчымі былі і самі юныя мастаўчане, прадставіўшы яркае, дынамічнае і эмацыяльнае выступленне “Мы –дзеці Мастоўшчыны!”.

“Лавандавы настрой” падаравалі ўдзельнікам мерапрыемства педагогі і выхаванцы эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, які адчыніў свае дзверы 11 гадоў таму. Накірункі дзейнасці ў ўстановы самыя разнастайныя, у тым ліку і фларыстыка, якая стала захапленнем і любімай справай для Анастасіі Стэмплеўскай – пераможцы рэспубліканскага конкурсу профмайстэрства WorldSkills Belarus. Свой талент 15-гадовая фларыстка прадэманстравала і гасцям, літаральна за 10 хвілін склаўшы цудоўны букет з восеньскіх хрызантэм.

Дарэчы, Насця – адна з прадстаўнікоў клуба ЮНЕСКА “Амега”, які актыўна займаецца валанцёрскай дзейнасцю. “Амегаўцы” – жаданыя госці ў дзіцячым сацыяльным прытулку, аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, у дамах ветэранаў вайны і працы.

А вось рабяты з СШ №5, што ўдзельнічаюць у праекце “Зялёныя школы” могуць даць карысныя парады наконт таго, як сэканоміць ваду і электраэнергію, як правільна сартыраваць адходы і захаваць біяразнастайнасць роднага краю. Статус “зялёнай” пятая гарадская школа атрымала ў 2013 годзе, і з тых пор выхаванне экалагічнай культуры – у прыярытэце.

Што неабходна вучню, каб праявіць сябе, развівацца, тварыць? Безумоўна, творчы, таленавіты, ініцыятыўны педагог побач. Такі, як Ірына Емілоўская, якая да таго ж ужо чатыры гады ўзначальвае прафкам трэцяй гарадской школы, а сёлета прымала ўдзел у фінале рэспубліканскага этапа конкурсу “Беларускі майстар-2018”.

Пра ўсвядомлены выбар стаць настаўнікам і любоў да гэтай прафесіі расказалі рабяты з профільнай групы педагагічнай накіраванасці СШ №3, пераможцы абласнога злёту педагагічных класаў.

Стаць актыўнымі ўдзельнікамі буккросінгу і пераўтварыць наш горад у бібліятэку прапанавала фіналістка рэспубліканскага этапа конкурсу “Лідар года-2018” Ксенія Панас разам з сяброўкамі. А пачалі рэалізоўваць гэты праект дзяўчаты ў сябе ў гімназіі №1.

Шлях ад ініцыятывы да перадвыбарнай кампаніі насампрэч не такі ўжо і складаны, калі побач аднадумцы з ліку равеснікаў і настаўнікаў. “Праяві сябе і ўпішы сваё імя ў гісторыю малой радзімы” – з такой прапановай звярнуліся да мастоўскіх рабят вучань СШ №5, лідар Маладзёжнага парламента Вадзім Здановіч, яго куратар Алена Бароўская і члены гэтага маладзёжнага органа самакіравання.

 

З цікавасцю наведалі госці і цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, дзе займаюцца старшакласнікі гарадскіх школ.

Творчы тандэм – гэта ў большасці выпадкаў паспяховы вынік. Так, плёнам сумеснай краязнаўчай работы аб’яднанняў па інтарэсах “Музейная справа” і “Мультымедыя ў сучастным свеце” Лунненскай сярэдняй школы стаў відэафільм “Гісторыя кахання Яна і Цыцыліі”, прагляд якога зрабіў больш прыемнай дарогу ад Мастоў да Лунна.

А тут гасцям было прапанавана перанесціся ў мінулае на машыне часу, ролю якой ўдала выконвае школьны музей баявой славы. Быццам сышлі са старонак гістарычных кніг яцвяг, каралева Польская і вялікая княгіня Літоўская Бона Сфорца, Эліза Ажэшка, сялянка, дачка малодшага лейтэнанта Шышкіна, Герой Савецкага Саюза Сямён Сухін, смелая мясцовая піянерка Ніна Хомка, яўрэі і сучасныя школьнікі, якіх цудоўна сыгралі ўдзельнікі тэатралізаванай экскурсіі.

Аб ролі сельскага соцыума ў развіцці выхаваўчай прасторы ў Лунна не толькі гаварылі кіраўнікі Лунненскай, Дубненскай і Гудзевіцкай школ і Гудзевіцкага сельскага Савета, але і спявалі. Алег і Ірына Сідары, іх дочкі Даша і Маша – фіналісты рэспубліканскгага конкурсу “Сям’я года” – падзяліліся думкамі, як зрабіць свой край чысцейшым і ўтульнейшым А трэба для гэтага зусім няшмат – жаданне прыбраць вакол сябе, уласнага дома, вуліцы, на беразе рэчкі ці возера, у сваім раёне і краіне.

 

Пра любоў да сваёй малой радзімы творчымі нумарамі расказалі ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Сузор’е” і дзіцячай эстраднай студыі “Фартуна”.

Творчая справаздача адбылася, і наш раён атрымаў за яе самую высокую адзнаку – “дзесяць з плюсам”. Госці выказалі вялікую ўдзячнасць за магчымасць даведацца пра “сакрэтны” выхаваўчы код Мастоўшчыны і пажадалі ўсім новых творчых перамог, натхнення і задавальнення ад работы.

 

Н.ШЭЎЧЫК

 

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио