Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

«Трэба адпавядаць і быць наперадзе”

«Трэба адпавядаць і быць наперадзе”05 октября 2015 — 10:00

 Як толькі ўвайшла ў клас, заўважыла, з якой цікавасцю слухалі вучні 11 класа гэтую настаўніцу. Тамара Іванаўна Навагродская  – настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУ «Сярэдняя школа №2 г. Масты» з радасцю распавяла пра сваё жыццё і любоў да роднай мовы.

– Тамара Іванаўна, раскажыце, дзе Вы нарадзіліся? Дзе вучыліся?– Нарадзілася я ў вёсцы Малятычы Шчучынскага раёна. Вучылася ў Навагрудскай школе. А пасля заканчэння паехала атрымліваць веды ў  УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы”. У ДУА“Сярэдняя школа № 2” працую з 1988 года.

– Ці задаволены Вы сваёй кар’ерай?– Так, канешне. Ужо тое, што я працую тут бязменна столькі гадоў, гаворыць пра многае. Школа з самага пачатку мне падабалася, і ні ў адзін момант не хацела змяніць месца працы.

– Калі вучыліся ў школе, які прадмет Вам больш за ўсіх падабаўся?– Толькі беларуская мова і літаратура. А зацікавіла мяне роднай мовай На­дзея Паўлаўна Нятецкая.

– Хто з беларускіх пісьменнікаў ці паэтаў Вам больш па душы?– У першую чаргу  Я.Купала. Заўсёды здзіўляла, як можна так прыгожа і так проста гаварыць пра будзённыя і пра высокія рэчы. Вельмі падабаецца верш М.Танка “Родная мова”. Блізкая па духу лірыка П.Панчанкі. Настройваюць на роздум вершы А.Разанава.

– Раскажыце, што апошняга цікавага Вы зрабілі разам з вучнямі?– На працягу некалькіх гадоў вядзецца даследаванне паходжання назваў вёсак Мастоўшчыны. Гэта паўплывала на стварэнне “Этымалагічны слоўнік назваў населеных пунктаў Мастоўскага раёна”. І на аснове яго Дар’яй Грышанковай і Вольгай Здановіч было праведзена даследаванне. З гэтай працай пад назвай “У глыбінях зямлі нашых душ карані” дзяўчаты занялі ІІ месца на абласным конкурсе “Крыштальная Альфа”. Потым з гэтай жа працай выступалі на рэспубліканскім конкурсе. Вельмі ганаруся дзяўчатамі!

– Як адносяцца у Вашай сям’і да беларускай мовы?– Да беларускай мовы ў маёй сям’і адносяцца станоўча. Але ўсё ж такі з блізкімі я размаўляю па­руску. А калі заходжу ў клас да вучняў, я атрымліваю вялікую асалоду ад таго, што магу размаўляць з імі на сваёй роднай мове.

– Скажыце некалькі слоў пра вашу школу? У якіх адносінах Вы з калектывам?– Добры настаўніцкі калектыў. Бачу, што гэта сапраўдныя настаўнікі – прафесіяналы сваёй справы. Заўсёды добразычлівыя, з падтрымкай у цяжкія жыццёвыя моманты. У апошні час падабаецца школьная атмасфера. Вельмі многа дзіцячай ініцыятывы. І гэта вельмі цікава. Немалаважную ролю адыгрывае і адміністрацыя школы. Дырэктар ­ чалавек наватарскі. Заўсёды шукае нешта новае. Змяняецца воблік школы – становіцца больш сучасным. Прыемна прайсці па калідоры, зайсці ў класы. Нягледзячы на тое, што школе ўжо 56 гадоў, яна значна памаладзела, а не пастарэла.

– Ці падтрымліваеце Вы адносіны з вучнямі мінулых выпускаў?– Так, падтрымліваю, асабліва з вучнямі першага выпуску (2000 г.). Сустракалася з імі ў гэтым годзе. Так, адна дзяўчынка прачытала верш М.Танка на памяць, так як калісьці на ўроку... Было вельмі прыемна, што пасля столькіх год памятаецца такі цудоўны верш...

– У кожнага чалавека ёсць два ўзросты: адзін – колькі яму гадоў ад нараджэння, а другі – наколькі ён адчувае сябе ў душы. Тамара Іванаўна, наколькі Вы сябе адчуваеце?– Адназначна маладой. Пагля­джу іншы раз на сябе: быццам не я. Праца ў школе заўсёды накладвае свой адбітак, таму што дзеці аддаюць столькі энэргіі, што няма часу думаць аб нечым негатыўным. Таму трэба адпавядаць і быць наперадзе.

Кожны з нас з асаблівай цеплынёй, любоўю і падзякай успамінае сваіх настаўнікаў , у думках не раз вяртаецца ў свае школьныя гады. Асаблівасць настаўніцкай прафесіі ў тым, што да яе датыкаецца кожны. З ім, з добрым настаўнікам і сябрам праходзім мы шлях ад дзяцінства да сталасці. Таму ад шчырага сэрца жадаем Тамары Іванаўне заўсёды быць добрым прыкладам і сябрам для сваіх вучняў.

В.СТАСЮКЕВІЧ



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: