Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМостовский крайНаш край

Сядзіба старасты вёскі Баяры: усё зроблена сваімі рукамі!

Сядзіба старасты вёскі Баяры: усё зроблена сваімі рукамі!30 июня 2011 — 10:00

Анатолій Іосіфавіч і Зінаіда Васільеўна Шэўчыкі – людзі ў Баярах вядомыя і паважаныя. Зінаіда Васільеўна, напрыклад, ужо больш як дзесяць гадоў з’яўляецца старастай вёскі. Анатолій Іосіфавіч сорак гадоў у мясцовай гаспадарцы адрабіў механізатарам, у тым ліку дваццаць пяць гадоў – камбайнерам. А камбайн абы-каму не давераць.

Зараз абодва ўжо на пенсіі, але па-ранейшаму без работы не могуць. Зінаіда Васільеўна грамадскімі справамі займаецца, а Анатолію Іосіфавічу аднавяскоўцы ўдзячны за лазню, за добрую пару, бо менавіта ён ладзіць усім жыхарам Баяр лазневыя дні.

Зінаіда Васільеўна прыехала ў Баяры ў далёкія сямідзесятыя гады пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума  і пачала працаваць у мясцовай бібліятэцы. Гэта сёння ў Баярах жывуць толькі 27 чалавек, а некалі ў вёсцы жыццё віравала: моладзь шукала выхад сваёй энергіі, ладзіла танцы ў мясцовым клубе. На адной з  такіх гулянак новы бібліятэкар пазнаёмілася з маладым мясцовым механізатарам Анатоліем Шэўчыкам. Праз некаторы час яны стварылі сям’ю, пабудавалі дом, у іх нарадзіліся дзеці – дачка Таня і сын Дзіма. Бацька шмат часу праводзіў на рабоце – механізатар ўсё-такі, гэтым людзям на вёсцы заўсёды работы хапае. Так што дзецьмі больш займалася Зінаіда Васільеўна. Яна і прывіла ім любоў да прыгожага, да роднай зямлі. Таццяна закончыла Навагрудскі сельгастэхнікум, а Дзіма – Гро-дзенскі аграрны ўніверсітэт.Сёння ў абодвух свае сем’і. Яны падаравалі Анатолію Іосіфавічу і Зінаідзе Васільеўне пяцярых унукаў.      І па-ранейшаму любяць бацькоўскі дом, ахвотна прыязджаюць у Баяры на выхадныя.

Дом Шэўчыкаў у вёсцы нічым не адрозніваецца ад большасці іншых: абнесены плотам, утульны. Менавіта гэтая ўтульнасць і вабіць дзяцей і ўнукаў сюды. Усё тут зроблена добрымі рукамі Анатолія Іосіфавіча і Зінаіды Васільеўны. Мноства кветак, што цвітуць у двары з вясны да восені, высаджаны рукамі гаспадыні. Яна займаецца і насеннем, і пасадкай іх, і до-глядам. Некаторыя кветкі нават па пошце выпісала, напрыклад, бегонію.

А вось калодзеж, бяседка, павець, розныя аплеценыя лазою вя-лікія і малыя клумбы рабіў гаспадар, укладваючы ў зробленае часцінку душы. Усё тут зроблена з разлікам, каб спадабалася гасцям, ну, і сабе, безумоўна.

У цяньку на самаробнай лаўцы ў вольную часіну любяць пасядзець  гаспадар з гаспадыняй, пагутарыць, пачытаць газету. Дарэчы, Шэўчыкі -- даўнія сябры менавіта раённай газеты. З яе пачынаюць знаёмства з навінамі Мастоўшчыны.

Нярэдкі госць на падворку Шэўчыкаў і старшыня Мікелеўшчынскага сельвыканкама Л. Г. Рагацэвіч. Людміла Генрыкаўна, калі бывае ў Баярах, абавязкова наведвае Шэўчыкаў, каб даведацца аб апошніх патрэбах мясцовых жыхароў, проста пагутарыць з мудрымі  і добрымі гаспадарамі і людзьмі, тым больш што Зінаіда Васільеўна не проста мясцовая жыхарка, а стараста вёскі Баяры.

У дадатак, Л. Г. Рагацэвіч сама любіць кветкі, ёй цікава, што тут новага, што ўжо адцвіло, што зацвіло. “Пасядзіш сярод кветак, паглядзіш на іх, і на  душы становіцца цяплей і ўтульней”, —  гаворыць Людміла Генрыкаўна.

А Зінаіда Васільеўна і Анатолій Іосіфавіч плануюць, што яшчэ можна зрабіць каля  дома, каб радавала вока родных, каб  цягнула іх у бацькоўскую хату.

М. ПАВЯДАЙКА

На здымках: усё, што маецца на двары дома Шэўчыкаў, зроблена рукамі гаспадара і гаспадыні;



Назад

Написать комментарий


Ваше имя: Email: Ваш комментарий: